У Гародні выставілі на продаж фабрыку матрацаў
1- 15.11.2024, 12:29
- 4,324
Большая частка прадукцыі ішла на экспарт у краіны Еўразвязу.
Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "БелЮрЗабеспячэнне" выставіла на таргі буйны комплекс нерухомасці - склады, вытворчыя цэхі і аб'екты інфраструктуры, якія раней належалі кампаніі "Белабедынг". Гэтая кампанія займалася вытворчасцю матрацаў і артапедычных падушак, прычым да 85% іх прадукцыі ішло на экспарт у краіны Еўразвязу.
Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце "БелЮрЗабеспячэння", на таргі нерухомасць кампаніі "Белабедынг" выставіў Гарадзенскі аддзел прымусовага выканання. Сам аўкцыён прызначаны на 19 лістапада і за лот агульнай плошчай 7 тысяч кв. м арганізатары на старце таргоў папрасілі больш за 6,4 млн рублёў.
Самі вытворчыя цэхі, склады і дапаможныя памяшканні размешчаныяна тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны "Гроднаінвест". Хоць уласнікам усёй нерухомасці, мяркуючы з дакументаў, апублікаваных "БелЮрЗабеспячэннем", з'яўляецца кампанія "Белабедынг", у графе "Завінавачаны" значыцца іншая кампанія - ТАА "Экспрэс Тэхналогіі", зарэгістраваная ў Менску ў 2024 годзе.
Паводле звестак партала Office Life, кіраўніком кампаніі "Белабедынг", якая зайшла на беларускі рынак у 2006 годзе, да нядаўняга часу быў беларускі гандбаліст Андрэй Барбашынскі. У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў пазначана, што дзейнасць кампаніі была "спыненая ў выніку рэарганізацыі" паводле пастановы Мінгарвыканкама ад 4 кастрычніка 2024 года. Са звестак партала, гэта адбылося пасля таго, як у 2024 годзе замежны заснавальнік надумаў закрыць прадпрыемства, а беларускага гендырэктара звольнілі.
Сам Барбашынскі раней расказваў у розных інтэрв'ю, што ў кампаніі «Белабедынг» на піку вытворчасці працавала больш за 200 супрацоўнікаў, а 85% тавараў ішло на экспарт. У беларускіх інтэрнэт-крамах знайсці матрацы гэтага вытворцы яшчэ можна, але, мяркуючы з таго, што ў наяўнасці ёсць не ўсе мадэлі і не ўсе памеры, кампанія ўжо распрадае рэшткі свайго тавару. Кошты на матрацы, якія пазначаны ў наяўнасці на адным з сайтаў, вагаюцца ад 247,95 рубля да 510,15 рубля ў залежнасці ад памеру.