27 снежня 2024, Пятніца, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Няхай самі ядуць сала па 23 рублі»

20
«Няхай самі ядуць сала па 23 рублі»

Якія прадукты прапануюць на сезонным кірмашы ў Менску.

У Менску паступова заканчваецца сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. Яны традыцыйна праходзяць кожную суботу і нядзелю пры спрыяльных умовах надвор'я. Плануецца, што такія кірмашы закончацца 1 снежня. А вось штодзённыя будуць працаваць да 17 лістапада. Партал Blizko.by наведаў кірмаш на пляцоўцы на вуліцы Прытыцкага, 27 і даведаўся, якія там кошты і што можна набыць.

Прапалі агуркі

Такім чынам, традыцыйна ў шырокім асартыменце прадстаўленая беларуская агародніна і садавіна. Бульбу можна купіць за 0,8-1,5 рублі за кілаграм. Калі браць адразу мяшок (блізу 35 кг), то можна разлічваць на зніжку.

Морква каштуе 1,3-1,5, буракі - 0,8-1,6 за кілаграм. Журналіста вельмі здзівілі гіганцкія буракі, якія былі ўсяго па 80 капеек за кілаграм. Цыбуля каштуе 1,2-2 рублі за кілаграм, чырвоная - 2-4, часнок - 12-15.

Перац можна знайсці за 2,5-8 за кілаграм, рэдзьку - 4, радыска - 8. Памідораў выбар невялікі, каштуюць яны 5-9 рублёў за кілаграм, агуркоў практычна не было, ужо не сезон. За 6 рублёў прадавалі неліквідныя рэшткі. А вось капусты вельмі шмат, каштавала яна 1-1,4 рублі за кілаграм.

Што да садавіны, то грушы беларускія каштуюць нятанна - 5,5 - 8 рублёў за кілаграм. Яблыкі ў сярэднім - 2,5 - 3 рубля за кілаграм, ёсць і за 4 - 5, слівы – 4 - 6. Выбару садавіны ўжо не было.

А вось валоскія арэхі каштуюць 8-12 рублёў за кілаграм, чышчаныя - 25. Журавіны прадаюцца за 12-14 рублёў за кілаграм, гарбузікі - 13-15, сушаныя яблыкі на ўзвар - 10, фасоля - 10-12.

Зеляніна таксама была прадстаўленая на кірмашы. Зялёную цыбулю можна купіць за 1,5-2 рублі за 100 грамаў, салату - 1,5, шпінат - 3, пятрушку і кроп - па 2 рублі.

Ці прадаюць грыбы?

Грыбоў, дарэчы, няшмат. Некаторых здзіўляла цана за трохлітровы слоік сушаных баравікоў. Можна было падслухаць такі дыялог:

- А колькі каштуюць баравікі?

- 100 рублёў - за трохлітровы слоік.

- Колькі???

- Так, 100 рублёў.

- Вельмі дорага.

З іншага боку, не так даўно цана на баравікі на Камароўцы шакавала пакупнікоў. Яна была 80-100 рублёў за адзін кілаграм свежых баравікоў. Цяпер на кірмашы некаторыя прадавалі восеньскія грыбы. Каштуюць яны 15-50 рублёў, у залежнасці ад аб'ёму і віду грыбоў.

"Вельмі выгадна"

Шмат і свойскіх кансэрваў. У сярэднім яны каштуюць 5-7 рублёў за слоік 0,5 літра. І выбар радуе: і леча, і салянка з грыбамі, і спаржа марынаваная, і баклажаны… Варэнне за 0,5-літровы слоічак ацэньваюць на 7-10 рублёў.

Квашаную капусту можна купіць за 6 рублёў за кілаграм, часнок марынаваны - 30.

Вялікі выбар на кірмашы і самага рознага мёду. У сярэднім ён каштуе 12-20 рублёў за кілаграм. Восеньскія кветкі на пасадку - 12 рублёў высадак.

Што да мясной прадукцыі, кошты немаленькія: сала каштуе 20-23 рублі за кілаграм, карэйка гарачага вэнджання - 23, каўбаса - 26, сальтысон - 14.

Вельмі выгадна купляць масла. Яно каштуе 14 рублёў за кілаграм (82,5%). Пакупніца Алена расказала, што ехала менавіта па масла:

- Вы ведаеце, вельмі выгадна. Мне шмат трэба, я бяру на ператопку і раблю топленае масла, якое вельмі карыснае. У краме кілаграм звычайнага масла будзе каштаваць 22-25 рублёў за кілаграм, а тут 14. Яшчэ ўзяла бульбы, гатунку Гала. У супермаркеце ўжо няма добрым коштам. Тая, што па рублі, — не ведаю, хто яе будзе есці, проста жахлівая, а нармальная ўжо 2 рублі каштуе. Гэта дорага, я думаю, таму прыехала сюды. Агулам гародніна нармальным коштам, а вось мясная прадукцыя, як мне падаецца, неапраўдана дорага. Няхай самі ядуць сала па 23 рублі. Я купляю нічым не горш за 14-15 рублёў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках