Барыслаў Бэрэза: Лукашэнка можа памерці ў кожны момант
45- 4.01.2024, 13:35
- 46,720
Дыктатару трэба баяцца самога сябе.
На беларускіх прадпрыемствах пачалася «дронафобія». На абарону нафтавых рэзервуараў на двух НПЗ ставяць абарону ад БПЛА.
Чаго баіцца рэжым Лукашэнкі? Гэтае пытанне сайт Charter97.org задаў украінскаму палітычнаму дзеячу, экс-дэпутату Вярхоўнай Рады Барыславу Бярозе:
- Гэта ўсяго толькі імітацыя бурнай дзейнасці, ніякага нападу не можа быць. А калі нешта такое і адбудзецца, як Лукашэнка будзе адбівацца, калі ён тэхніку і набоі перадае Расеі, а Беларусь фактычна пакідае «голай»? Мне было б цікава пачуць адказ на гэтае пытанне, таму што імітацыя бурнай дзейнасці - гэта адно, а напраўду ён абяззбройвае зараз Беларусь перад магчымым нападам, напрыклад - з боку Расеі.
Хаця, гэта нават да лепшага. Калі пачнуцца нейкія працэсы ўнутры Беларусі, то беларускім апазіцыянерам будзе лягчэй памяняць уладу, калі рэжыму не будзе чым супраціўляцца. Калі ўладзе не будзе чым супраціўляцца — супер, тады яе лягчэй будзе перамагчы.
- Вы сказалі пра напад з боку Расеі, у якім выпадку гэта можа адбыцца?
- Гэта можа адбыцца, калі Беларусь раптам захоча стаць незалежнай дзяржавай. І гэта, дарэчы, сапраўды праблема, бо пакуль Беларусь фактычна цалкам пад пятой Крамля, краіне няма чаго баяцца. Але як толькі зменіцца рэжым, а Беларусь захоча сама прымаць пастановы, а не слухацца Маскву ва ўсім, дык могуць пачацца пэўныя падзеі.
- Ці можа ў Беларусь прыляцець нейкі «шалёны дрон»?
- Нядаўна расейская ракета заляцела ў Польшчу, чаму расейская ракета або дрон не могуць заляцець у Беларусь? Улічваючы крыварукасць расейскіх аператараў дронамі і ракетамі, можна чакаць усё што хочаш.
- Як цяпер ва Украіне ставяцца да таго, што Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для нападу расейцаў?
- Нічога не змянілася, гэтага ніхто не забудзе. Я думаю, што ўсялякія працэсы можна разгортваць. Калі ўлічыць, што беларусы самі не прымалі масавага ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць Украіны, беларускія войскі не былі ўведзеныя, то будзе момант пакаяння, будзе момант прызнання віны, прабачэнні - і будзе змена ў стасунках.
Калі ўсё гэта адбудзецца, то стасункі будуць развівацца ў станоўчы бок. Калісьці ў Нямеччыны з Ізраілем былі адкрыта варожыя стаункі, потым усё змянілася. На сённяшні дзень гэтыя стасункі больш чым сяброўскія.
- Чаго сёння напраўду павінен баяцца Лукашэнка?
- Лукашэнка напраўду павінен баяцца толькі аднаго - самога сябе. Ён можа здохнуць у кожны момант і ніхто з ягоных сыноў не зойме ягоную пасаду. Больш за тое, яны могуць адправіцца следам за татачкам, выпадкова атруціўшыся рыбкай або трапіўшы ў аўтакатастрофу. А Пуцін выкарыстае гэта, каб паставіць свайго кішэннага прэзідэнта, і на гэтым усё скончыцца.