У Жабінкаўскім раёне зафіксаваны першы ў рэгіёне выпадак захворвання на адзёр
2- 12.01.2024, 19:47
- 4,484
Эпідэміёлагі далі рэкамендацыі.
У Берасцейскай вобласці працягваецца рэгістрацыя выпадкаў захворвання на адзёр. Адзін з апошніх быў зафіксаваны ў Жабінкаўскім раёне ў студзені, расказаў тэлеграм-канал "Жабінка актуальная".
Паводле звестак на канец лістапада мінулага года ў Беларусі было зарэгістравана толькі 59 выпадкаў адру. У Міністэрстве аховы здароўя адзначалі, што асяродкі захворвання фіксаваліся ва ўсіх рэгіёнах краіны, за выняткам Берасцейскай вобласці.
Нагадаем, у Беларусі штогод рэгіструюцца выпадкі завозу віруса адру на тэрыторыю краіны (за выняткам 2008, 2009, 2020, 2022 гадоў). У апошнія дзесяць гадоў найбольш захворванняў на адзёр рэгістравалася ў 2018 і 2019 гадах — больш за 2 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва.
Калі ў вас з'явіліся сімптомы, падобныя да захворвання на адзёр (павышэнне тэмпературы, з'яўленне высыпкі і гэтак далей), эпідэміёлагі рэкамендуюць:
- звярнуцца па медыцынскую дапамогу з дапамогай выкліку на дом лекара або брыгады хуткай медыцынскай дапамогі (не наведваць паліклініку самастойна);
- выключыць або максімальна абмежаваць свае кантакты са сваякамі, знаёмымі ды іншымі людзьмі, каб не заразіць іх;
- выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі аховы органаў дыхання (медыцынская маска);
максімальна часта праветрываць памяшканні і праводзіць вільготнае прыбіранне;
- выконваць «рэспіраторны этыкет» і гігіену рук (мыць рукі вадой з мылам або выкарыстоўваць сродак (пажадана спіртазмяшчальны) для дэзінфекцыі рук);
- абавязкова паведаміць лекару аб выправах за межы краіны або сялібы.