Больш за палову выбарнікаў у ЗША прагаласуюць на выбарах датэрмінова
1- 31.10.2024, 20:16
- 1,068
Апытанне Gallup.
Амерыканцы рэкорднай колькасцю прыходзяць на датэрміновае галасаванне на ўсеагульных выбарах: больш за палову зарэгістраваных выбарнікаў краіны ўжо прагаласавалі або плануюць зрабіць гэта да дня выбараў, паведамляе апытанне Gallup, апублікаванае сёння. Сёлета 54% зарэгістраваных выбарнікаў плануюць датэрмінова прагаласаваць, што на 10% менш, чым на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе, якія праходзілі падчас пандэміі COVID-19, інфармуе The Hill.
42% рэспандэнтаў збіраюцца галасаваць 5 лістапада, 34% – да гэтай даты, і 20% ужо аддалі свае галасы. Апытанне таксама паказала, што 63% зарэгістраваных выбарнікаў, якія з'яўляюцца дэмакратамі ці падтрымліваюць дэмакратаў, ужо прагаласавалі ці плануюць галасаваць да дня выбараў у параўнанні з 47% рэспубліканцаў.
Абедзве партыі выказалі ўпэўненасць у датэрміновых галасаваннях, але стратэгі папярэджваюць, што не трэба выкарыстоўваць заўчасныя звесткі для прагназавання вынікаў выбараў.
Gallup правяла тэлефонныя інтэрв'ю на ангельскай і гішпанскай мовах з 14 да 27 кастрычніка сярод 1007 дарослых людзей старэйшых за 18 гадоў па ўсёй краіне. Хібнасць выбаркі складае плюс-мінус 4 адсоткавыя пункты.