18 траўня 2024, Субота, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адказ на забойства Алеся Пушкіна: як спыніць Лукашэнку

38
Адказ на забойства Алеся Пушкіна: як спыніць Лукашэнку
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Неабходна неадкладна ўводзіць эмбарга на гандаль з Беларуссю.

Загуба ў турме вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна шакавала. Хаця гэта ўжо пяты палітычны вязень, які памірае ў беларускай турме пасля 2020 года. Пяты, якога мы ведаем. Імёны вялікай колькасці вязняў сумлення невядомыя праваабаронцам і журналістам. Да гэтага ў калоніі збілі да смерці грамадскага актывіста Вітольда Ашурка, ад сардэчнага прыступу ў катоўні памёр блогер Мікалай Клімовіч, з Лідскага РАУС выкінуўся (ці выкінулі?) паэт Зміцер Сарокін, на «хіміі» скончыў жыццё самагубствам грамадскі актывіст са Смаргоні Зміцер Дудойць.

Алесь Пушкін забіты ў турме, гэта не выклікае сумневаў, якія б фальшывыя экспертызы ні падсоўвалі карнікі сваякам. 57-гадовы мастак, да арышту поўны сіл, які не мае хранічных захворванняў, безупынна падпадаў пад катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. У апошніх лістах з гарадзенскай турмы ён паведамляў, што схуднеў за кароткі час на 20 кілаграм, пісаў, што вельмі баляць ныркі. Пушкіна без прытомнасці даставілі ў гарадзенскую лякарню хуткай дапамогі, падчас аперацыі ягонае сэрца спынілася...

Забіты адзін з найлепшых і светлых мастакоў Беларусі, які пісаў абразы і распісваў бажніцы. Забіты адзін з самых смелых мастакоў, які публічна выступаў супраць дыктатуры з першых дзён яе існавання. Забіты сапраўдны патрыёт, які любіў сваю краіну больш за жыццё.

Ягоная смерць ускалыхнула беларусаў, стыхійныя акцыі памяці Алеся Пушкіна прайшлі ля пасольстваў Беларусі за мяжой: людзі прыносілі кветкі, свечкі, нацыянальныя сцягі, выступалі, патрабавалі справядлівасці, пакарання вінаватых...

Хаця чаго патрабаваць ад лукашэнкаўскіх халуйскіх дыпламатаў? Адзінае, што беларускія дэмакраты могуць цяпер рабіць - гэта патрабаваць ўзмацнення санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму, аж да закрыцця меж з ЕЗ, поўнага эмбарга на гандаль з Беларуссю і спынення транзіту тавараў праз тэрыторыю краіны. Гэта тыя захады, якія Захад можа ўвесці. Патрэбная толькі палітычная воля.

Юрыдычныя падставы для гэтага ўжо створаны. Нядаўняя пастанова аб ужыванні ў дачыненні да Беларусі 33-га артыкула Статута Міжнароднай арганізацыі працы азначае ўвядзенне эмбарга на гандаль з Беларуссю. Рэкамендацыі МАП абавязаны прымаць урады краін-чальцоў арганізацыі. На сённяшні дзень удзельнікамі МАП з'яўляюцца 187 дзяржаў.

Менавіта слабасць уведзеных санкцый ды іх маштабны абыход дазваляе сёння рэжыму Лукашэнкі практычна бяскарна забіваць людзей у турмах. Ціск на вязняў сумлення ўзмацніўся менавіта тады, калі Захад спыніў уводзіць санкцыі супраць рэжыму. Больш за год супраць дыктатуры не ўводзіцца ніякіх захадаў, на беларускую кантрабанду ў ЕЗ зычліва заплюшчваюцца вочы, а лёс палітычных вязняў сышоў у цень і мала цікавяць заходніх бюракратаў. А людзі гінуць, людзей забіваюць. І сваякі палітычных вязняў, пра якіх часта дзеля поўнай ізаляцыі нічога невядома месяцамі, баяцца, што могуць іх больш не ўбачыць жывымі.

Мы можам спыніць забойствы ў цэнтры Еўропы. Для гэтага трэба знішчыць злачынны рэжым Лукашэнкі, ужыўшы супраць яго ўсе вагары ціску, якія толькі магчымыя. А гэтых вагароў свет мае больш чым дастаткова.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайту Charter97.org

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках