Літва ўзмоцніць мяжу з Беларуссю
3- 21.04.2024, 17:47
- 6,786
Цяжкімі кулямётамі і супрацьтанкавымі вожыкамі.
Літва плануе ўзмацніць межы з Беларуссю і Расеяй. Пра гэта міністр абароны Лаўрынас Кашчунас дамовіўся з кіраўніком МУС Агне Білатайце.
Міністры заклікалі ў найкарацейшыя тэрміны перадаць памежнікам цяжкае ўзбраенне і выбудаваць сістэму ўмацаванняў. Мяркуецца, што памежнікі і структуры МУС атрымаюць цяжкія кулямёты.
Кашчунас уважае, што неабходна правесці ўмацаванне мяжы да канца лета.
«Неабходна больш энэргіі для таго, каб захады контрмабільнасці з'явіліся ў канцы лета – пачатку восені. <…> Мы думаем пра жалезабетонныя вожыкі, «зубы дракона», «гішпанскія коні». <…> На гэта запланаваныя грошы, проста трэба паскорыць працэдуры», – цытуе міністра Delfi.
Акрамя таго, літоўскія ўлады плануюць стварыць у краіне сетку агульнадаступных стрэльбішчаў. Міністры абароны і ўнутраных спраў таксама абмеркавалі ўмацаванні супрацоўніцтва паміж ведамствамі ў пытанні аховы дзяржаўнай мяжы.