Колькі беларусу трэба працаваць для набыцця iPhone 16
11- 4.12.2024, 20:29
- 9,742
Дзе ён больш даступны – у нас ці суседзяў з ЕЗ?
Сярэдні заробак у Беларусі ў кастрычніку вырас на 13% да аналагічнага месяца мінулага года. Нягледзячы на некаторае зніжэнне ў жніўні і верасні, ён прадаўжае павялічвацца. «Люстэрка» паглядзела, як мы адрозніваемся гэтым паказнікам ад заходніх суседзяў, і параўналі прыбыткі ў iPhone 16.
Як адрозніваюцца сярэднія заробкі ў нас і заходніх суседзяў
У трэцім квартале гэтага года сярэдні заробак у Беларусі складаў 2339,1 рубля. Пасля выплаты 13% падаходнага падатку ў і 1% унёскаў у Фонд сацабароны насельніцтва (ФСАН) на рукі ў гэты перыяд супрацоўнікі атрымлівалі 2011,63 рубля.
У Літве такі прыбытак за той самы перыяд да выплаты падаткаў быў 2237,9 еўра, пасля іх выліку – 1376,5 еўра. У пераводзе на нашыя грошы паводле курсу Нацбанка на 4 снежня гэта 8295 і 5102 рублі адпаведна.
Тады ж у Польшчы ў сярэднім супрацоўнікі зараблялі 8161,62 злотага (7047 рублёў). Пасля выплаты падаткаў на руках у іх заставалася 5893,83 злотага (5089 рублёў).
У Латвіі гэты паказнік быў 1703 еўры, ці 1231 пасля выплаты падаткаў. На нашыя грошы атрымліваецца 6312 і 4562 рублі адпаведна.
Як адрозніваюцца заробкі ў пераліку на iPhone
Атрымліваецца, што ва ўсіх суседніх заходніх краінах сярэднія заробкі больш як у два разы перавышаюць беларускія. Аднак сам сабой гэты параметр не паказальны, бо пакупніцкая здольнасць (гэта значыць, колькі аднолькавых тавараў і паслуг можна набыць) таксама можа адрознівацца.
Раней мы параўноўвалі сярэднія заробкі ў гэтых краінах у пераводзе на прадукты і кошт жылля. Цяпер прапануем супаставіць іх у тым, колькі на сярэдні заробак пасля выплаты падаткаў можна набыць новых айфонаў, а менавіта iPhone 16 з памяццю на 128 ГБ у корпусе чорнага колеру.
Крама iStore, якая пазіцыянуе сябе як афіцыйны дылер тэхнікі і аксэсуараў Apple у Беларусі, прадае такі гаджэт за 4099 рублёў.
У Літве афіцыйны дылер просіць за такую самую мадэль 949 эўра. Гэта 3517 рублёў паводле курсу Нацбанка на 4 снежня.
У афіцыйных крамах Польшчы яго прапануюць за 3999 злотых. На нашыя грошы кошт атрымліваецца 3453 рублі.
А ў Латвіі ён цяпер выстаўлены на акцыі за 949 еўраў (без яе кошт быў 989 еўраў). У перааодзе на рублі кошт без зніжкі будзе 3665.
Атрымліваецца, што сам тэлефон у нас каштуе даражэй, а танней за ўсё ён абыходзіцца палякам. Саступаем мы і ў разліку даступнасці гэтага гаджэта да сярэдняга заробку. Беларусы – адзіныя жыхары параўнаных краінаў, хто не можа набыць такі тэлефон з аднаго заробку. У сярэднім нашаму суайчынніку на яго трэба адкласці два поўныя заробкі (пасля выплаты падаткаў) і яшчэ дадаць амаль 76 рублёў.
Сярэднестатыстычны жыхар Польшчы можа набыць такі тэлефон з заробку, і ў яго на руках застанецца сума, эквівалентная 1636 рублям, у літоўца – 1585 рублёў, а ў латыша – 897 рублёў.