19 снежня 2024, Чацвер, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна і Польшча надумалі вызваліць Еўропу ад расейскага газу

1
Украіна і Польшча надумалі вызваліць Еўропу ад расейскага газу

Ідзе праца над стварэннем Усходне-Еўрапейскага газавага хаба.

Украіна і Польшча працуюць над стварэннем Усходне-Еўрапейскага газавага хаба, які павінен забяспечыць пастаўкамі паліва краіны Еўропы пасля спынення транзіту расейскага газу, заявіў намеснік міністра энэргетыкі Украіны Мікалай Калеснік.

Паводле ягоных слоў, украінскія падземныя сховішчы газу і польскія тэрміналы звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) могуць стаць асновай для новай бізнэс-мадэлі, якая заменіць пакуль яшчэ дзейны маршрут паставак газу з Расеі. «Завяршэнне транзіту фармуе пачатак канкурэнцыі новых маршрутаў і рэсурсаў, сярод якіх ЗПГ. <…> Інтэграцыя газавых рынкаў на базе існай інфраструктуры, павелічэнне даступнай міждзяржаўнай магутнасці даюць штуршок развіццю гандлю і магчымасць замяніць расейскі газ”, — сказаў Калеснік.

Кантракт "Газпрама" і "Нафтагаза" на транзіт праз украінскую тэрыторыю расейскага газу, які быў укладзены ў 2019 годзе, заканчваецца ў канцы гэтага года. Пасля падрыву "Паўночных плыняў" і прыпынення прапампоўвання праз газаправод "Ямал-Еўропа" гэтая транзітная галінка заставалася адзіным маршрутам для паставак расейскага газу ў Цэнтральную Еўропу. Улады Украіны на фоне вайны адмовіліся працягваць транзітны кантракт з Расеяй. У офісе прэзідэнта Украіны дапусцілі, што краіна можа транспартаваць у Еўропу паліва з іншых краін, напрыклад Азербайджана і Казахстана, калі будуць "адпаведная лагістыка, запыт і кантрактнасць".

Улады Еўразвязу таксама неаднаразова заяўлялі, што не зацікаўленыя ў прадаўжэнні пагаднення аб транзіце расейскага газу праз Украіну. Аднак ключавыя газавыя кампаніі Цэнтральнай Еўропы падпісалі дэкларацыю ў падтрымку працягу транзіту ў 2025 годзе. Пры гэтым, як пісала Financial Times, у еўрапейскіх краінах чакаюць праблем з пастаўкамі газу ў зімовыя месяцы. Трэйдары адзначалі, што праз Украіну ў ЕЗ паступае толькі блізу 5 адсоткаў гадавога аб'ёму імпарту газу, але спыненне транзіту нясе ў сабе рызыкі. "Дастаткова некалькіх перабояў з пастаўкамі, і ўсё можа пайсці жудасна дрэнна", – адзначаў адзін з трэйдараў.

У сваю чаргу, базавы сцэнар "Газпрама" на 2025 год мяркуе, што транзіт праз Украіну ажыццяўляцца не будзе, пісалі Reuters і Bloomberg.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках