24 снежня 2024, aўторак, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэс-сакратаркай Трампа стане мадэль з беларускімі каранямі?

68
Прэс-сакратаркай Трампа стане мадэль з беларускімі каранямі?

Вось што пра яе вядома.

У 28-гадовай мадэлі Элізабэт Піпкі, якой у ЗША прадказваюць пасаду прэс-сакратаркі зноў абранага прэзідэнта Дональда Трампа, знайшліся беларускія карані. "Тэлеграф" даведаўся, што вядома пра тую, каго амерыканская прэса называе "самай сэксуальнай прыхільніцай Дональда Трампа, якая прамяняла подыум на палітыку".

Элізабэт Піпка нарадзілася 26 чэрвеня 1995 года ў сям'і савецкіх габрэяў-эмігрантаў. Ейны дзядуля быў вядомы мастак, графік, чалец Ленінградскага Саюза мастакоў Марк Кліёнскі, нарадзіўся ў Менску. Яго працы дагэтуль упрыгожваюць сцены Нацыянальнай партрэтнай галерэі ў Вашынгтоне, а таксама Дзяржаўнага Расейскага музея ў Санкт-Пецярбургу.

Менавіта дзядуля даў ласкавую мянушку сваёй унучцы Элізабэт - "лялечка". Пра гэта распавяла сама Элізабэт у адной са сваіх трох аўтабіяграфічных кніг. І калі пра дзядулю Элізабэт у кнігах адклікае з выключнай цеплынёй, распавядаючы, як той песціў яе, то свайго бацьку заве «адным з самых суровых расейскіх бацькоў, якіх вы калі-небудзь сустракалі».

Пры гэтым менавіта бацькі, якія выхоўвалі яе ў строгасці, прышчапілі ёй звычку да цяжкай працы і дысцыпліны, прызналася Піпка. І ейная прафесійная кар'ера — найлепшы таму доказ.

З падлеткавых гадоў Элізабэт прафесійна займалася фігурным катаннем, куды яе аддаў бацька. Цікава, што займацца яна пачала на вядомым катку Wollman Rink у Цэнтральным парку, які належаў яе будучаму працадаўцу, Дональду Трампу. Аднак праз траўму з прафесійным спортам у дзяўчыны не склалася і ў 17 гадоў яна пайшла ў прафесійныя мадэлі. Твар Элізабэт Піпкі ў розны час можна было ўбачыць на вокладках такіх папулярных часопісаў, як Maxim, Sports Illustrated, Esquire, Harper`s Bazaar, Grazia і L’officiel.

Зрэшты, абмяжоўвацца подыумам дзяўчына ніколі не хацела, таму з адзнакай скончыла Гарвардскую школу, а затым - атрымала ступень магістра навук ва ўніверсітэце Пенсільваніі.

Палітычная кар'ера Піпкі пачалася ў 2015-2016 гадах, калі яна ўзялася валанцёрыць на перадвыбарнай кампаніі Трампа. Там жа яна сустрэла свайго будучага мужа - прадпрымальніка з IT-сферы Дарэна Сентынела.

У студзені 2023 г. Піпка таксама запусціла платформу памяці Галакоста Lest People Forget і ўжо ў рамках Рэспубліканскай партыі заснавала рух «Зыход» (The Exodus Movement), мэтай якога з'яўляецца барацьба з антысемізмам і заахвочванне габрэяў да выхаду з Дэмакратычнай партыі ЗША.

У траўні 2024 года Элізабэт Піпка афіцыйна атрымала пасаду прэс-сакратаркі Нацыянальнага камітэта Рэспубліканскай партыі ЗША, а цяпер ёй прадказваюць і пасаду асабістай прэс-сакратаркі Трампа.

Сама Піпка ў розных інтэрв'ю не раз прызнавалася, што яе знешнасць у палітычным жыцці стала хутчэй перашкодай, чым падмогай.

«Кожны раз, калі вы чагосьці дамагаецеся, заўсёды знойдуцца людзі, якія скажуць вам у твар: «Магчыма, вы дабіліся гэтага толькі дзякуючы сваёй знешнасці», - распавяла Піпка ў адным з інтэрв'ю амерыканскай газеце New York Post.

Аднак гэта, са слоў дзяўчыны, для яе - не падстава для асцярогі.

«Я застаюся верная сабе. Я ведаю, што я значна больш, чым тое, што пра мяне думаюць людзі», - рэзюмавала яна.

Высокую ацэнку палітычным амбіцыям і здольнасцям Піпкі ў свой час дала нявестка і найбліжэйшая паплечніца Трампа Лара.

«У той час, калі патрыятызм сярод маладых амерыканцаў знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні, нам пашанцавала, што ў нашай камандзе ёсць такія вялікія амерыканцы, як Элізабэт Піпка - яна дапаможа натхніць наступнае пакаленне, адрадзіць вялікую старую партыю і вярнуць нашу краіну», - заявіла яна ў інтэрв'ю New York Post.

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках