Беларусы падымаюць эканоміку Польшчы
1- 5.12.2024, 14:35
- 5,284
Нашы суайчыннікі - у лідарах у інвестыцыях.
Паводле звестак Еўрастата і Нацыянальнага банка Польшчы, Беларусь у 2023 годзе стала адным з лідараў у нарошчванні прамых інвестыцый у польскую эканоміку, піша сайт «Белорусы и рынок».
Іх аб'ём склаў на канец года 3 141,4 млн еўраў. Як піша Business Insider, прырост за 2023-ы склаў амаль 1,6 млрд еўраў. Найлепшая дынаміка ў прыросце назіралася толькі ў прамых інвестыцыях з Ірландыі. Са звестак Нацбанка Польшчы, з агульнай сумы 241 млн еўраў укладзеныя ў куплю акцый кампаній.
У назапашаных прамых інвестыцыях Беларусь апярэджвае такія краіны як Літва, Латвія, Эстонія, Славакія, Вугоршчына, Партугалія ды іншыя.
Сярод еўрапейскіх краін-інвестараў у польскую эканоміку ў 2023 годзе ў лідарах былі нідэрландцы і немцы.
Прысутнасць у лідарах першых звязана са спецыфікай падаткаабкладання, дзякуючы чаму ў Польшчы рэгіструюцца многія інвестыцыйныя холдынгі, каб пазбегнуць дзяржаўных збораў. Чысты кошт назапашаных прамых інвестыцый з Нідэрландаў на канец 2023 года склаў 59,2 млрд еўраў, або на 10,1 млрд еўраў больш чым годам раней.
Нямецкія інвестыцыі ў Польшчу дасягнулі значэння 52 млрд еўраў у канцы 2023 года, павялічыўшыся на 6,4 млрд еўраў за 12 месяцаў.
Усяго чысты кошт прамых замежных інвестыцый у Польшчу павялічыўся да 314 млрд еўраў у 2023 годзе. Гэта на 49 млрд еўраў больш, чым летась (+18,6%).