Трамп фармуе сваю будучую адміністрацыю: хто зойме ў ёй ключавыя пасады?
- 12.11.2024, 19:09
- 4,920
Адзін з іх - «ястраб» Марка Рубіё.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо пачаў фармаваць сваю будучую адміністрацыю. Хто зойме ў ёй ключавыя пасады? Надумала разабрацца «Медуза».
Дзяржсакратар
Замежнапалітычнае ведамства ў адміністрацыі Трампа можа ўзначаліць сенатар ад Фларыды Марка Рубіё - пра гэта са спасылкай на крыніцы напісала спачатку The New York Times, а затым многія іншыя буйныя амерыканскія СМІ.
Трамп і Рубіё былі апанентамі на рэспубліканскіх прэзідэнцкіх праймерыз у 2016 годзе - і тады дазвалялі сабе рэзкую крытыку адзін аднаго, аднак пазней іх стасункі наладзіліся. Падчас кампаніі 2024 года Рубіё адзін час разглядаўся Трампам як патэнцыйны кандыдат у віцэ-прэзідэнты, а ў выніку стаў яго даверанай асобай.
53-гадовы Рубіё ўважаецца за аднаго з галоўных «ястрабаў» у кангрэсе. Ён безумоўна падтрымлівае дзеянні Ізраіля ў сектары Газа, а таксама займае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Ірана, Венесуэлы і Кубы. Так, у 2019 годзе, нагадвае NY Times, менавіта Рубіё дапамог пераканаць Трампа разгарнуць шырокую санкцыйную палітыку супраць улад Венесуэлы, каб паспрабаваць зрушыць Нікаласа Мадура (зрабіць гэта ў выніку не ўдалося).
Рубіё таксама займае цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Кітая. Ён быў сустаршынём двухпартыйнай камісіі ў кангрэсе, якая займалася распрацоўкай абмежавальных захадаў у дачыненні да Пекіна ў спробе прадухіліць парушэнні правоў чалавека ўладамі Кітая. У 2020 годзе ён стаў адным з суаўтараў законапраекта, які забараняе імпарт кітайскіх тавараў, вырабленых з выкарыстаннем прымусовай працы уйгураў.
Што да вайны ва Украіне, піша NY Times, Рубіё, які раней вельмі жорстка выказваўся пра Расею, у апошні час прытрымліваецца той жа рыторыкі, што і Трамп: ён заяўляе, што канфлікт зайшоў у тупік, і трэба знайсці ўрэгуляванне для яго заканчэння. Імаверна, мяркуе выданне, заняўшы пасаду дзяржсакратара, ён будзе ціснуць на ўлады Украіны, падштурхоўваючы іх да пагаднення з Расеяй пры адмове ад уступлення ў НАТА ў найбліжэйшай перспектыве.
Як адзначае NY Times, калі Рубіё стане дзяржсакратаром, галоўным пытаннем будзе тое, як яму ўдасца знайсці баланс паміж неабходнасцю барацьбы з кітайскім уплывам у Азіі і намерамі Трампа знізіць уцягнутасць ЗША ў міжнародныя канфлікты.
Міністр абароны
Хто ўзначаліць Пентагон, пакуль не зразумела. Associated Press адзначае, што падчас першага прэзідэнцтва Трампа на чале абароннага ведамства паспелі папрацаваць пяць чалавек, і таму зараз «можна з упэўненасцю сказаць, што Трамп выбірае максімальна лаяльнага сабе кандыдата».
Галоўным прэтэндэнтам на пасаду міністра абароны першапачаткова называлі Майка Пампэа, які з 2018 да 2021 года працаваў у адміністрацыі Трампа дзяржсакратаром, аднак сам абраны прэзідэнт 9 лістапада напісаў у сацсетках, што Пампэа не ўвойдзе ў яго новую адміністрацыю.
Зараз у амерыканскіх СМІ фігуруе вялікая колькасць прозвішчаў, самым вядомым з якіх з'яўляецца старшыня камітэта па ўзброеных сілах у палаце прадстаўнікоў Майк Роджэрс.
Як піша AP, імаверна, Трамп абярэ з патэнцыйных кандыдатаў таго, хто будзе падзяляць ягонае жаданне максімальна абмежаваць удзел ЗША ў канфліктах за мяжой, але пры гэтым будзе займаць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Ірана. Аднак ключавым фактарам будзе гатоўнасць будучага кіраўніка Пентагона «рабіць усё, што захоча Трамп», мяркуе агенцтва.
Дарадца ў нацыянальнай бяспецы
Пасаду дарадцы ў нацбяспецы Трамп прапанаваў кангрэсмэну палаты прадстаўнікоў Майклу Уолзу, піша CNN. 50-гадовы Уолз - ветэран спецназа войска ЗША, які служыў у Афганістане, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Ён, напрыклад, вядомы сваёй рэзкай крытыкай вываду войск з Афганістана ў 2021 годзе.
Як і патэнцыйны дзяржсакратар Марк Рубіё, Уолз прытрымліваецца вельмі жорсткай лініі ў дачыненні да Кітаю. Ён быў у ліку тых, хто заклікаў ЗША байкатаваць зімовую Алімпіяду 2022 года ў Пекіне праз абвінавачанні на адрас кітайскіх уладаў аб штучным паходжанні каранавіруса і парушэннях правоў уйгураў.
У стаўленні да Украіны Уолз раней выступаў у падтрымку далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, аднак у апошні час стаў выказвацца на карысць неабходнасці пераацэнкі выдаткаў ЗША па гэтым кірунку.
Майкл Уолз - даўні і лаяльны прыхільнік Трампа. Як нагадвае Associated Press, у 2020 годзе ён падтрымліваў прэзідэнта, які саступіў на выбарах, у яго намаганнях аспрэчыць вынікі галасавання.
Сталы прадстаўнік у ААН
Пасаду сталага прадстаўніка ЗША ў ААН Трамп прапанаваў сябру палаты прадстаўнікоў Элізе Стэфанік, якая цягам апошніх гадоў, піша CNN, была адной з «найбольш заўзятых прыхільніц Трампа ў кангрэсе».
Як адзначае тэлеканал, выбар Стэфанік кажа аб тым, што ЗША маюць намер выбудоўваць жорсткія стасункі з ААН. Стэфанік неаднаразова выступала з публічнай крытыкай арганізацыі праз яе пазіцыю па Ізраілю. У кастрычніку яна заявіла, што Вашынгтон павінен разгледзець магчымасць «поўнай пераацэнкі» фінансавання ААН, калі Палестынская адміністрацыя працягне свае спробы дамагчыся прыпынення сяброўства Ізраіля ў арганізацыі.
У 2022 годзе Стэфанік фактычна ўзначаліла кампанію супраць кіраўнікоў найбуйнейшых амерыканскіх каледжаў, якія, на яе думку, недастаткова змагаліся з праявамі антысемітызму падчас масавых студэнцкіх дэманстрацый у падтрымку Газы. Пасля той кампаніі прэзідэнты Гарварда і ўніверсітэта Пенсільваніі былі вымушаныя падаць у адстаўку.
У першай адміністрацыі Трампа пасаду сталага прадстаўніка ў ААН займала Нікі Хэйлі. У 2024 годзе яна стала галоўным канкурэнтам Трампа на рэспубліканскіх праймерыз. Хэйлі вяла агрэсіўную кампанію супраць свайго апанента, але пасля выхаду з гонкі публічна падтрымала яго. Пасля перавыбрання, аднак, Трамп ужо заявіў, што не запросіць Хэйлі на якую-небудзь пасаду ў адміністрацыі.
Кіраўнік адміністрацыі Белага дома
Кіраўніком свайго апарата Трамп прызначыў Сьюзан Уайлс - гэта было першай афіцыйна абнародаванай кадравай пастановай абранага прэзідэнта. 67-гадовая Уайлс стала першай жанчынай у гісторыі, якая атрымала гэтую пасаду.
Уайлс дэ-факта кіравала ўсёй перадвыбарчай кампаніяй Трампа - менавіта ёй ставяць у заслугу тое, што ў адрозненне ад кампаній 2016 і 2020 гадоў Трамп амаль не трапляў у скандалы, а сама кампанія была вельмі дысцыплінаванай і добра прадуманай.
Як распавяла крыніца CNN, Уайлс перад прызначэннем на пасаду атрымала ў Трампа гарантыі, што ў яе будзе больш паўнамоцтваў, чым у яе папярэднікаў, у тым ліку ў кантролі доступу ў Авальны кабінет.
Падчас папярэдняга тэрміну Трамп змяніў чатырох кіраўнікоў адміністрацыі Белага дома. Даўжэй за ўсіх на гэтай пасадзе (амаль паўтара года) пратрымаўся Джон Кэлі. Пасля свайго звальнення ён у шматлікіх інтэрв'ю неаднаразова крытыкаваў Трампа.