Старшы дарадца НХК: Калі мы падалі даклад, еўрапейскім палітыкам стала сорамна
10- 31.01.2024, 16:13
- 21,876
Ці гатовы Захад змагацца з абыходам антырасейскіх санкцый?
Чаму санкцыі супраць Расеі, уведзеныя Захадам, абыходзяцца? Якую ролю ў гэтым адыгрывае рэжым Лукашэнкі? Якія еўрапейскія краіны сталі лідарамі ў парушэнні абмежавальных мер?
На гэтыя пытанні ў сваім дакладзе адказваюць экспэрты з Нарвежскага Хельсінкскага камітэта ў супрацоўніцтве з кампаніяй уаналізе рызык Corisk, юрыдычнай фірмай Wikborg Rein і Еўрапейскім кансалтынгавым агенцтвам Rud Pedersen.
Экспэрты перадалі даклад грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", якая пераклала яго з англійскай на расейскую мову.
Поўную версію даклада можна прачытаць праз спасылку.
Сайт Charter97.org папрасіў старшага дарадцу Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Івара Далі пракаментаваць працу экспэртнай групы.
- Прарабіўшы такую вялікую працу, ці адказалі вы для сябе на пытанне: ці эфектыўным інструментам для ціску на расейскі рэжым з'яўляюцца санкцыі?
- Так, вядома. Мы прыйшлі да высновы, што санкцыі эфектыўныя, і могуць стаць яшчэ значна больш эфектыўнымі, калі заходнія краіны ўважліва сочаць за тымі кампаніямі, якія выкарыстоўваюць "дзіркі" ў бюракратыі, каб прадаць Расеі санкцыйныя тавары.
Тут больш ідзе гаворка пра зброю і матэрыялы, якія дапамагаюць, нават неабходныя для працягу вайны Расеі супраць Украіны.
Нельга, каб Захад адначасова дапамагаў Украіне супрацьстаяць Расеі, але адначасова абыходзіў уласныя санкцыі.
Важна, каб краіны СНД не сталі транзітнымі зонамі для амаральных еўрапейцаў і Пуціна. Мы сустрэліся і з прадстаўнікамі Казахстана і Кыргызстана, каб даведацца пра іх меркаванне на гэту тэму. У прынцыпе, усе працуюць супраць такой практыкі, але ўсё адно ёсць прыклады, калі гэта адбываецца. Але крыніца гэтых прадуктаў – усё ж такі сам Захад.
- Сёння вельмі папулярны наратыў (яго можна пачуць і ў заходніх СМІ), што «санкцыі зусім не працуюць». Ці можа гэта быць элемэнтам расейскай прапаганды?
- Натуральна. Варта пачытаць некалькі твітаў ад расейскага МЗС. Там ёсць цэлая тэма аб тым, як санкцыі не працуюць. А сур'ёзны аналіз паказвае адваротнае. Галоўнае, каб мы ўсё зразумелі, у якіх пунктах санкцыі не працуюць, палепшылі сістэму.
- У дакладзе шмат гаворыцца і аб рэжыме Лукашэнкі. Якія крокі павінен зрабіць Захад, каб выключыць Беларусь са схем абыходу антырасейскіх санкцый?
- З уладамі краін Цэнтральнай Азіі і Каўказа можна сустрэцца і пагаварыць на розных канферэнцыі. Нават мы як НДА можам зайсці ў амбасаду і задаваць пытанні. Яны зацікаўлены ў спакойных стасунках з Расеяй, але поўнасцю разумеюць становішча Украіны. Бо яны самі могуць стаць ахвярамі расейскага ўварвання. З Лукашэнкам ці прадстаўнікамі афіцыйнай Беларусі, на жаль, такое немагчыма.
- Ці ёсць у Захаду палітычная воля працаваць над гарманізацыяй санкцыйнага рэжыму і яго ўзмацненнем?
- Калі мы пачалі хадзіць па заходніх офісах з нашым расследаваннем, вельмі хутка стала ясна, што ёсць зацікаўленасць. Усім сорамна, ніхто не хоча быць звязаны з такімі «справункамі», як абыход санкцый. Усе ведаюць, што адбываецца ва Украіне. Еўрапейскія палітыкі ведаюць многіх украінцаў.
У ЕЗ зараз запрацаваў сайт, дзе можна ананімна паведаміць аб фактах парушэнняў санкцый з боку еўрапейскага бізнэсу.
— У дакладзе ёсць вельмі цікавая выснова: абыход ці дапамога ў абыходзе антырасейскіх санкцый, могуць разглядацца як дапамога ва ўчыненні злачынстваў супраць чалавечнасці ва Украіне. Наколькі, на вашую думку, вялікая магчымасць таго, што такія судовыя працэсы з’явяцца ў будучыні?
- Мы размаўлялі з юрыстамі, парушэнне санкцый, заробак на трагедыі ўкраінцаў, гэта не толькі ганебна, але і крымінальна.
У першыя дні, вядома, былі тыя, хто не ведаў правіл. А зараз мала хто можа сказаць, што не чуў пра іх. І тады ў гэтых дзеяннях ёсць намер. Гэта значна больш сур'ёзна.