У Польшчы зліквідавалі канал кантрабанды беларускіх цыгарэт
11- 2.12.2024, 17:24
- 14,028
У затрыманні ўдзельнічалі амаль 260 праваахоўнікаў.
У Польшчы затрымалі злачынную групу, якая займалася кантрабандай цыгарэт з Беларусі і Славаччыны. Гэтая група ў 2020-2021 гадах нелегальна завезла ў Польшчу не менш за 19 мільёнаў пачкаў цыгарэт, паведаміла Мінфінансаў Польшчы.
Затрыманні ўдзельнікаў групы прайшлі на тэрыторыі чатырох польскіх ваяводстваў. Агулам быў затрыманы 21 грамадзянін Польшчы. У затрыманні ўдзельнічалі амаль 260 праваахоўнікаў.
Затрыманых абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, кантрабандзе цыгарэт і атрыманні матэрыяльных узнагарод у сувязі з выкананнем грамадскіх абавязкаў. Арышт на тры месяцы атрымалі 16 чалавек, чатырох вызвалілі пад заклад. На аднаго выдадзены запыт на арышт.
Паведамляецца, што ў лік затрыманых патрапілі трое пенсіянераў, трое былых супрацоўнікаў мытні і адна цяперашняя мытніца. На момант затрымання яна працавала на пераходзе ў Кузніцы.
Удзельнікі групы ўвозілі цыгарэты з Беларусі і Славаччыны праз памежныя пераходы ў Кузніцы і Хыжні. Для перавозкі выкарыстоўвалася не менш за 27 грузавых аўтамабіляў. Кіраўніцтва групы плаціла за інфармацыю, у тым ліку працу памежных пераходаў.
Затрыманым пагражае да 10 гадоў зняволення. Шкода бюджэту Польшчы ад іх дзеянняў ацэньваецца больш чым на 435 млн злотых (101 млн еўраў).