Apple можа інвеставаць у Інданезію $1 млрд
2- 3.12.2024, 21:17
- 2,248
Да зняцця забароны на продажы iPhone 16.
Улады Інданезіі заявілі, што дасягнулі папярэдняй дамовы з карпарацыяй Apple, якая можа прывесці да зняцця забароны на продажы iPhone 16 у краіне.
Нагадаем, у канцы кастрычніка ўрад Інданезіі забараніў у краіне продаж iPhone 16, растлумачыўшы гэта тым, што кампанія Apple парушыла ўмовы двухбаковых дамоўленасцяў.
Міністэрства прамысловасці заявіла, што для атрымання ліцэнзіі на продаж сваіх найноўшых смартфонаў амерыканская кампанія павінна была інвеставаць у свае прадпрыемствы ў краіне 1,7 трлн інданезійскіх рупій ($ 109 млн), аднак інвестыцыі склалі толькі 1,5 трлн ($ 95 млн).
Як заявіў інданезійскі міністр інвестыцыяў Расан Рэслані, падчас перамоваў Apple «зрабіла прапанову» пра павелічэнне інвестыцый у краіну да $ 1 млрд.
Паводле звестак СМІ, улады Інданезіі хацелі дамагчыся ад Apple больш выгадных умоваў супрацоўніцтва, пасля таго як амерыканская кампанія ўклала блізу $ 15 млрд у В'етнам для будаўніцтва там зборачных прадпрыемстваў.
Міністр прамысловасці Інданезіі Агус Картасасміта раней адзначаў, што прыярытэтам ягонай установы з'яўляецца дасягненне з Apple дамоўленасці пра будаўніцтва ў Інданезіі буйнога зборачнага прадпрыемства, аналагічнага маштабамі тым, якія ўжо ёсць у Інданезіі ў такіх кампаній, як Samsung Electronics і Xiaomi.
Кампанія Apple пакуль ніяк не каментуе паведамленні пра магчымасць новых інвестыцый у Інданезію для зняцця там забароны на продажы iPhone 16.