18 траўня 2024, Субота, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Айбаліт з бабруйскай зоны

15
Айбаліт з бабруйскай зоны
Ірына Халіп

З палітычных вязняў можна скласці ўрад, і не адзін.

У нядзелю стужка сацыяльнай сеткі стракацела віртуальнымі букетамі і віншаваннямі: дзень медыцынскага работніка, трэцяя нядзеля чэрвеня, і ўсе віншавалі лекараў - знаёмых і незнаёмых, тых, хто калісьці дапамог і дапамагае цяпер, якія выратавалі жыццё сваяку і вылечылі дзіця. А я адразу ўспомніла Андрэя Любецкага - сківічна-тваравага хірурга, які сядзіць у бабруйскай калоніі.

Раней у гэтую самую нядзелю Любецкі адказваў на тысячы віншаванняў. Бо злічыць дакладна, колькім дапамог ён, - немагчыма. Ды ён і не лічыў.

Калі Андрэй працаваў у дзіцячай лякарні, менавіта да яго з розных местаў Беларусі звозілі дзяцей з дзіцячых дамоў – з воўчай пашчай, заечай губой ды іншымі дыягназамі, якія ў свой час, магчыма, і сталі прычынай бацькоўскай адмовы. І Любецкі пазбаўляў гэтых дзяцей ад праблем, якія ў будучыні пазбавілі б іх магчымасці нармальна жыць. Гэтых дзяцей называлі б вырадкамі і здзекаваліся - і ў дзіцячым доме, і за яго межамі. А Любецкі вяртаў ім звычайныя, нармальныя, сімпатычныя твары. І слядоў не заставалася. Ён любіў сваіх пацыентаў і справядліва ганарыўся тым, што робіць.

А калі загадчык аддзялення ішоў у адпачынак, і Андрэя прызначалі выканаўцам абавязкаў, ён тут жа прымаў на лячэнне ўцекачоў, апатрыдаў, дзяцей, чые бацькі ў правінцыі не змаглі атрымаць накіраванне. Ягонае аддзяленне ператваралася на час адпачынку загадчыка ў вялікі гуманітарны цэнтр. Там аперавалі тых, хто ў іншы час не меў бы шанцаў хутка атрымаць накіраванне ў гэтую лякарню праз адсутнасць рэгістрацыі, або дазволу на жыхарства, або чыноўніка на працоўным месцы. Любецкі прымаў пастановы хутка. Дзеці былі праапераваныя і вылечаны, а бацькі плакалі ад шчасця і дзякавалі таленавітаму і высакароднаму чалавеку, які сваімі дзёрзкімі дзеяннямі і тонкай работай выклікаў надзею на тое, што свет усё ж не паляціць у бездань.

А пасля працы хірург Любецкі бег, як ён казаў, «на фірму» - у прыватны стаматалагічны цэнтр. Чацвёра дзяцей працай у дзяржаўнай лякарні не пракорміш. І пасля выратаваных дзяцей ён ірваў зубы і ставіў імпланты. Ніколі не скардзіўся. Заўсёды жартаваў. І заўсёды знаходзіў час - для сяброў сваіх або для фэйсбучных (гэта так зручна - напісаць у прыват і дамовіцца аб прыёме) і для незнаёмых людзей, якім хтосьці параіў менавіта гэтага лекара.

З лякарні яго звольнілі ў 2016 годзе - тады ў сям'і Любецкіх нарадзілася чацвёртае дзіця, і Андрэй часова адмовіўся ад начных дзяжурстваў, каб дапамагаць жонцы. І адміністрацыя проста не падоўжыла яму кантракт. А з "фірмы" - ужо ў 2021 годзе, калі імя Любецкага стала вядомым за межамі медыцынскай і пацыентскай супольнасцяў. На маршы яны хадзілі ўсёй сям'ёй і не прапусцілі ніводнага. Вечарамі Андрэй удзельнічаў у мікрараённых і дваровых акцыях, а яшчэ быў валанцёрам ля муроў турмы на Акрэсціна і даваў першую дапамогу збітым, якія адтуль выходзілі. Здаралася, што нават проста ў вольны вечар ён выходзіў на шпацыр па сваіх Шабанах з абавязковым бел-чырвона-белым сцягам.

Увесну 2021 года Любецкі застаўся ўвогуле без працы. А жонку Наталлю на тры дні змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. І Андрэй адправіў сям'ю за мяжу - у Нямеччыну, дзе жыве Наталліна сястра. Калі ён апублікаваў у Фэйсбуку фатаграфіі жонкі і дзяцей у аэрапорце, падпісанты і сябры былі перакананыя, што яны з'язджаюць усёй сям'ёй. Але Андрэй застаўся. І ўпершыню ў сваім жыцці ён, што два дзесяцігоддзі ратаваў, дапамагаў, лячыў, напісаў, што ахвочы прыняць дапамогу - для сваёй сям'і. Але не паспеў. Яго арыштавалі праз тыдзень пасля ад'езду Наталлі - за каментары ў Фэйсбуку. А далей - як ва ўсіх: тры следчыя ізалятары, пяць гадоў узмоцненага рэжыму. З іх прайшло ўжо больш за два. Наташа і дзеці вывучылі нямецкую мову.

Я прыгадала Андрэя Любецкага не толькі дзеля дня медыка і букецікаў у сацыяльных сетках. Я ўвогуле часта яго ўспамінаю. У Амэрыцы Любецкі быў бы мільянерам, у Еўропе на ягоныя лекцыі збіраліся б сотні студэнтаў, у Азіі да яго стаялі б чэргі. А ў Беларусі ён сядзіць і ніхто не ведае, што будзе з рукамі хірурга Любецкага, калі ён выйдзе з калоніі. Проста ўявіце сабе, прафесіяналы якога ўзроўню - з розных сфэр - сядзяць у беларускіх турмах за падабайку, рэпост, каментар, карыкатуру, фатаграфію са сцягам. З гэтых людзей можна было б скласці ўрад (і не адзін), парламент, масонскую ложу, раду дырэктараў чаго хочаш або суполку прафесіяналаў-аднадумцаў. А то і проста вясёлую грамаду, якая аднойчы збярэцца - не, не на кухні, там ім усім месца не стане. Збярэцца на плошчы. І шампанскае будзе ліцца ракой, і мы будзем ціснуць ім рукі.

Але цяпер іх забіваюць. Давайце памятаць аб гэтым.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках