Такога снежня ніхто не чакае: беларусам абяцаюць «еўрапейскую зіму»
2- 1.12.2024, 21:16
- 12,884
Вядомы беларускі сіноптык расказаў пра тэмпературную анамалію.
Сіноптык Дзмітрый Рабаў папярэдзіў пра тэмпературную анамалію з 2 да 8 снежня ў Беларусі, піша «Комсомольская правда».
Паводле слоў сіноптыка, з надыходам каляндарнай зімы надвор'е будзе нагадваць еўрапейскую зіму. Ён удакладніў, што маразы ўначы будуць невялікія, а ўдзень тэмпература паветра будзе вышэйшая за нуль. Рабаў дадаў, што ў атмасфэры прагназуецца чаргаванне атмасфэрных франтоў і антыцыклонаў. Гэта сведчыць пра тое, што надвор'е будзе няўстойлівым.
- Магутны струмень атлантычнага цяпла большасць дзён будзе ўтрымліваць вільготнае, адліжнае і пахмурнае надвор'е. Дадатная тэмпературная анамалія гэтага перыяду ў сярэднім дасягне 2-3 градусы, што ставіць пад сумнеў прыход сапраўднай зімы, — падкрэсліў Дзмітрый Рабаў.
Ён звярнуў увагу на тое, надвор'е ў краіне на пачатку тыдня будзе вызначаць абсяг высокага атмасфэрнага ціску. Будзе без ападкаў. Уначы і раніцай магчымая слабая абліваха, на асобных адцінках дарог будзе слізгота, туман. Вецер будзе паўднёвых кірункаў. У панядзелак, 2 снежня, уночы чакаецца ад -2 да +3 градусаў. Удзень прагназуецца ад +2 да +5 градусаў.
Спецыяліст удакладніў, што ў сярэдзіне тыдня за надвор'е ў Беларусі будуць адказваць атмасфэрныя франты з Балтыкі. Надвор'е будзе хмарным, пройдуць ападкі рознай інтэнсіўнасці. Вецер чакаецца паўднёва-заходні, парыўны. Уночы і раніцай магчымая слабая абліваха, на дарогах слізгота, а таксама туман. У аўторак, 3 снежня, уначы чакаецца ад -2 да +2 градусаў, удзень – ад +1 да +4 градусаў. У сераду, 4 снежня, удзень прагназуецца ад +1 да +4 градусаў.
Рабаў дадаў, што, паводле папярэдніх звестак, на пачатку другой паловы тыдня надвор'е будзе фармаваць антыцыклон з цэнтрам над цэнтральнымі рэгіёнамі Расеі. Чакаецца хмарнае з прасвятленнем надвор'е, ападкаў не прагназуецца. Вецер будзе пераважаць паўднёва-ўсходні. У чацвер, 5 снежня, уночы будзе ад -3 да +2 градусаў, удзень – да +3 градусаў. Удзень у пятніцу, 6 снежня, чакаецца блізу 0 градусаў.
Сіноптык заўважыў, што атмасфэрны фронт з паўночнага захаду Еўропы прынясе непагадзь у канцы тыдня. Захаваецца хмарнае надвор'е. У большасці раёнаў Беларусі чакаюцца ападкі рознай інтэнсіўнасці. Вецер будзе паўночна-заходні, парыўны. Уначы і ранкам імаверны туман. У суботу, 7 снежня, уночы будзе ад 0 да -6 градусаў, а ўдзень – пад 0 градусаў. У нядзелю, 8 снежня, удзень будзе блізу 0 градусаў.