Аляксей Мельнік: Расейскія ракеты небяспечныя і для расейцаў
33- 2.01.2024, 13:03
- 38,150
Украінскі вайсковы экспэрт расказаў, чаму Расея ўдарыла па Варонежскай вобласці.
29 снежня Расея зладзіла самую маштабную ракетную атаку на Украіну, у выніку чаго былі разбурэнні, загінулыя і пацярпелыя ў шэрагу местаў. Акупанты ўжылі 158 ракет і дронаў. Раніцай 2 студзеня РФ фактычна паўтарыла ракетную атаку 29 снежня як тыпамі ракет, так і колькасцю сродкаў паветранага нападу.
Чаму расейцы перайшлі да такіх вялікіх удараў? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з судырэктарам праграм замежнай палітыкі і міжнароднай бяспекі Цэнтра Разумкова, першым памочнікам міністра абароны Украіны (2005-2008), ваенным экспэртам Аляксеем Мельнікам:
- Не ведаю, наколькі дакладная фармулёўка "перайшлі", гэта ўжо было ў мінулым, проста быў працяглы перапынак. Усю восень гэта назапашвалася, практычна не было выкарыстання ў вялікіх колькасцях менавіта крылатых ракет. Але ішлі пастаянныя атакі з дапамогай беспілотнікаў, што можна ацэньваць як падрыхтоўку да такіх масаваных удараў. Была выведка СПА, спроба яе знясілення і назапашванне ракет, таму нічога новага і непрагназуемага не адбываецца.
- Ці шмат ракет маглі назапасіць расейскія акупанты?
- Ёсць розныя адзнакі, але ў кожным выпадку, калі ўлічваць магчымасці вытворчасці, то гэта некалькі дзясяткаў на месяц кожнага з гэтых тыпаў. Калі разглядаць удары, якія наносяцца па прыфрантавой зоне, асабліва па Харкаве, то там ужываюцца ракеты комплексу С-300, а іх запасы практычна невычэрпныя, лік ідзе на некалькі тысяч. Яны найбольшую небяспеку нясуць, тбогэта невысокадакладная зброя, вельмі смяротная, а час падлёту практычна не дазваляе рэагаваць, нават у плане абвесткі аб небяспецы.
- Сёння расейская ракета ўпала на сяло ў Варонежскай вобласці. З чым мог быць звязаны такі інцыдэнт?
- Зноў-такі, гэта далёка не першы выпадак. Прычыны там могуць быць розныя, але гэта гаворыць аб тым, што ўсюды, дзе пралятае расейская ракета, яна нясе небяспеку. Гэта можа быць тэрыторыя самой Расейскай Федэрацыі, 29 снежня быў зафіксаваны пралёт над тэрыторыяй Польшчы, да гэтага была Румынія, Малдова. Гэта значыць, гэтыя ракеты небяспечныя не толькі для Украіны і суседніх краін, але і для насельніцтва самой Расейскай Федэрацыі.
На жаль, у мяне няма надзеі, што самі расейцы гэта разумеюць. Да гэтага былі дзве бомбы, якія ўпалі на Белгарад з расейскага самалёта, падалі ракеты ў Астраханскай вобласці, Валгаградскай. Але на гэта не было ніякай грамадскай рэакцыі, нічога не гаворыць аб тым, што гэтым разам будзе нешта інакш.