«Глядзелі з папрокам, накшталт «чаго прысунуліся»
64- 8.10.2024, 18:40
- 51,720
Расейскі турыст расказаў аб паездцы ў Беларусь.
Пра сваю паездку ў Беларусь расказаў адзін з расейскіх аўтааматараў на спецыялізаваным сайце. Мужчына з сям'ёй планаваў праехаць па маршруце Віцебск - Менск - Берасце - Белавежская пушча - Гародня - Менск, піша «Наша Ніва». Аднак праз негатыўнае ўражанне пасля наведвання першых двух гарадоў кампанія вярнулася дадому. Што іх так не задаволіла?
Першае, на што расейскі падарожнік звяртае ўвагу, гэта стан дарог: «Усе пішуць, што дарогі ў Беларусі проста ідэальныя. Гэта няпраўда. У РФ дарога да Масквы значна лепшая».
Другі момант, які выклікаў незадаволенасць у аўтааматара, - хуткасны рэжым. Ён скардзіцца на тое, што перавышаць абмежаванне хуткасці можна ўсяго на 10 кіламетраў за гадзіну. Пры гэтым на дарогах шмат камер фіксацыі.
Не спадабаўся расейцу і стыль кіравання на вуліцах сталіцы: «На аўто не хопіць нерваў ездзіць, бо ўсе цягнуцца, а адзінкі нясуцца па выдзеленай паласе. Затое маршруткі і тралейбусы носяцца, нібыта спяшаюцца на пажар, а людзі ў салоне лётаюць з боку ў бок».
У Віцебску і Менску расейца здзівілі амаль пустыя вуліцы і адсутнасць наведвальнікаў у турыстычных мясцінах.
«Віцебск нагадвае правінцыйны горад РФ з разбітымі дарогамі. Досыць адысці ад цэнтральнай вуліцы ў двор, і тамака адразу карціна алеем: смецце, смурод, бруд і пустазеллі».
У Менску расеец звярнуў увагу на вялікую колькасць закрытых сеткавых крам. «Спыталі, чаму зачыненыя, сказалі - не акупляюцца. Акрамя турыстаў з РФ і крыху з Кітая, больш ніхто да іх не едзе. Лагічна. Сэрвіс на нулі, і вакол маркотная карціна».
Аўтар таксама крытыкуе дарогі і вуліцы сталіцы Беларусі, якія «далёкія ад дасканаласці і патрабуюць рамонту, як і ходнікі, шмат што разбурана».
Незадаволенасць расейвскага турыста выклікала і тое, што ў метро аб'явы прыпынкаў робяць на беларускай і англійскай мовах. «Браты называецца! Даводзіцца ўвесь час круціць галавой, каб не праехаць свой прыпынак».
Пазней, адказваючы на каментары да свайго допісу, мужчына расказаў пра стаўленне беларусаў да расейцаў:
«Калі даведваліся, што мы з Расеі, то пры аплаце чэка ў пунктах харчавання прасілі пакінуць гасцінец. (…) Іншыя проста глядзелі з папрокам, кшталту «чаго прысунуліся». Адна жанчына, прадавачка ў сувенірнай краме, пачала выказвацца, навошта вы развязалі вайну, сядзіце ў сябе ў Расеі і няма чаго вам ваяваць з іншымі. (…) Нас з большай павагай да СВА сустракалі ва Украіне, чым у РБ».
Як адзначае аўтар, «уражанні ад двух гарадоў развеялі міф аб тым, што ў РБ ваў!».
«Мы разважылі не ехаць далей і паехалі назад у РФ. (…) Другі раз туды не паедзем, за гэтыя грошы з лепшымі відамі і ўзроўнем сэрвісу можна прабавіць час у Маскве».