18 траўня 2024, Субота, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салідарнасць як убудаваная ўтыліта

4
Салідарнасць як убудаваная ўтыліта

Дапамога палітвязням - лад жыцця да канца дыктатуры.

Беларусы - геніі салідарнасці. Гэтую фразу я не стамляюся паўтараць шмат гадоў. На днях прачытала, як жыхары Салігорску сталі ў чаргу, каб здаць кроў для свайго земляка, хворага на лейкемію, - і зноў паўтарыла: геніі салідарнасці, што тут яшчэ сказаць.

Усе яшчэ памятаюць, як у Новай Баравой тры гады таму адключылі ваду, і з усіх раёнаў Менска гараджане павезлі каністры і бутэлькі з вадой, каб дапамагчы. Усе памятаюць, як прыватныя медцэнтры бясплатна лячылі пацярпелых падчас пратэстаў, як уладальнікі кавярняў упускалі тых, хто ратуецца ад АМАПа, і зачынялі дзверы перад сілавікамі, як аўтамабілісты-добраахвотнікі дзяжурылі каля Акрэсціна і жодзінскага СІЗА, развозячы па дамах тых, хто адбыў адміністрацыйныя арышты. Гэта першыя прыклады з нядаўняга мінулага, якія прыходзяць у галаву. Але так было заўжды.

Магчыма, салідарнасць і гатоўнасць неадкладна прыйсці на дапамогу - гэта нейкая ўбудаваная ў праграмнае забеспячэнне беларускага мозгу ўтыліта. Мы з ёй нараджаемся і не заўважаем, як яна працуе, пакуль гэта не становіцца бачным усяму свету. І толькі тады, калі свет пачынае гучна захапляцца, мы глядзім адзін на аднаго і дзівімся: трэба ж, хоць сапраўды прымудраемся рабіць нейкія вельмі важныя рэчы, не заўважаючы гэтага. Утыліта, ведаеце.

Палітвязні ў Беларусі былі заўсёды. Хіба што «за Шушкевічам», у тыя дзіўныя тры гады беднасці і свабоды, цяжкасцяў і радасцяў, роспачы і спадзяванняў, нікога не саджалі за думкі і словы. А потым прыйшоў Лукашэнка, і слова «палітвязень» вярнулася ў лексікон тых, хто спадзяваўся яго ніколі больш не прамаўляць. Першым палітвязнем новага часу стаў паэт Славамір Адамовіч, якога арыштавалі за верш «Забі прэзідэнта». І падчас першага «Чарнобыльскага шляху» Алесь Бяляцкі збіраў грошы ў дапамогу сям'і Славаміра. У 2006 годзе на Плошчу да намётавага лагера пратэстоўцаў менчукі ішлі, не змаўляючыся, з цёплымі рэчамі, ежай і тэрмасамі з гарбатай. У 2010 - збіралі грошы для сем'яў палітвязняў. Потым - на аплату штрафаў за «дармаедскія» мітынгі і на дапамогу сем'ям арыштаваных паводле справы «Белага легіёна». І так - увесь час, да сённяшняга дня. Прычым да 2020 года - без тэлеграм-каналаў, а яшчэ раней - без сацыяльных сетак і нават часам без мабільных тэлефонаў. Цяпер нават немагчыма ўявіць, як мы тады прымудраліся сустракацца, знаёміцца, дамаўляцца і дапамагаць без усялякіх сродкаў сувязі і каардынатараў. Утыліта працавала - іншых версій няма.

У гэтай сталасці - галоўная асаблівасць дапамогі палітвязням: гэта не тэлемарафон, не шоў, не акцыя. Гэта лад жыцця беларусаў датуль, пакуль існуюць дыктатура і рэпрэсіі. Марафоны добрыя, калі патрэбен тэрміновы разавы збор - да прыкладу, ахвярам стыхійных бедстваў тэхнагенных катастроф. Тут усё зразумела: дзейнічаць трэба хутка, рашуча і, хутчэй за ўсё, аднаразова. Але калі гаворка ідзе пра палітвязняў, важней за ўсё не разавыя акцыі, а сталая дапамога. Гэта ўсё адно што другая праца. Напрыклад, у нядзелю замест выходнага хадзіць гуляць з дзецьмі, чые бацькі сядзяць на «хатняй хіміі» і не могуць у выходныя выходзіць з дому. І не адзін раз пайсці пагуляць з дзецьмі, а ўвесь час. Можна ладзіць вахты з сябрамі: сёння ты, заўтра я. Або рэгулярна купляць прадукты для перадач у СІЗА, узяўшы «пад апеку» пэўную сям'ю. Або аплачваць дастаўку тых жа прадуктаў, але не для перадач у СІЗА, а для сям'і палітвязня, якая апынулася ў складаным фінансавым становішчы. Варыянтаў вельмі шмат, прычым як у Беларусі, гэтак і за яе межамі. Галоўнае - зрабіць гэта звыклым, абавязковым. Магчыма, не заўсёды прыемным, але неабходным. Аднаразовы перавод грошай - гэта водкуп: вось, я малайчына, я перавёў, я дапамог. Сталая дапамога сям'і палітвязня, якую ты ведаеш ці знаходзіш праз сацсеткі ці праваабаронцаў, - гэта ўсвядомленае, працяглае ў часе дзеянне. Праца, валанцёрства ці, калі заўгодна, лад жыцця.

Дарэчы, з уласнага досведу (на шчасце ці да няшчасця, давялося пабываць і палітзняволенай, і жонкай палітвязня) магу сказаць: важней за ўсё для палітвязня - ведаць, што пра яго сям'ю клапоцяцца. Прыходзяць, тэлефануюць, пішуць, прыносяць падарункі дзецям, купляюць прадукты і дапамагаюць родным давезці да турмы цяжкую сумку з перадачай. Пакуль не пазнаёмішся з сям'ёй палітвязня, не даведаешся, што ёй сапраўды патрэбнае. Магчыма, нават не грошы, а простая фізічная дапамога.

А пазнаёміцца лёгка - цяпер ужо сапраўды ў кожным беларускім горадзе ёсць сем'і, дзе хтосьці сядзіць паводле палітычных артыкулаў. І я не сумняваюся, што мы - 97 адсоткаў, спадзяюся, па-ранейшаму актуальная лічба - зможам паклапаціцца аб кожнай сям'і. Мы ж геніі салідарнасці, нарэшце. У нас ёсць такая ўтыліта.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charer97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках