WSJ: Спецслужбы Украіны бяруць прыклад з ізраільскага «Масаду»
4- 18.12.2024, 19:46
- 5,358
Украінскія спецслужбы паставілі паляванне на ворагаў на паток.
Забіты ў Маскве генерал Ігар Кірылаў стаў самай высокапастаўленай ахвярай сярод тых, хто падтрымліваў расейскую агрэсію ва Украіне. Але ўкраінскія спецслужбы паставілі паляванне на ворагаў на паток, і пакуль перамагаюць былых паплечнікаў у КДБ, бо вучацца ў новых настаўнікаў.
Украіна пачала паляваць на тых, хто падрывае яе суверэнітэт, яшчэ пасля 2014 г.: пасля анэксіі Крыма і ўтварэння «народных рэспублік» у Данецкай і Луганскай абласцях ахвярамі спецслужбаў станавіліся ўдзельнікі «расейскай вясны» і калабаранты. Але пасля поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 г. мэтамі сталі расейскія военачальнікі і прапагандысты. Служба бяспекі Украіны (СБУ) будуе сваю працу на ўзор ізраільскай выведкі «Масад», вядомай нястомным пераследам ворагаў за мяжой, расказалі The Wall Street Journal прадстаўнікі ўкраінскіх спецслужбаў.
Галоўныя мэты
«Такі бясслаўны канец чакае ўсіх, хто забівае ўкраінцаў, – сказаў пра Кірылава адзін з супрацоўнікаў СБУ. – Адплата за ваенныя злачынствы неўнікнёная». Андрус Турса, дарадца датычна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы амерыканскай кансалтынгавай кампаніі Teneo, дадае:
«Кіеў даў зразумець, што нават самыя высокапастаўленыя афіцыйныя асобы, адказныя за ваенныя дзеянні і злачынствы Расеі, не могуць адчуваць сябе ў бяспецы, нават у Маскве».
Кірылаў – толькі апошні ў шэрагу тых, хто стаў мэтай украінскіх спецслужбаў. Толькі за апошні месяц з невялікім іх колькасць папоўнілі капітан 1-га рангу, кіраўнік штабу брыгады ракетных караблёў Валерый Транкоўскі, чыя машына была ўзарваная ў Севастопалі (СБУ заявіла, што ён даваў загады запускаць ракеты па цывільных аб'ектах); Сяргей Еўсюкоў, былы кіраўнік Аленаўскай калоніі, дзе катавалі ўкраінскіх ваеннапалонных (ягоная машына была ўзарваная ў Данецку); намеснік генеральнага канструктара КБ «Марс» Міхаіл Шацкі, ён займаўся мадэрнізацыяй ракетаў, якія расейскае войска запускае па Украіне (яго застрэлілі ў Маскве ў ходзе аперацыі, як мяркуецца, іншай спецслужбы, Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны – ГУВ).
Раней ахвярамі гучных ліквідацый сталі, сярод іншага, Дар'я Дугіна, дачка ідэолага «расейскага свету» Аляксандра Дугіна (магчыма, мэтай быў яе бацька), і «ваенкар» Уладлен Татарскі, піша The Moscow Times.
Аперацыі чужымі рукамі
Паводле словаў прадстаўнікоў украінскіх спецслужбаў, для аперацый у Расеі ў асноўным наймаюць выканаўцаў. На патэнцыйнага кілера (як правіла, з крымінальнага свету) часцяком выходзяць праз Telegram або ў даркнэце; за выкананне задання прапануюць грошы ці дамагаюцца ўдзелу з дапамогай пагрозаў, расказаў чалавек, які ўдзельнічае ў такіх аперацыях. «Часта выканаўцы не ведаюць, што менавіта яны робяць», паколькі ў адной аперацыі могуць удзельнічаць некалькі чалавек з рознымі задачамі, кажа суразмоўца WSJ. Сярод мэтаў – прапагандысты, вайскоўцы, а таксама былыя ўкраінскія чыноўнікі, якія перайшлі на бок Расеі.
Расейскія праваахоўныя органы паведамілі, што паводле падазрэння ў забойстве Кірылава затрымалі грамадзяніна Узбекістана. Паводле іхніх словаў, ён прызнаўся, што пагадзіўся прымацаваць выбухоўку да самаката каля пад'езда дома генерала за $100 000. Ён таксама паставіў у аўтамабілі каршэрынгу камеру сачэння, здымка з яе транслявалася арганізатарам тэракту ў горад Днепр, паведаміў Следчы камітэт Расеі.
У выпадку з забойствам Татарскага Дар'я Трэпава сцвярджала, што яе папрасілі перадаць яму статуэтку (бюст самога ваенкара), у якім была падслухоўная прылада. «Я не ведала, што ў статуэтцы выбуховае прыстасаванне, я думала, што там толькі падслухоўваюць», – заявіла яна. Чалавек, знаёмы з аперацыяй, сказаў WSJ: «Мікрафон усярэдзіне сапраўды быў. Так аператыўнік ведаў, калі яе [статуэтку] узрываць».
На тэрыторыі Расеі дзейнічаюць і ўласныя агенты СБУ, але для правядзення дыверсій і нават забойстваў яны таксама задзейнічаюць расейцаў, настроеных супраць рэжыму Уладзіміра Пуціна, сказаў Financial Times супрацоўнік украінскай выведкі.
Перарасці КДБ
Хоць і СБУ, і ФСБ спадкуюць савецкаму Камітэту дзяржаўнай бяспекі, украінская спецслужба, мяркуючы з вынікаў яе дзеянняў, цяпер больш эфектыўная. Расея з цяжкасцю ёй супрацьстаіць, сказаў FT спецыяліст датычна расейскіх спецслужбаў Андрэй Салдатаў, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі: «ФСБ вельмі добра расследуе тое, што ўжо адбылося, але не вельмі добра збірае выведныя звесткі пра тое, што можа адбыцца. Гэта розныя наборы навыкаў». Каб прадбачыць тое, што адбываецца, спецслужба павінна вельмі добра збіраць інфармацыю, «гэта значыць павінен быць давер, павінен быць эфектыўны абмен інфармацыяй – тое, чаго не назіраецца сярод расейскіх агенцтваў», тлумачыць Салдатаў.
СБУ «сабрала шмат контрвыведніцкай інфармацыі і звестак» пра кіраўнікоў узброеных сілаў і спецслужбаў Расеі, сказаў FT дэпутат Вярхоўнай Рады Валянцін Налівайчанка, які двойчы ўзначальваў спецслужбу. Яна, паводле ягоных словаў, знайшла спосабы ўкараняць «кратоў», узломваць камунікацыі на тэрыторыі ворага і выяўляць уразлівыя месцы ў расейскай выведнай сетцы.
Расейскія спецслужбы за час вайны не адзначыліся гучнымі аперацыямі на тэрыторыі Украіны, хоць, відаць, спрабавалі: СБУ ў траўні паведаміла, што прадухіліла замах на Уладзіміра Зяленскага. Таксама паведамлялася пра няўдалую спробу ліквідаваць кіраўніка ГУВ Кірыла Буданава. Да вайны, у 2017 г., расейскім спецслужбам удалося ўзарваць у Кіеве Максіма Шапавала, кіраўніка спецыяльнага рэзерву ГУВ. Тая аперацыя была арганізаваная на загад Дзмітрыя Мінаева, кіраўніка Дэпартамента контрвыведніцкіх аперацый ФСБ. Пад прыкрыццём барацьбы са здрадай і шпіянажам дэпартамент у апошнія гады стаў галоўнай сілай у арганізацыі палітычных рэпрэсій у Расеі, высветліла нядаўна WSJ.
У спадчыну ад КДБ СБУ атрымала маштабныя рэсурсы: толькі афіцыйна ў яе штаце больш за 30 000 чалавек, што ў чатыры разы больш, чым у «Масаду» і параўнальна са штатам ФБР (35 000). Пасля 2014 г. кіраўніцтва СБУ правяло маштабныя чысткі, каб вызваліць яе ад расейскіх агентаў, і наладзіла цесныя сувязі з ЦРУ, якое ўклала мільёны даляраў у праграмы падрыхтоўкі ўкраінскіх агентаў. «Тое, што мы пачалі ў 2014 г., цяпер дае вынік», – сказаў FT Налівайчанка пра супрацоўніцтва з заходнімі агенцтвамі.
СБУ канкуруе з ГУВ. Часам яны нават палююць на адну мэту, расказаў WSJ чалавек, які ўдзельнічаў у аперацыях спецслужбаў. У канцы мінулага года дзве каманды палявалі на былога ўкраінскага дэпутата Іллю Ківу, які ўцёк у Расею і быў асуджаны за дзяржаўную здраду. Калі Ківа быў у снежні застрэлены пад Масквой, у спецслужбах нават не адразу зразумелі, чыя каманда правяла ліквідацыю. Але потым кілер даслаў доказ, у тым ліку фатаграфію цела Ківы, які ляжыць на снезе. Суразмоўца WSJ называе гэта «здаровай канкурэнцыяй».