У Нарвегіі за палярным колам пачнуць сушыць рыбу цеплынёй ад майнінгу біткойна
7- 29.10.2024, 19:49
- 4,124
Абсталяванне для майнінгу моцна награваецца пры працы.
У Нарвегіі цяпло, якое выпрацоўваецца абсталяваннем для майнінгу, будуць выкарыстоўваць для сушкі рыбы. З 1 снежня ў невялікім нарвежскім рыбацкім мястэчку пачне здабычу біткойнаў кампанія Sazmining, якая накіруе лішкі цяпла на ацяпленне будынка, у якім у тым ліку будуць сушыць рыбу, піша CoinDesk.
Пасёлак, у якім размешчаны будынак плошчай 350 квадратных метраў, спраектаваны Sazmining, знаходзіцца на ўзбярэжжа Нарвегіі за палярным колам. Кампанія, апроч прыбыткаў ад майнінгу, будзе атрымліваць грошы за ацяпленне гэтага будынка.
«Цяпло – сапраўды крытычна важны рэсурс у гэтым рэгіёне свету. Большую частку года там мінус 20 градусаў паводле Цэльсія... Частка цяпла [ад машынаў] фактычна будзе сыходзіць на сушку рыбы, якая з'яўляецца часткай мясцовай эканомікі», – расказаў выданню генеральны дырэктар Sazmining Кент Халібертан.
Абсталяванне для майнінгу моцна награваецца пры працы, і неабходна адводзіць ад яго лішняе цяпло. На аб'екце Sazmining, агульная магутнасць якога складзе 2,6 мегаватаў (МВт), у прылады будзе падавацца астуджальная вадкасць па спецыяльных трубках – яна будзе паглынаць цяпло ад абсталявання і перанакіроўваць яго ў астатнюю частку будынка. На выпадак жа перагрэву Sazmining устанавіла на даху будынка дадатковае астуджальнае абсталяванне.
Спосаб астуджэння абсталявання для майнінгу без вентылятараў дазваляе здабываць крыптавалюту без шуму, таму працоўныя прылады не будуць перашкаджаць людзям у будынку. Паводле словаў Халібертана, наведвальнікі змогуць назіраць ферму праз сцяну з аргшкла.
Улады Нарвегіі адмоўна ставяцца да майнінгу і абмяжоўваюць яго на тэрыторыі краіны. Але Халібертан сцвярджае, што аб'ект Sazmining прадэманструе перавагі здабычы біткойнаў.
«Майнінг біткойнаў звязаны з вялікімі выкідамі парніковых газаў і з'яўляецца прыкладам бізнэсу, які мы не хочам бачыць у Нарвегіі», – заявіў раней міністр энэргетыкі Нарвегіі Тэр'е Осланд.
Кіраўнік майнінгавай кампаніі кажа, што ўладам будзе складана абгрунтаваць адключэнне фермы, паколькі «гэта паставіла б пад пагрозу жыццё людзей у такім халодным будынку ў зімовыя месяцы».