31 кастрычнiка 2024, Чацвер, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Князь Даўмонт: як Пскоў быў беларускім

3
Князь Даўмонт: як Пскоў быў беларускім

Князь з Крэва абараняў горад ад крыжакоў і стаў праваслаўным святым.

Даўмонт валодаў княствам Нальшанскім са сталіцай у Крэве. Дата ягонага нараджэння невядомая, як і не вядома дакладна, хто былі ягоныя бацькі. Паводле адной з версій, ён з'яўляўся сынам літоўскага, Жамойцкага і расейскага князя Рамана, паводле іншай - быў старэйшым братам Тройдзеня, піша vklby.com.

Як князь Нальшанскі, Даўмонт падпадаў пад уладу Міндоўга. У 1258-м годзе ён адбіваў нашэсце аб'яднанага войска хана Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Аднак, пасля таго як Міндоўг сілай забраў ягоную жонку, Даўмонт разам з іншымі князямі складае змову супраць караля і ў 1263-м годзе ім удаецца ажыццявіць забойства Міндоўга. Трон Вялікага княства займае князь жамойцкі Трэнята.

У 1265-м годзе Даўмонт разам з дваром і дружынай бяжыць з Нальшанаў у Пскоў, бо сын забітага Міндоўга Войшалк арганізоўвае карны паход на ўсіх князёў, якія бралі ўдзел у забойстве ягонага бацькі. У Пскове князь Даўмонт прымае хрышчэнне і атрымлівае імя ў гонар пакутніка Цімафея Палесцінскага. Неўзабаве яго выбіраюць Пскоўскім князем. Даўмонт стварае баяздольнасць войска з пскоўскага апалчэння, ядром якога з'яўляецца яго загартаваная ў баях нальшанская дружына колькасцю блізу ста чалавек. Таксама князь умацоўвае Пскоў новай цаглянай абарончай сцяной.

Вядома, Даўмонт спадзяваўся вярнуць сабе Нальшанскае княства, таму двойчы хадзіў вайной на стаўленіка Войшалка ў Нальшанах Гердзеня. У 1266 князь здзейсніў напад на Полацк, непрыкметна прабраўшыся праз дрымучыя лясы, ён уварваўся ў Полацк, разрабаваў яго і захапіў у палон жонку і дзяцей Гердзеня. Пакуль апошні збіраў войскі для пагоні, Даўмонт пераправіўся праз Дзвіну, адправіў абоз са здабычай у Пскоў, а сам застаўся чакаць пагоню. Калі прыбылі воіны Гердзеня з хаўруснікамі пачалі перапраўляцца праз брод, Даўмонт нечаканым конным ударам загнаў іх назад у раку, не даўшы перабудавацца ў баявы парадак. Гэтыя падзеі так моцна паўплывалі на наўгародцаў, што яны адмовіліся ад удзелу ў паходзе супраць Пскова, які ім прапанаваў вялікі князь Яраслаў.

Праз год у 1267-м годзе князь Даўмонт, сабраўшы дружыну з наўгародскіх добраахвотнікаў, зноў адправіўся ў паход на Літву, але, не здолеўшы вярнуць сабе Нальшанскую зямлю, змірыўся са стратай і пастанавіў прысвяціць сябе служэнню Пскову. Неўзабаве ён ажаніўся на ўнучцы Аляксандра Неўскага.

У наступным 1268-м годзе Даўмонт удзельнічаў у паходзе на Лівонскі ордэн. У бітве 18 лютага каля прыморскага замка Ракавора ён камандаваў палком правай рукі. Пасля бітвы зладзіў самастойны рэйд углыб Лівонскай тэрыторыі, дайшоўшы да Балтыйскага мора.

У 1269-м годзе князь Даўмонт абараняў пскоўскія землі ад набегаў крыжакоў і вытрымаў дзясяцітыднёвую аблогу Пскова. Увесну 1271 года з малалікім атрадам дагнаў і разбіў лівонскіх крыжакоў, якія вярталіся з рэйду па пскоўскай зямлі са здабычай і палоннымі. 8 чэрвеня 1272-га года, не чакаючы падмогі з Ноўгарада, разбіў войскі Лівонскага ордэна, якія падышлі пад сцены Пскова з вялікімі сіламі і з аблогавых машын. Нечакана для крыжакоў Даўмонт зрабіў рашучую вылазку. Яму ўдалося рассеяць атрады праціўніка, у гэтай бітве быў паранены магістр. Пасля перамогі ваенныя дзеянні распаўсюджваюцца на эстонскія тэрыторыі Лівонскага ордэна, пасля чаго на два дзясяцігоддзі адбіваецца ахвота ў крыжакоў нападаць на Пскоў і яго зямлі. У гонар гэтай перамогі князь Даўмонт пабудаваў тры храмы ў гонар святых, якія дапамагалі яму ў бітвах.

У сакавіку 1299-га года лівонскія рыцары зноў аблажылі Пскоў. Уначы яны нечакана прарваліся на тэрыторыю Пскоўскага пасада. Даўмонт, рызыкуючы ўпусціць ворага ў замак, адкрыў браму і імклівай атакай адкінуў ворага назад. Перамога зноў засталася за ім. І стала для яго апошняй, бо неўзабаве ён памёр ад эпідэміі. Пахавалі яго ў Пскоўскім Траецкім саборы. Над магілай быў павешаны меч з надпісам «Honorum meum nebus davo» (Гонар свой не аддам нікому). Ягоны сын Давід, які па волі бацькі вярнуўся на зямлю сваіх продкаў у Літву, у выніку стаў вялікім ваяром і абаронцам сваёй зямлі, як і ягоны бацька.

У XVI стагоддзі Расейская Праваслаўная царква залучыла князя Даўмонта да ліку святых, а ў 1574-м годзе ў Пскове асвяціла храм у гонар Святога Даўмонта-Цімафея.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках