4 траўня 2024, Субота, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яны былі героямі, але не ведалі пра гэта

12
Яны былі героямі, але не ведалі пра гэта
Ірына Халіп
Фота: «Наша Ніва»

55 гадоў таму на Красную плошчу выйшлі восем савецкіх грамадзян-пратэстоўцаў.

Дык што там сказаў нябожчык перад смерцю? А можа, гэта ўвогуле двайнік, а сам нябожчык жывенькі? Ці там ужо даўно ўсе двайнікі, а Крэмль паляцеў на Марс, дзе жыве і квітнее? З гэтай інфармацыйнай багны не абрацца, самалёт з Прыгожыным будзе абмяркоўвацца ўсімі і на ўсе лады. Не буду далучацца да хору, бо хачу нагадаць усім, што сёння вельмі важная дата, якая захаваецца ў гісторыі назаўжды, у адрозненне ад імгненных дохлых вырадкаў.

Роўна 55 гадоў таму, 25 жніўня 1968 года, восем савецкіх грамадзян выйшлі на Красную плошчу Масквы і разгарнулі плакаты «За вашу і нашу свабоду!», «Рукі прэч ад ЧССР!» і «Ганьба акупантам!». Гэта быў іх асабісты адказ акупацыі Чэхаславаччыны. Гэтыя восем чалавек пратрымаліся роўна пяць хвілін. Дакладней, іх было нават дзевяць - паэтка Наталля Гарбанеўская прыйшла на плошчу з вазком, у якім мірна спаў малы Вося. У Наталлі ў руках быў не плакат, а чэхаславацкі сцяжок - так яны дамовіліся загадзя ў надзеі, што маці з дзіцем у вазку не крануць.

Праз пяць хвілін наляцела гэбуха і міліцыя. Потым была Лефартоўская турма, суд, запоўнены безаблічнымі людзьмі ў цывільным, і прысуды. Далей - ссылкі, лагеры, псіхушкі. А пасля - па-ўсякаму. Бліскучы навуковец-лінгвіст Канстанцін Бабіцкі, які займаўся трансфармацыйнай граматыкай, быў выгнаны з чыстых шэрагаў савецкай навукі і працаваў цесляром і рознарабочым. Ларыса Багараз вырабляла лялькі для цюменскага лялечнага тэатра. Вадзім Дэлоне памёр у 35 гадоў ад сардэчнай недастатковасці.

Сёння ў жывых засталіся двое - Павел Ліцвінаў і Таццяна Баева. Некалькі дзён таму я размаўляла з Ліцвінавым, ён успамінаў 25 жніўня. І ведаеце, што мяне здзівіла больш за ўсё? Поўная адсутнасць патэтыкі. Я ўвесь час задавала яму пытанні, адказы на якія мусілі быць нечым патэтычным - наконт смеласці, годнасці, немагчымасці жыць у стане вечнага кампрамісу, барацьбы за праўду і справядлівасць. Нічога падобнага Ліцвінаў, гераічны дысідэнт шасцідзясятых, мне не сказаў. Бо не было ў іх выхадзе на плошчу нічога, з іх пункту гледжання, асаблівага. Проста надумалі - і выйшлі, інакш не жылося. І ніякіх мушкецёрскіх клятваў, ніякіх «адзін за ўсіх і ўсё за аднаго», ніякіх угавораў сустрэцца на гэтым самым месцы пасля выхаду на волю. Проста сабраліся на судзе ў дысідэнта Анатоля Марчанкі ў той самы дзень, калі ў Чэхаславакію ўвайшлі войскі, ды і падумалі, што неяк зусім не хочацца пра гэта маўчаць. Пасля лагераў і спасылак яны ўсё сустракаліся, вядома. Але ніякіх урачыстых прамоў і шматслоўных тостаў не было. Ды і за адным сталом адмыслова не збіраліся. Проста сустракаліся, бо былі аднадумцамі, хадзілі аднымі дарогамі і бывалі ў адных і тых жа дамах. Яны былі героямі, але не ведалі пра гэта. Пакуль не адбылася аксамітная рэвалюцыя, не прыйшоў да ўлады Вацлаў Гавэл і не пасыпаліся на ўсіх васьмярых дзяржаўныя ўзнагароды Чэхіі і Славакіі, яны ўвогуле думалі пра гэтую дэманстрацыю толькі як пра адну з многіх гісторый, якія здарыліся ў жыцці.

Напэўна, у кожнага нармальнага чалавека, якому давялося жыць у таталітарнай краіне, мусіць быць свая Плошча. Розныя пакаленні перакрыкваюцца, працягваюць адзін аднаму рукі, пішуць лісты, перадаюць вестачкі - з 1968 года ў наш час. Наталля Гарбанеўская, якая з'ехала пасля турмы і прымусовага лячэння ў псіхушцы ў Францыю, у 2011 годзе прыязджала ў Менск падтрымаць вязняў Плошчы-2010. А ў 2013 годзе яна зноў выходзіла на Красную плошчу ў Маскве - на акцыю памяці. На тых жа прыступках ля Лобнага месца такі ж плакат з надпісам «За вашу і нашу свабоду» развярнулі 12 чалавек.

І гэта адказ на пытанне «чаму так мала». Ды таму, што колькасць увогуле не мае значэння. У 1968 годзе іх магло быць не восем, а пяцёра ці двое. Ды няхай нават адзін-адзіны. Але калі плакат «За нашу і вашу свабоду!» разгорнуты - хоць адным чалавекам, хоць на хвіліну, хоць без усялякіх надзей на светлую будучыню, - гэта ўжо мае сэнс. Проста таму, што гэты наіўны ўчынак апраўдвае само існаванне чалавецтва. У кожных умовах, у кожным пекле знойдзецца чалавек, дзякуючы якому будзе не сорамна жыць усім астатнім.

Так што калі казаць пра нас - з усімі нашымі сотнямі тысяч на вуліцах, з нашымі мільёнамі стаптаных на плошчах за два апошнія дзесяцігоддзі чаравікаў, з тысячамі квадратных кіламетраў ватмана для плакатаў і дзясяткамі тысяч метраў тканіны для бел-чырвона-белых сцягоў, - усё не дарма, спадарства.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках