20 красавiка 2024, Субота, 10:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У нас бэз, у іх сірэна

21
У нас бэз, у іх сірэна
ІРЫНА ХАЛІП
ФОТА: «НАША НІВА»

Бывай, чырвоны дзень календара.

Другі год запар я буду адзначаць Дзень перамогі 8 траўня. Проста таму, што далучацца ў адзначэнні свята да дыктатараў і самазванцаў, адзін з якіх бамбуе Украіну, а другі яго ўсяляк у гэтым падтрымлівае і дае ўсю тылавую падтрымку агрэсару - сорамна. 9 траўня больш не свята. Бывай, чырвоны дзень календара.

Калісьці даўно мы з аднакурсніцай Дзінкай заўсёды сустракаліся 9 траўня ў скверыку каля Купалаўскага тэатра, куплялі абярэмкі кветак ды ішлі дарыць іх незнаёмым ветэранам, якія шпацыравалі па праспекце. Тады, у канцы васьмідзясятых, іх было яшчэ шмат. Ветэраны шчыра радаваліся, прымаючы кветкі ад незнаёмых юных студэнтак, і зухавата пстрыкалі абцасамі. Мы заўсёды ў гэты дзень мелі выдатны і крыху сэнтыментальны настрой. Мы блукалі па святочным месце да самага салюту.

Потым рэжым узурпаваў не толькі ўладу, але і святы. Два гады таму, калі стала вядома, што дзяржава мерыцца скасаваць святочныя выплаты для ветэранаў, беларусы наважылі самі сабраць для іх грошы і павіншаваць. Беларуская салідарнасць на той час стала легендарнай. І Лукашэнка крычаў з трыбуны: не трэба збіраць грошы для нашых ветэранаў, бо ад апазіцыянераў, якія ходзяць пад нацысцкімі сцягамі, яны ўсё адно грошай не возьмуць, бо гэта крывавыя грошы, мы самі іх павіншуем, ды так, што ўсе пазайздросцяць. І віншавалі - пратэрмінаванымі харчамі і напышлівымі словамі.

А з мінулага года гэта ўжо ўвогуле чыёсьці чужое свята. Не наша, не народнае, не чалавечае. Адабралі, выпацкалі ва ўкраінскай крыві, вытрыбушылі да стану пустой беззмястоўнай абалонкі. Такое ж пустое, як словы, якія яны прамаўляюць. А салют і зусім выглядае злачынствам, бо грукат і выбліскі ў небе - гэта менавіта тое, што ў той жа самы момант можа адбывацца і ва Украіне, зноў забіраючы чыёсьці жыццё. Зачыніць акно, каб не чуць, захінуць яго шчыльна, каб не бачыць, не выходзіць у гэты дзень з дому нават па хлеб, каб не памерці ад агіды. Вось такі мы сягоння маем май. Зусім не святочны.

Травень для мяне цяпер - гэта той самы месяц, калі загінуў у турме Вітольд Ашурак. Месяц, калі памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які так і не дачакаўся свабоды сваёй краіны. Месяц, калі былі арыштаваныя Сяргей Ціханоўскі і Мікола Статкевіч. Месяц, калі адправілі за краты на 5-7 гадоў маіх сяброў Яўгена Афнагеля, Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча. Месяц судоў над Сцяпанам Латыпавым, Зінаідай Міхнюк, Марфай Рабковай. Месяц, калі арыштавалі прафзвяз РЭП і кнігарню "Кнігаўку".

А яшчэ травень - гэта прымусовая пасадка самалёта Ryanair, калі на вачах ва ўсяго свету на перахоп лаўкостэра, які вёз курортнікаў з Грэцыі ў Літву, вылецеў знішчальнік. Гэта закрытае для палётаў неба Беларусі, гэта абрыў апошніх сувязяў нашай краіны з цывілізаваным светам. Гэта разгром партала Tut.by і арышт ягоных супрацоўнікаў. Гэта спусцелыя месты, па чыіх вуліцах стала небяспечна хадзіць у адзенні белага і чырвонага колеру, дый ва ўсякім іншым таксама. Гэта вычышчаныя з тэлефонаў ліставанне і фатаграфіі. Гэта страх ад усялякага званка ў дзверы. Гэта хапатлівыя зборы і залюдненыя цягнікі ў Маскву, бо адтуль з'язджаць было больш бяспечна.

І, вядома, травень - гэта канец абароны «Азоўсталі», паланенне яе абаронцаў-герояў і іх вываз у калонію ў Аленаўцы, дзе шмат хто з іх пазней загінуў пры выбуху. Травень - гэта руіны Марыюпаля. Дарэчы, менавіта ў Марыюпалі ў канцы васьмідзясятых гадоў здымалі самы перабудовачны фільм таго часу «Маленькая Вера»: рэжысёр Васіль Пічул адтуль родам. Ён памёр у 2015 годзе і не ведае, у што ператварылася ягонае роднае места. Так што травень - гэта Марыюпаль назаўжды.

А бэз зацвіў, нібы нічога і не змянілася. У нас - бэз. Ва ўкраінцаў - сірэна. Зноў паветраная трывога. І якая, да д'ябла, перамога, калі вайна?

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках