У Гародні могуць з'явіцца развадны мост і рэстаран у выглядзе карабля
7- 5.12.2024, 21:28
- 4,152
На набярэжнай Нёмана.
У Гародні можа з'явіцца развадны мост, сетка кавярняў і воднае таксі. У горадзе абмеркавалі будучыню набярэжнай Нёмана і нават месца для ёгі, паведамляе тэлеграм-канал кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.
Караніку прапанавалі некалькі варыянтаў праектаў добраўпарадкавання набярэжнай. Напрыклад, зону ад былога піўзавода да пагорку, на якім стаіць Стары Замак, зробяць у сучасным стылі: двухузроўневыя пешаходныя дарожкі, сетка ўстановаў грамадскага харчавання. Таксама тут хочуць пабудаваць развадны пешаходны мост да скверу па вуліцы Леванабярэжнай.
Побач з гэтым скверам, магчыма, з'явяцца ёмістыя паркоўкі. У выканкаме мяркуюць, што гэта зручны варыянт – можна прыпаркаваць там машыну і перайсці праз Нёман проста ў сэрца гістарычнага цэнтра Гародні.
«Востраў ля Паповіцкага моста таксама прывядуць у парадак. Ёсць некалькі варыянтаў яго выкарыстання. Напрыклад, абсталяваць там прычал для воднага таксі, а таксама скейтпарк і пляцоўкі для экстрэмальных відаў спорту. Яшчэ на востраве абсталююць сучасны вадзяны млын. Частку плошчы адвядуць пад месцы для занятку ёгай», – паведамляецца ў тэлеграм-канале.
Побач з Каложскай царквой можа з'явіцца назіральная пляцоўка, а яшчэ месцы для адпачынку з прыгожымі відамі, лаўкі рамеснікаў. Уздоўж берагу Нёмана ля ўзножжа пагорку, на якім стаіць царква, таксама пракладуць двухузроўневыя пешаходныя і роварныя дарожкі.