Bloomberg: ЕЗ на парозе стварэння новага абароннага фонду
3- 2.12.2024, 18:32
- 2,360
На вайсковую прамысловасць выдзеляць 1,5 мільярда еўраў.
Краіны-сябры Еўрапейскага Звязу набліжаюцца да згоды на стварэнне новага абароннага фонду аб'ёмам 1,5 мільярда еўраў, які дапаможа ўзмацніць абаронную прамысловасць у краінах блока і Украіны цягам наступных трох гадоў.
Аб гэтым паведамляе Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Адзначаецца, што пагадненне аб стварэнні Еўрапейскай абароннай інвестыцыйнай праграмы (ЕАІП), імаверна, будзе падпісанае да канца года і дазволіць закупляць вайсковую тэхніку, якая на 35% складаецца з кампанентаў за межамі ЕЗ.
Пагадненне аб стварэнні ЕАІП стала вынікам балансавання паміж амбіцыямі па развіцці еўрапейскай абароннай прамысловасці ў доўгатэрміновай перспектыве і магчымасцю неадкладнага набыцця гатовага абсталявання для дапамогі Украіне ў задавальненні яе абаронных патрэб, піша Bloomberg.
Таксама адзначаецца, што іншым фактарам з'яўляецца апасенне ЕЗ выклікаць незадаволенасць абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які неаднаразова выказваў расчараванне праз недастатковыя еўрапейскія выдаткі на абарону, а таксама праз тое, што блок недастаткова набывае амерыканскую прадукцыю.
Еўразвяз знаходзіцца ў працэсе вызначэння флагманскіх праектаў «агульнай цікавасці», якія маглі б скарыстацца фондамі Еўрапейскай праграмы абароннай прамысловасці (EDIP) у такіх сферах, як супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона.
Акрамя таго, ЕЗ імкнецца адысці ад існай практыкі куплі гатовага абсталявання ў трэціх краінах да фінансавання большай колькасці супольных інвестыцый і супольных закупаў, гаворыцца ў матэрыяле.
Еўрапейская абаронная інвестыцыйная праграма закліканая павялічыць супольныя закупы ўзбраенняў і зрабіць ЕЗ больш падрыхтаваным да вайны шляхам нарошчвання ўнутранай вытворчасці зброі і боепрыпасаў.