18 снежня 2024, Серада, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыбак загінуў, учапіўшыся вудай за лінію электраперадач

20
Рыбак загінуў, учапіўшыся вудай за лінію электраперадач
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Ягоная ўдава запатрабавала вялізную кампенсацыю.

3 ліпеня 2023 года ў аграгарадку Бастынь Лунінецкага раёна здарылася трагедыя. Мужчына надумаў парыбаліць у канаве, якая ўпадае ў Цну.

Побач з гэтым месцам праходзіць чыгунка, а ўздоўж яе - дзве паветраныя лініі электраперадач. Мяркуючы з усяго, рыбак, закідваючы вуду, зачапіўся за правады і загінуў: па лініі ідзе напружанне да 10 кілавольт.

Цела мужчыны знайшлі ў той жа дзень на беразе канавы побач з мостам. Экспэрты прыйшлі да высновы, што смерць наступіла ад паразы электрычным токам, які прайшоў праз правую руку. Загінулы рыбак не быў п'яны.

Следчы камітэт не знайшоў прычыны распачынаць крымінальную справу. Аднак удава загінулага надумала падаць у суд супраць Баранавіцкай дыстанцыі электразабеспячэння Баранавіцкага аддзялення, на балансе якой і знаходзяцца ЛЭП у тым раёне. Начальнік дыстанцыі адказвае ў тым ліку за інфармаванне насельніцтва аб небяспецы ліній электраперадач.

Падчас праверкі СК усплыла цікавая дэталь. За пару тыдняў да трагедыі начальнік Лунінецкага раёна электразабеспячэння Баранавіцкай дыстанцыі атрымаў знакі аб забароне рыбнай лоўлі ў ахоўнай зоне ліній электраперадач. Знакі павінны былі замацаваць на апорах ЛЭП каля вадаёмаў. Аднак да 3 ліпеня на слупах каля канавы, дзе рыбаліў мужчына, папярэджанняў не было.

За гэта начальніка пакаралі паводле адміністрацыйнага артыкула. На гэтай падставе ўдава надумала падаць пазоў. Жанчына заявіла, што смерць мужа і бацькі стала незаменнай стратай для сям'і, якая перажыла наймацнейшае ўзрушэнне. Са слоў вяскоўкі, яна адчувае сябе самотнай, пакутуе ад дэпрэсіі, бессані і іншых праблем са здароўем, якія з'явіліся.

Таксама жанчына расказала, што загінулы быў выдатным бацькам, клапаціўся пра дзяцей. Ён хадзіў на мерапрыемствы і сходы: усё гэта было пацверджана характарыстыкай з установы адукацыі. Цяпер сынам вельмі не стае таты, і ніхто не зможа кампенсаваць ім гэтую страту.

Вікторыя запатрабавала па 50 тысяч рублёў для сябе і для кожнага з сыноў у якасці грашовай кампенсацыі маральнай шкоды. Органы апекі, якія былі закліканы абараняць інтарэсы дзяцей, падтрымалі пазоў у поўным аб'ёме.

Прадстаўнікі прадпрыемства на судзе заявілі, што яны не аспрэчваюць пазоў у прынцыпе. Аднак, на думку адказчыка, сума на 150 тысяч рублёў занадта вялікая: яе трэба "максімальна зменшыць".

Суд задаволіў пазоў, але толькі часткова. Удава загінулага атрымала 15 тысяч рублёў, а сыны - па 10 тысяч рублёў кожны. Такім чынам, агулам сям'і дасталася 35 тысяч рублёў.

Таксама Баранавіцкую дыстанцыю электразабеспячэння абавязалі кампенсаваць пазоўніку 1 369 рублёў выдаткаў на юрыста і выплаціць 333 рублі дзяржаўнай мыты.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках