Пратэсты ў Грузіі падтрымлівае пераважная большасць насельніцтва краіны
3- 13.12.2024, 20:14
- 3,814
65%.
Цяперашнія пратэсты ў Грузіі падтрымлівае пераважная большасць насельніцтва краіны.
Гэта паказала апытанне, праведзенае кансалтынгавай кампаніяй IPM Research, піша «Навіны Грузіі».
На пытанне «Ці падтрымліваеце вы цяперашнія акцыі пратэсту?», станоўча адказалі 65% рэспандэнтаў.
Пратэставыя настроі асабліва пераважаюць сярод грамадзянаў 18–34 гадоў. У гэтай узроставай групе станоўча адказалі 76%.
На пытанне, каго вы падтрымліваеце ў сённяшніх рэаліях, апазіцыю выбралі таксама 65%, «Грузінскую мару» толькі 22% рэспандэнтаў.
Пры гэтым роўна палова (50%) мяркуе, што палітыка кіроўнай партыі з'яўляецца прарасейскай. Тых, хто ўважае яе за празаходнюю, усяго 17%.
61% удзельнікаў апытання ўпэўнены, што парламенцкія выбары ў Грузіі былі сфальсіфікаваныя. 25% вераць, што выбары былі сумленнымі.
Даследаванне праводзілася метадам тэлефоннага апытання з 3 да 12 снежня. Было апытана 1600 поўнагадовых грамадзянаў. Хібнасць вынікаў не перавышае +/- 2,5%.
З 28 лістапада ў Грузіі прадаўжаюцца маштабныя акцыі пратэсту супраць спынення еўраінтэграцыі дзейнай уладай.