The Times: Украіна можа стварыць ядзерную бомбу цягам некалькіх месяцаў
18- 13.11.2024, 21:53
- 9,808
Калі Трамп спыніць дапамогу.
Украіна можа стварыць элементарную ядзерную бомбу цягам некалькіх месяцаў, калі Дональд Трамп адмовіцца ад вайсковай дапамогі ЗША. Пра гэта паведамляе The Times са спасылкай на дакумент, падрыхтаваны для Мінабароны Украіны.
Адзначаецца, што краіна зможа хутка стварыць базавую прыладу з плутонію паводле тэхналогіі, аналагічнай бомбе «Таўстун», скінутай на Нагасакі ў 1945 годзе, гаворыцца ў дакладзе.
«Стварэнне простай атамнай бомбы, як гэта зрабілі Злучаныя Штаты ў рамках Манхэтэнскага праекту, не было б складанай задачай праз 80 гадоў», – гаворыцца ў дакуменце.
Там сказана, што, не маючы часу на будаўніцтва і эксплуатацыю буйных прадпрыемстваў, неабходных для ўзбагачэння ўрану, у ваенны час Украіне давялося б спадзявацца на выкарыстанне плутонію, вынятага з адпрацаваных паліўных стрыжняў, вывезеных з украінскіх ядзерных рэактараў.
Украіна па-ранейшаму кантралюе дзевяць дзейных рэактараў і валодае значным ядзерным досведам, нягледзячы на тое, што ў 1996 годзе адмовілася ад трэцяга ў велічыні ядзернага арсеналу ў свеце. У дакладзе гаворыцца:
«Вагу рэактарнага плутонію, наяўнага ў распараджэнні Украіны, можна ацаніць на сем тонаў... Для стварэння значнага арсеналу ядзернай зброі запатрабуецца значна менш матэрыялу... Колькасць матэрыялу досыць для сотняў боегаловак з тактычнай магутнасцю некалькі кілатонаў».
Такая бомба будзе мець магутнасць прыкладна адна дзясятая ад магутнасці «Таўстуна», пішуць аўтары дакумента.
«Гэтага было б даволі, каб знішчыць цэлую расейскую авіябазу ці засяроджаныя вайсковыя, прамысловыя ці лагістычныя аб'екты. Дакладная магутнасць ядзернага зарада будзе непрадказальнай, паколькі ў ім будуць выкарыстаныя розныя ізатопы плутонію», – расказаў аўтар даклада Аляксей Іжак. Ён з'яўляецца загадчыкам аддзела Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Украіны, дзяржаўнага даследчага цэнтра, які выступае кансультацыйным органам пры адміністрацыі прэзідэнта і Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.
«Плутоній неабходна будзе падарваць з дапамогай складанай традыцыйнай выбухной канструкцыі, якая павінна адбывацца з высокай хуткасцю дэтанацыйнай хвалі адначасова па ўсёй паверхні плутоніевай сферы», – гаворыцца ў дакладзе.
Тэхналогія складаная, але ў межах кампетэнцыі Украіны, сказана ў брыфінгу.
Заходнія эксперты мяркуюць, што Украіне спатрэбіцца не менш за пяць гадоў, каб распрацаваць ядзерную зброю і прыдатны носьбіт, але Валянцін Бадрак, дырэктар Цэнтра войска, настойвае, што Украіна менш чым праз год створыць уласныя балістычныя ракеты.
«Праз шэсць месяцаў Украіна зможа паказаць, што ў яе ёсць магчымасць стварэння балістычных ракетаў вялікай далёкасці: у нас будуць ракеты з далёкасцю палёту 1000 км», – сказаў эксперт.
Аналітыкі сцвярджаюць, што калі ЗША адмовяцца ад Украіны, Вялікая Брытанія магла б выканаць свае абавязальніцтвы ў бяспецы ў адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам, дапамагаючы Украіне распрацоўваць ядзернае стрымліванне, беручы да ўвагі, што ў яе няма звычайных сродкаў, каб перашкодзіць Расеі захапіць Украіну.
Іжак мяркуе, што парогам для распрацоўкі праграмы ядзернага пераўзбраення стане дасягненне войскамі Пуціна горада Паўлаграда. На ягоную думку, яшчэ крыху, і ўзнікне рызыка таго, што некаторыя з найбуйнейшых гарадоў Украіны, такія як Днепр і Харкаў, могуць пасці да таго, як будзе распрацаваная зброя. Іжак дадаў:
«Я быў здзіўлены павагай, якую Злучаныя Штаты адчуваюць да ядзернай пагрозы Расеі. Магчыма, гэта каштавала нам войны. Яны ставяцца да ядзернай зброі як да нейкага Бога. Так што, магчыма, нам таксама час памаліцца гэтаму Богу».