У Кітаі знайшлі вялізнае радовішча золата
15- 1.12.2024, 11:10
- 10,872
Гэта паўплывае на сусветны рынак.
На фоне падаражэння золата ў свеце ў Кітаі адкрылі новае вялізнае радовішча гэтага металу, што можа значна паўплываць на залатыя запасы краіны і нават на агульнасусветны рынак жоўтага металу. Пра гэта піша Interesting Engineering са спасылкай на заяву Геалагічнага бюро правінцыі Хунань.
Сцвярджаецца, што кітайскія геолагі знайшлі больш за 40 залатых жылаў з агульным утрыманнем каштоўнага металу 300 тонаў, якія ляжаць на глыбіні блізу 2000 метраў. Гэтыя паклады знайшлі пад раней вядомым радовішчам золата Вангу ў акрузе Пінцзян.
Такім чынам, агульны запас золата на месцы, якое распасціраецца на глыбіню 3000 метраў, ацэньваецца больш як на 1000 тонаў. Гэты велізарны запас ацэньваецца прыкладна на 600 мільярдаў юаняў (прыкладна 83 мільярды даляраў).
Геалагічны інстытут правінцыі Хунань класіфікаваў адкрыццё як вялікі запас золата, пры гэтым інстытут падкрэсліў, што знаходка з'яўляецца «важнай для павышэння рэсурснай бяспекі краіны».
У 2022 годзе валавая вытворчасць золата ў Кітаі дасягнула 403 тонаў. Залатаруднае радовішча Вангу з'яўляецца адным з ключавых горназдабыўных цэнтраў Кітая, што спрыяе пазіцыі краіны як асноўнага сусветнага вытворцы золата, на дзель якога прыпадала блізу 10 адсоткаў сусветнай вытворчасці ў 2023 годзе.