27 красавiка 2024, Субота, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад мора да мора: беларусы святкуюць Дзень Волі ва ўсім свеце

7
Ад мора да мора: беларусы святкуюць Дзень Волі ва ўсім свеце

Як сёння адзначаюць 105-ю гадавіну аднаўлення незалежнасці.

25 сакавіка беларусы ва ўсім свеце адзначаюць сваё галоўнае свята - Дзень Волі. Менавіта так у народзе называюць гадавіну абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, нашай першай нацыянальнай дзяржавы. Галоўным сцягам тады стаў бел-чырвона-белы, гербам - «Пагоня», а беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай, паведамляе euroradio.fm.

Афіцыйна адзначыць свята ў самой Беларусі сёння нерэальна - многія жыхары нашай краіны сядзяць за кратамі проста за здымкі з гістарычнымі сцягамі ў сацсетках. Але і гэта не перашкаджае нам працягваць змагацца за сваю незалежнасць і быць побач нават на адлегласці - «ад мора да мора».

Варшава

25 сакавіка з нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння БНР у цэнтры польскай сталіцы пройдзе вялікі марш, а таксама мітынг-канцэрт.

Выступаюць: Atesta, 23:34, «Дом сувязі», Lity Taler, Dzieciuki, NRM.by, Сяргей Доўгушаў, Shuma, Пётр Клюеў, Ketevan.

Пасля канцэрта святкаванне працягнецца ў беларускіх і польскіх сяброўскіх кавярнях.

Беласток

Вялікі святочны канцэрт да Дня Волі адбудзецца 25 сакавіка.

На гэтым свята ў Беластоку не скончыцца. 26 сакавіка пройдзе беларускі пікнік у Копнай Гуры, а 27-га - святочныя заняткі беларускамоўных курсаў «Мова Нанова».

Тбілісі

Святочны марш і ўрачыстая акцыя-мітынг пройдуць і ў сталіцы Грузіі.

«Падчас мітынгу ўсе разам праспяваем нашы нацыянальныя гімны!», - прапануюць арганізатары.

На мітынгу таксама будзе магчымасць выступіць са сваёй прамовай. Працяг святкавання будзе ў бары Bunker. У праграме — квіз, выступы беларускіх музыкаў, стэндап, кaraoke, дабрачынны аўкцыён і шмат іншых цікавых актыўнасцяў.

Батумі

Беларусы Батумі прапануюць пачаць адзначаць свята з раніцы і далучыцца да ўрачыстага забегу са сцягамі. Удзень у цэнтры горада пройдуць марш і мітынг, а бліжэй да вечара - дваровая вечарына.

«Нясіце пачастункі! Будзе мангал, можна будзе нешта пасмажыць», - прапануюць арганізатары. Усіх чакае канцэрт з удзелам Вожыка, Фёдара Жывалеўскага («Голая манашка»), гурта Dadoma. Ахвочыя нешта праспяваць змогуць далучыцца.

Коўна

У Коўне беларусаў запрашаюць на Петрашунскія могілкі. Там адбудзецца ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі Клаўдзію Дуж-Душэўскаму — выбітнаму архітэктару, гуманісту, беларускаму грамадскаму дзеячу і герою беларускага, літоўскага і габрэйскага народаў.

Вільня

Адкрыццё памятнай дошкі ў Коўне - толькі адна з імпрэзаў у святкаванні Дня Волі ў Літве. Асноўныя з іх пройдуць у сталіцы краіны. З раніцы беларусам прапануюць наведаць магілы братоў Антона і Івана Луцкевічаў і капліцы на могілках Росы, дзе пахаваныя беларускія паўстанцы 1863—1864 гадоў.

Потым ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у аўтапрабегу з бел-чырвона-белымі сцягамі і наведаць мітынг. Увечары, пасля вяртання з Коўна, на «Варце Свету» пройдзе акцыя з запальваннем свечак і хвіліна маўчання па загінулых у барацьбе за свабодную Беларусь, мітынг-канцэрт і супольныя спевы гімна «Пагоня».

Рыга

У рамках святкавання Дня Волі ў Рызе адбудзецца адкрыццё выставы твораў беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай са Згуртавання мастакоў-беларусаў Балтыі «МАЮ ГОНАР», а таксама сустрэча з вядомай беларускай паэткай Вікай Трэнас. Імпрэза пройдзе ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Працягнуць святкаванне можна будзе ў Каміннай зале за сяброўскім беларуска-швэдскім сталом.

Прага

Беларусы Прагі пачнуць адзначаць свята акцыяй памяці загінулых за свабодную Беларусь і прадоўжаць ускладаннем кветак на магілы прэзідэнтаў і консула БНР на Альшанскіх могілках.

Пасля адбудзецца супольны святочны абед у карчме Hospoda.

Кіеў

25 сакавіка ў Кіеве беларусы збіраюцца ў парку Тараса Шаўчэнкі.

«Пячом дранікі і частуем мінакоў, раздаём улёткі, слухаем музыку, размаўляем з украінцамі. Там стаіць юрта нашых сяброў з Казахстана, электрычнасць будзе, усё астатняе плануем шукаць ці набываць. Шукаем тых, хто будзе святкаваць разам з намі і паўдзельнічае ў падрыхтоўцы. Пачатак а 14:00 паводле мясцовага часу», - пішуць арганізатары.

Улады прапануюць адзначыць 100 год БНР у парку Купалы ці каля Опернага тэатра.

Львоў

24 сакавіка а 12:00 у памяшканні цэнтра «Дом Воіна» адбудзецца адкрыццё выставы «З Украінай у сэрцы». Мерапрыемства прысвечанае беларускім героям, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе з Расейскай імперыяй, і тым, хто працягвае гэтую барацьбу.

На выставе будуць прадэманстраваныя партрэты загінулых ва Украіне беларускіх герояў, гісторыі іх жыцця і подзвігу. Падчас выставы будуць дэманстравацца відэаматэрыялы, у якіх беларускія героі расказваюць аб тым, чаму яны прынялі пастанову прыехаць ва Украіну і ўступіць у шэрагі УСУ.

25 сакавіка беларусы Львова ўскладуць кветкі паўстанцам Каліноўскага на Лычакаўскіх могілках. Пачатак - таксама а 12.00.

Тэль-Авіў

У Тэль-Авіве беларусы адзначаюць свята вялікім канцэртам! Сярод удзельнікаў - Аляксандр Памідораў, Анна Хітрык і Сяргей Рудзеня, Dr. Jack (Ангус «Tornado»), Ірэна Катвіцкая, Ліза Хургіна, Пінхас, SEKTOR, DJ WhiteRedWhite Cat і іншыя.

Пасля канцэрта ўсіх чакае свабоднае Karaoke і кірмаш свабодных, дзе можна будзе набыць падарункі, зробленыя рукамі беларуска-ізраільскіх майстроў.

Вашынгтон

У Дзень Волі каля Белага Дома ў Вашынгтоне адбудзецца мітынг-пікет з выступамі прадстаўнікоў мясцовых беларускіх суполак і іншых дыяспар.

Пасля афіцыйнай часткі ўсе ахвотныя змогуць зайсці ў госці да адной цудоўнай беларускай сям'і з Мэрыленда і прадоўжыць святкаваць 105-годдзе БНР у фармаце пікніка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках