18 снежня 2024, Серада, 20:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папяровы бусел махае з аўтазака

6
Папяровы бусел махае з аўтазака

І ўсё ж мы чуем адно аднаго.

Розныя ў нас з вамі бывалі Дні Волі. І розныя яшчэ будуць. Галоўнае - яны будуць заўсёды.

Першы Дзень Волі прайшоў яшчэ ў савецкай Беларусі 25 сакавіка 1989 года і з таго часу назаўжды звязаны з імем мастака Алеся Пушкіна. Тады ён быў яшчэ студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута, а пра такую дату, як дзень утварэння БНР, большасць беларусаў не ведала ўвогуле. А Пушкін ведаў. І 25 сакавіка ён вынес на ганак інстытута папяровага бусла пайшоў па праспекце з сябрамі-мастакамі. Яны неслі балонікі - роўна 71. Гэта была 71-я гадавіна стварэння БНР. Удзельнікі акцыі тады дайшлі да першага міліцэйскага кардона. 35 чалавек былі затрыманыя, а Алесь атрымаў свой першы тэрмін. Тады яшчэ ўмоўны.

Многія беларусы, якія нарадзіліся ў васьмідзясятыя і раней, напэўна памятаюць 25 сакавіка 2000 года. Менск такім мілітарызаваным не выглядаў, мабыць, нават у часы гітлераўскай акупацыі. З раніцы ў цэнтр горада заехалі БТРы, вадамёты, аўтазакі, вялізная колькасць міліцэйскіх машын. Менск акупавалі ўнутраныя войскі, якія, не чакаючы збору гараджан на пляцы Якуба Коласа, пачалі хапаць усіх, прычым дзе патрапіць. Напрыклад, урываліся ў кавярні, дзе людзі пілі каву, і выводзілі на двор, потым везлі ў невядомым кірунку. Хапалі журналістаў і дыпламатаў. Памятаю, супрацоўнік місіі АБСЕ Крыстафер Паніка, які заўсёды прысутнічаў на ўсіх акцыях пратэсту, таксама праехаўся ў міліцэйскім аўто.

Людзей бралі сотнямі. Спачатку звазілі ва ўсе менскія РУУС, а потым, калі тамака не было дзе яблыку ўпасці, і месца ўжо не заставалася нават для міліцыянтаў, пачалі вазіць проста ў частку 5448 унутраных войскаў. Зганялі ўсіх у вялізную спартзалу, кудысьці тэлефанавалі, не ведаючы, што рабіць далей, мітусіліся і бегалі з залы ў кабінеты і назад. А арыштанты весяліліся, ладзілі лятучы мітынг проста ў логаве ўнутраных войскаў і скандавалі "Жыве Беларусь!". Па ўсіх сусветных тэлеканалах тым часам разляталіся кадры Менска ў БТРах і вадамётах. Відовішча было сапраўды жахлівае. Пад вечар затрыманых пачалі вызваляць: што з імі рабіць, ніхто так і не змог прыдумаць. А тыя, хто быў тады затрыманы, дагэтуль згадваюць, як праводзілі спантанны мітынг проста ў частцы 5448.

Дзень Волі 2017 года - гэта тыя ж вадамёты, што і 17 гадоў таму, больш сучасныя і жахлівыя аўтазакі, вайсковая тэхніка і цалкам перацяты цэнтр горада. Пустыя вуліцы, на якія раз-пораз прасочваліся нейкім неспасцігальным чынам групы менчукоў. Іх, зразумела, хапалі, збівалі, "пакавалі" ў аўтазакі, але людзі не сыходзілі. Замест таго каб ратавацца ад сілавікоў, яны зноў з'яўляліся на падыходзе да Акадэміі навук, ведаючы, што зараз іх схопяць. І, магчыма, будуць біць. А мо і пасадзяць надоўга. Але горад віраваў цэлы дзень. І сцягі з'яўляліся ў розных раёнах, і "Жыве Беларусь!" даносілася з вокнаў.

А яшчэ быў Дзень Волі-2006 пасля разгрому намётавага мястэчка на плошчы, калі дзясяткі тысяч беларусаў ішлі на Акрэсціна з патрабаваннем вызваліць арыштаваных у папярэднія дні супраціву і сустрэлі глухі кардон спецназа. Тады было ўсё: і газ, і святлошумавыя гранаты, і паніка, і зверскія збіванні, і масавыя затрыманні, і арышт Аляксандра Казуліна. І шмат іншых Дзён Волі - з натхненнем і страхам, затрыманнямі і збіццём, радасцю ад сустрэчы з аднадумцамі і ўдушшам ад ужытых спецсродкаў. Але абавязкова - са сцягамі і агульным “Жыве Беларусь!”. І дакладным веданнем, што ў наступным годзе мы зноў збяромся. Можа, будуць тысячы. Можа, дзясяткі тысяч. А можа, і сотні тысяч.

Цяпер Дзень Волі стаў падпольным. Адсвяткаваць яго ў Беларусі - гэта завесіць шторы, каб знадворку ніхто нічога не ўбачыў, дастаць добра схаваны сцяг (лепш маленькі, яго будзе лягчэй схаваць потым) і сказаць ціхенька “Жыве Беларусь!”. Можа, таму і за мяжой гэтае свята стала вельмі сумным. Няма пераклічкі, не даносіцца ў адказ звонкае шматгалосае “Жыве вечна!”, колькі ні крычы, як ні надрывай глотку. Тыя, хто мог пракрычаць у адказ так, каб пачулі і ў Вільні, і ў Чыкага, і ў Сіднэі, стаіліся ў прыцемках і шэпчуць: “Жыве…”.

І ўсё ж мы чуем адно аднаго.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках