18 снежня 2024, Серада, 18:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хасанбой Бурханаў: Лукашэнка паляцеў ва Узбекістан на заданне Пуціна

21
Хасанбой Бурханаў: Лукашэнка паляцеў ва Узбекістан на заданне Пуціна
ХАСАНБОЙ БУРХАНАЎ

Дыктатары ствараюць новы вайсковы саюз?

Лукашэнка паляцеў ва Узбекістан. У Ташкенце дыктатар правядзе перамовы з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. Яны пройдуць у фармаце «сам-насам» і ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый.

Апазіцыйны палітык, кіраўнік руху «Erkin O'zbekiston» (Свабодны Узбекістан) Хасанбой Бурханаў мяркуе, што гэты візіт будзе выкарыстаны для стварэння новага вайскова-палітычнага блока. Аб гэтым ён распавёў у інтэрв'ю сайту Charter97.org:

- Гэты візіт быў запланаваны ўжо даўно. У пачатку верасня мінулага года ў Беларусі была старшыня Сената Узбекістана Танзіла Нарбаева з вялікай групай чыноўнікаў. Пры асабістай сустрэчы з Лукашэнкам яна перадала прывітанні ад Шаўката Мірзіёева і запрашэнне наведаць Узбекістан. Гэтая сустрэча была запланаваная раней, гэта па-першае.

Па-другое, што звязвае Беларусь і Узбекістан? Перш за ўсё - гэта асноўны хаўруснік, Расейская Федэрацыя. Калі рэжым Лукашэнкі з'яўляецца, скажам так, найбліжэйшым партнёрам пуцінскай Расеі, то Узбекістан знаходзіцца на другім месцы пасля Беларусі, гэта ўсе павінны разумець. Цяпер ідзе мэтанакіраванае аднаўленне іх утапічнага праекта, СССР-2, яны да гэтага ідуць, гэта асноўная мэта.

Узбекскія чыноўнікі цягам апошніх 2-3 гадоў вельмі актыўна супрацоўнічаюць з беларускімі. Яны паэтапна ўкараняюць ва Узбекістане тыя рэпрэсіўныя і карныя метады, якія ёсць у вас. Асноўная мэта - гэта адраджэнне СССР-2, таму яны фармуюць адзіны вайскова-палітычны блок, які ў будучыні будзе выкарыстоўвацца ў вялікай вайне супраць заходняга свету. Гэта ўсё рэальна, яны ад гэтага не адмаўляюцца.

- Ці можа на сустрэчы абмяркоўвацца абыход санкцый?

- Цэнтральная Азія сістэматычна і па ўсіх параметрах дапамагае Расеі ў абыходзе санкцый - і Узбекістан, і Кыргызстан, і Казахстан. У гэтым плане яны надзейныя партнёры, надзейны тыл пуцінскага рэжыму. Нават без нейкіх дамоўленасцей, асабіста, тэт-а-тэт, на ўзроўні тэлефонных званкоў, гэта ўсё развязваецца.

Але тут другі момант ёсць. Лукашэнка паспрабуе ўзмацніць ціск на Узбекістан, прыцягваючы гастарбайтараў, працоўную сілу з Узбекістана ў Беларусь, гэта па-першае. А па-другое, будзе павялічвацца тавараабарачэнне. У часы Іслама Карымава ў іх былі дрэнныя стасункі, нягледзячы на тое, што яны, і Лукашэнка, і Карымаў, скажам так, прадукт савецкай эпохі.

Не сказаць, каб цяпер (у Лукашэнкі і Мірзіёева) былі сяброўскія дачыненні, але апошнія 2-3 гады павялічваецца тавараабарачэнне, у вайскова-прамысловым комплексе будзе павялічвацца супрацоўніцтва. Лукашэнка будзе ўсяляк ціснуць на Мірзіёева, каб ён ужо дакументальна аформіў і ўвайшоў у пуцінска-лукашэнкаўскі вайскова-палітычны саюз.

Трэба разумець, што гэты саюз у будучыні ў адной кааліцыі будзе ваяваць супраць цывілізаванага свету, супраць заходняга свету. Гэта павінны разумець і беларусы, і ўкраінцы, і краіны Балтыі, і Польшча, ды і астатні заходні свет.

- Гэта значыць, ідзе падрыхтоўка да нейкай вялікай вайны?

- Вядома, гэта рэальна, яны ж самі гэтага не ўтойваюць. Таму цэнтральнаазіяцкі патэнцыял, эканамічны і чалавечы рэсурс, ён будзе ў гэтай вайне выкарыстоўвацца. Падчас гэтага візіту, які пачаўся сёння, Мірзіёеў з Лукашэнкам будуць развязваць гэтыя нюансы, якім чынам гэта рабіць, што і як. Яны будуць заканчваць юрыдычныя моманты афармлення гэтага саюза, каб Узбекістан стаў паўнапраўным членам і АДКБ, і ЕАЭС, і іншых блокаў. Але галоўная мэта - гэта стварэнне менавіта гэтага новага вайскова-палітычнага блока, які будзе ўдзельнічаць у вялікай вайне Пуціна.

- Што мог бы зрабіць заходні свет, каб папярэдзіць гэтую агрэсію?

- У першую чаргу трэба ўлічваць каласальную інфармацыйную вайну, якую вядзе пуцінскі рэжым у цэнтральнаазіяцкім рэгіёне, контрпрапаганды там абсалютна няма. Гэта значыць, і па лініі спорту, і па лініі адукацыі, і па лініі культуры, і ў вайскова-палітычным кірунку Расея прасоўвае сваю прапаганду ў Цэнтральнай Азіі. І няма ніводнай сілы, якая магла б хаця б стрымліваць гэта.

Сёння гэта вельмі актуальная праблема, і заходні свет павінен зразумець, што трэба выдзяляць сродкі, даваць рэальныя гранты, каб спыняць не толькі расейскую, але і беларускую прапаганду ў Цэнтральнай Азіі. Самая вялікая трагедыя ў тым, што нават тыя заходнія сродкі, якія нібыта выдзяляюцца для няўрадавых арганізацый, на жаль, яны трапляюць у рукі ГОНГО (дзяржавай арганізаваныя недзяржаўныя арганізацыі – рэд.) ці прарасейскіх няўрадавых арганізацый, якіх вельмі шмат у рэгіёне. Фільтрацыі там абсалютна няма, таму неабходна, каб заходні свет пачаў рэальнае стрымліванне прарасейскай прапаганды ў Цэнтральнай Азіі, гэта праблема нумар адзін.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках