У Італіі выставяць у сярэднявечным замку працы Марка Шагала
- 6.04.2024, 19:00
- 2,196
Ядро твораў паходзіць з прыватных калекцый і таму цяжкадаступнае для сузірання шырокай публікай.
У старажытным італьянскім мястэчку Канверсана ў Апуліі адкрыецца выстава твораў Марка Шагала. Яна пройдзе ў музейным цэнтры пры мясцовым сярэднявечным замку нарманскага паходжання. Увагу на гэта звярнула выданне Belmir.by.
Экспазіцыя, якой далі назву «Мара пра каханне», будзе дзейнічаць з 20 красавіка да 27 кастрычніка. У ёй выставяць больш за 100 працаў мастака – карцінаў, малюнкаў, акварэляў і гравюраў.
Як сказана ў апісанні, ядро твораў, сертыфікаваных і ўхваленых фондам Шагала, паходзіць з прыватных калекцый і таму цяжкадаступнае для сузірання шырокай публікай.
Адзначаецца, што выстаўленыя працы разам з мноствам мультымедыйных матэрыялаў, якія суправаджаюць іх, дазволяць прасачыць творчы шлях майстра з 1925 года да ягонай смерці.
Выстава, якую курыруе мастацтвазнаўца Далорэс Дуран Укар, арганізаваная кампаніяй Arthemisia супольна з муніцыпалітэтам Канверсана ў замку графаў Акваіва д’Арагона.
Замак уяўляе з сябе каменную цытадэль, што складаецца з будынкаў розных эпох і архітэктурных густаў. Першапачаткова ён быў крэпасцю, але потым пераўтвараўся ў шляхецкую рэзідэнцыю.
Узведзены на месцы старажытных умацаванняў, верагодна, у 6 стагоддзі, замак быў перабудаваны ў 11 стагоддзі, а пасля мадыфікаваўся, асабліва ў 15 і 17 стагоддзях, будучы ў валоданні сям'і Акваіва.