З Беларусі канчаткова сышла кампанія з сяброўскай Менску краіны
44- 30.11.2024, 14:38
- 5,956
Яе супрацоўнікі займаліся стварэннем «Ё-мабіля»
Расейская кампанія «СберАвтоТех», якая ўваходзіць у групу «Сбер», закрыла і ліквідавала падраздзяленне ў Менску. Гаворка пра фірму «Сбер Автомотив Технологии», якая павінна была займацца распрацоўкай беспілотных пасажырскіх аўтамабіляў. Раней яна называлася «Ё-інжынірынг», а яе супрацоўнікі займаліся стварэннем «Ё-мабіля» – яшчэ аднаго амбіцыйнага, але няўдалага праекта, піша «Зеркало».
Якім мог быць праект
Паводле звестак дзяржрэестра аплатнікаў Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, кампанія «Сбер Автомотив Технологии» была ліквідаваная ў красавіку 2024 года. Яна праіснавала ў Беларусі крыху менш за тры гады — з траўня 2021-га. Але фактычна працавала менш за год.
Група «Сбер» актыўна занялася тэмай беспілотнага транспарту з 2019 года. У 2020-м для гэтага ў яе структуры была створаная асобная кампанія «СберАвтоТех». І перад ёй была пастаўленая задача стварыць платформу (яна атрымала назву Фліп) для будучых беспілотных аўтамабіляў. Былі выпушчаныя першыя прататыпы, якія прызначаліся для выкарыстання ў якасці беспілотнага таксі. Пачаліся іх тэставыя выпрабаванні ў чаканні прыняцця прававых асноў, якія дазволяць вывесці на вуліцы расейскіх гарадоў флот аўтамабіляў-робатаў.
У 2021 годзе, каб надаць імпульс распрацоўкам, «Сбер» набыў кампанію «Ё-інжынірынг». Гэта створаная беларусамі структура, якая распрацоўвала гібрыдны (электра-газабензінавы) аўтамабіль «Ё-мабіль». І ў які ў 2010—2014 гадах безвынікова ўклалі 150 млн еўраў расейскі алігарх Міхаіл Прохараў і яго беларускі партнёр Андрэй Бірукоў. Было выпушчана ўсяго 4 адзінкі «Ё-мабіля», і праект быў закрыты.
Новы ўладальнік спадзяваўся выкарыстоўваць напрацоўкі «Ё-інжынірынгу» і навыкі каманды беларускіх інжынераў, каб дамагчыся перавагі ў гонцы на рынку беспілотных перавозак, які адкрываецца ў Расеі. «Мы прыкладна год працавалі над канцэпцыяй, з якіх паўгода разам з хлопцамі з «Ё-інжынірынгу». У нейкі момант мы зразумелі, што нашыя ДНК стыкуюцца. І вызначылі, што не маем намеру быць звязанымі кантрактамі, жадаем стаць адной сям'ёй. Такім чынам, мы сталі адзінай кампаніяй з офісамі ў Маскве і Менску», - распавядаў аб гэтай угодзе генеральны дырэктар «СберАвтоТех» Андрэй Васілеўскі. Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, у менскім офісе «СберАўтаТэха» на піку над тэмай беспілотнікаў працавала не менш як 80 чалавек.
Што пайшло не так
Аднак у лютым 2022 года расейскае войска ўварвалася ва Украіну. На гэтым фоне актуальнасць укаранення беспілотных перавозак пасажыраў адсунулася на вельмі далёкую перспектыву. Узніклі і канкрэтныя праблемы з пастаўкамі камплектацыі, бо сусветная супольнасць адрэагавала на акт агрэсіі санкцыямі. У гэтай сітуацыі кіраўніцтва «Сбера» і «СберАвтоТеха» закрыла праект па пасажырскіх беспілотніках. І засяродзілася на новай стратэгіі: распрацоўцы і вытворчасці грузавога беспілотнага транспарту. З 2023 года ў тэставым рэжыме «СберАвтоТех» запусціў беспілотныя грузавыя перавозкі па трасе М-11 «Нява» паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам. У іх бяруць удзел аўтамабілі ўласнай распрацоўкі «СберАвтоТеха». Яны былі створаныя ў яго маскоўскім інжынірынгавым цэнтры.
Хаця ўвосень 2022 года расейская кампанія падпісвала дамову аб распрацоўцы і запуску серыйнай вытворчасці серыйных цягачоў з МАЗ. Беларускі завод павінен быў замяніць кампанію Volvo, якая выйшла з праекта праз санкцыі.