У Расеі загаварылі пра «трэцюю чачэнскую вайну»
- 31.10.2024, 18:26
- 7,688
Нарастае супрацьстаянне паміж Z-блогерамі і «кадыраўцамі».
У РФ успыхнуў чарговы канфлікт кіраўніцтва Чачэніі з федэральным цэнтрам і іншымі расейскімі рэгіёнамі. Чачэнскім уладам не спадабалася ўведзеная ва Уладзімерскай вобласці забарона на нашэнне хіджабаў і нікабаў у школах.
Сваё абурэнне, сярод іншых, выказаў «правая рука» Рамзана Кадырава дэпутат Дзярждумы Адам Дэлімханаў, які назваў уведзеную ва Уладзімірскай вобласці забарону «дыскрымінацыяй» і «парушэннем Канстытуцыі», паведамляе «Дыялог».
У прэс-службе рэгіянальнага Мінадукацыі, у сваю чаргу, паказалі, што «РФ – свецкая дзяржава, у якой царква аддзеленая ад дзяржавы».
На абурэнне Дэлімханава і іншых прадстаўнікоў уладаў Чачэніі адрэагавалі адразу некалькі Z-блогераў, якія запатрабавалі ад чачэнскага кіраўніцтва не ўмешвацца ў справы іншых рэгіёнаў. Больш за тое, ужо не першы раз прагучала меркаванне пра «неўнікнёнасць трэцяй чачэнскай вайны». На гэты раз такі пункт гледжання агучыў аўтар канала Alex Parker Returns.
Z-канал «Два маёры» піша, што «дзяржаваўтваральны народ у РФ пакуль не чачэнскі», і высмейвае незлічоныя ўзнагароды, якія чачэнскае кіраўніцтва ўручае сыну Кадырава Адаму.
Z-ваенкар Юрый Кацянок патрабуе ад уладаў Уладзімірскай вобласці і федэральнага цэнтра «ні ў якім разе не прагінацца, а то потым адгукнецца».
У сваю чаргу Z-блогер Раман Сапонькаў мяркуе, што выпады чачэнскіх уладаў сведчаць пра слабасць федэральнага цэнтра падчас вайны.