4 траўня 2024, Субота, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адроджаны Hummer дабраўся да Беларусі

13
Адроджаны Hummer дабраўся да Беларусі

Названы кошт.

Сайт av.by звярнуў увагу на электрычны GMC Hummer EV, які на момант выхаду нарабіў вельмі шмат шуму і які нарэшце дабраўся і да Беларусі.

Класічны «вайсковец» Hummer H1 – старэйшы брат усяго сямейства – быў зняты з вытворчасці ў 2006 годзе. Сярэдні брат Н2 выпускаўся да 2009-га, а малодшы, Н3, пратрымаўся на год даўжэй, і тады здавалася, што эпоха гэтых грозных шматлітровых монстраў сышла назаўжды. І вось у 2020-м, праз 10 гадоў перапынку, Hummer вярнуўся, але ўжо не як самастойная марка ў структуры канцэрна General Motors, а толькі як мадэль пад брэндам GMC.

З новым Хамерам GM увайшла ў перспектыўны сегмент электрычных пікапаў. У навінцы беспамылкова пазнаецца менавіта Hummer: расстаўленыя па кутах кузава колы, прастакутныя колавыя аркі, выстаўленыя напаказ масіўныя буксавальныя вушы, амаль вертыкальнае лабавое шкло. EV сапраўды велізарны: даўжыня – 5507 мм, шырыня – 2201 мм, колавая база – 3445 мм. Тым самым ён пераўзыходзіць пазадарожнік M-Hero 917, які прадаецца ў Беларусі і пра які мы ўжо падрабязна апавядалі.

Hummer важыць больш за 4 тоны (з іх адна толькі батарэя важыць 1325 кг) і з'яўляецца самым цяжкім электрапікапам у свеце. Прымальны запас ходу (блізу 560 км) забяспечваецца толькі за кошт вялізнага «бака» – 800-вольтавай літыевай батарэі Ultium ёмістасцю 212,7 кВт•г, якую GM распрацаваў супольна з LG Chem. Яе асаблівасць – нізкае ўтрыманне дарагога кобальту.

GMC Hummer распрацаваны на ўніверсальнай модульнай платформе, у яго незалежная падвеска ўсіх колаў. Дарожны прасвет вар'іруецца ў дыяпазоне ад 257 да 404 мм. Ход падвескі падвойныя папярочныя вагары па коле 330 мм. У верхнім становішчы кузава (гэта значыць пры клірансе 404 мм) кут уезду складае 49,7 градуса, кут з'езду – 38,4; кут рампы – 32,2 градуса, глыбіня пераадольнага броду – 808 мм. Ёсць функцыя рэгулявання ціску шынаў з салона і васямнаццаць камераў кругавога агляду, дзве з якіх размешчаныя проста пад дном (маюць абарону ад пашкоджанняў і абмывальнікі).

Сярод тэхнічных «фішак» – «хада краба». Пярэднія і заднія колы здольныя сінхронна паварочвацца на кут да 10 градусаў, і машына едзе па дыяганалі. Нельга не адзначыць складны задні борт (ён ператвараецца ў лесвічку) і здымныя секцыі даху (іх можна скласці ў пярэдні багажнік). Ёсць цікавы ездавы рэжым Watts to Freedom («Свабоду кілаватам»): пікап прысядае на 2 см, з дынамікаў раздаецца адмысловы гук, сядзенні адмыслова злёгку вібруюць, мультымедыйка выдае нейкую гоначную анімацыю, і Hummer выстрэльвае наперад, набіраючы 100 км/г прыкладна за 3 секунды.

Першай у продаж выйшла самая магутная і дарагая версія машыны пад назвай Edition One: тры электраматоры (адзін на пярэдняй восі, два на задняй) сукупна выдаюць 1014 к. с., крутоўны момант на колах – 15592 Нм (і гэта не памылка друку), запас ходу на адной зарадцы – 563 км, кошт – 112595 даляраў. Усяго за дзесяць хвілінаў пасля прэзентацыі ўвесь тыраж Edition One быў распрададзены. Як толькі пачаліся пастаўкі, набыць новенькі Hummer з рук можна было за 200 тысячаў даляраў, на чым многія, дарэчы, нядрэнна зарабілі.

У Беларусі якраз прадаюцца Hummer EV у версіі Edition One. За электрапікап у экстрэмальнай 1000-моцнай версіі просяць 812450 руб. ($250000). А аналагічную трохматорную мадыфікацыю з абмежаванай да 830 к. с. магутнасцю (на старце продажаў каштавала ад $99995) прапануюць за 688960 руб. (212000 у. е.).

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках