Беларусаў чакаюць 50 дзён адлігі
7- 9.12.2024, 16:02
- 23,932
Надвор'е гэтай зімой будзе няўстойлівае.
Сіноптык Дзмітры Рабаў у эфіры АНТ зрабіў папярэдні прагноз на наступныя тры зімовыя месяцы - снежань 2024, студзень і люты 2025.
Дзмітрый Рабаў адзначыў, што паводле прагнозаў метэаролагаў, зіма будзе мяккай і цёплай, адлігі будуць пераважаць над маразамі, а чаканыя сярэднямесячныя тэмпературы паветра перавысяць норму на 1-3 градусы.
Падчас адлігі, а яны доўжацца звычайна 4-6 дзён, можна чакаць хмарнае надвор'е з ападкамі, ветрам і туманам. Колькасць дзён з адлігай вагаецца ад 25 на паўночным усходзе да 50 на паўднёвым захадзе Беларусі.
Ды і зіма доўжыцца ў Беларусі па-рознаму. Звычайна гэта 105 дзён на паўднёвым захадзе і 145 дзён на паўночным усходзе краіны.
"Аднак зіма будзе характарызавацца няўстойлівым надвор'ем, што прывядзе да чаргавання цёплых і вільготных паветраных мас з поўдня з халоднымі і сухімі паветранымі масамі з поўначы і паўночнага ўсходу, выкліканымі арктычнымі паветранымі патокамі", - адзначыў Дзмітрый Рабаў.
А вось ападкаў, снегу, аблівахі, нябесная канцылярыя, як чакаюць сіноптыкі, насыпле ў гэтую зіму больш за норму, якая складае 115 мм.
“Не абыдзецца, вядома, і без неспрыяльных і небяспечных з'яў надвор'я - снегападаў, моцнага ветру, завеяў, туманаў і галалёдных з'яў. Калі ацэньваць зіму агулам, то яна будзе адносна мяккай, снежнай, але няўстойлівай і капрызнай”, - адзначыў сіноптык.