Калі беларусам чакаць «снежнага ўварвання»?
1- 5.12.2024, 21:00
- 26,968
У Еўропе папярэдзілі аб набліжэнні «суровага зімовага шторму».
Сіноптыкі папярэдзілі еўрапейцаў аб набліжэнні «суровага зімовага шторму» ў будучыя выходныя. Паўднёвым краінам ён прынясе моцныя дажджы, а цэнтральнай і паўночнай Еўропе - моцныя снегапады. Паглядзелі, ці дойдзе да Беларусі гэтая снежная бура і якое надвор'е на выхадныя спрагназаваў Белгідрамет.
Паводле звестак профільнага еўрапейскага партала аб надвор'і Severe Weather, пачынаючы з гэтай пятніцы на большай частцы еўрапейскага кантынента разыграецца сапраўдная снежная бура, якая не сціхне аж да пачатку наступнага тыдня. Спецыялісты заклікалі рыхтавацца да «зімовых умоў», у тым ліку, да затораў на дарогах праз моцныя снегапады, бо вялікі блакуючы антыцыклон, які развіваецца над Атлантыкай цяпер, паверне вятры на поўнач і «будзе штурхаць халаднейшыя паветраныя масы ў заходнюю і цэнтральную Еўропу».
Паводле прагнозу аўтараў Telegram-канал @nadvorie, гэтае «халоднае ўварванне» будзе паступова прасоўвацца на поўдзень. Аднак, мяркуючы з метэамапаў, апублікаваных еўрапейскімі спецыялістамі, ні суровыя маразы, ні моцныя снегапады ў найбліжэйшыя тры дні да нашай краіны не дабяруцца.
Тое, што масіўнага «снежнага ўварвання» ў гэтыя выходныя ў нас не будзе, пацвярджае і аператыўны прагноз Белгідрамета. Зыходзячы з іх звестак, пахаладанне, якое пачалося на гэтым тыдні, у найбліжэйшыя тры дні не ўзмоцніцца і нават наадварот: калі на пятніцу, 6 снежня, сіноптыкі спрагназавалі мінімальную начную тэмпературу 0..-6°С (удзень ад -4 да +2°С), то ў выходныя яна будзе крыху вышэйшай:
у суботу, 7 снежня, -5..+1°С (удзень -2..+4°С),
нядзеля, 8 снежня, -3..+3°С (удзень -1..+5°С).
На пятніцу Белгідрамет таксама выпісаў папярэджанне аб патэнцыйна небяспечнай метэаз'яве (жоўты ўзровень). Размова на гэты раз ідзе аб галалёдзіцы, якая, згодна з прагнозам, заўтра будзе захоўвацца на асобных адцінках дарог па ўсёй краіне.
Што да ападкаў, то невялікі мокры снег у пятніцу чакаецца месцамі па ўсёй краіне. Кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу або снегу з дажджом чакаюцца на большай частцы тэрыторыі рэспублікі і ў выхадныя. Сіноптыкі таксама папярэдзілі аб магчымых туманах і парывістым ветры.