27 красавiка 2024, Субота, 3:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Лаўтман: У Пуціна засталося не так шмат варыянтаў

3
Вольга Лаўтман: У Пуціна засталося не так шмат варыянтаў
Вольга Лаўтман

Адзіны спосаб забяспечыць бяспеку Беларусі і Украіны - поўнае паражэнне Расеі.

Старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) Вольга Лаўтман у інтэрв'ю для сайта Charter97.org падвяла вынікі года поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну.

- Гістарычна ў Расеі не клапоцяцца аб чалавечых жыццях. Пуцін не мае праблем з тым, каб кідаць на перадавую сотні тысяч грамадзян РФ. Ён пачаў агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны ў 2014 годзе, таму вайна ідзе дзевяць гадоў. Думаю, ён і надалей будзе працягваць зацягваць гэтую вайну ў надзеі прычыніць шкоду адзінству Захаду.

Раскол унутры Расеі паміж спецслужбамі, вайскоўцамі і элітай, настолькі глыбокі, што ён бачны публічна. Вайсковыя блогеры, напрыклад, заклікаюць да арышту чыноўнікаў Мінабароны. ФСБ заклапочаная Прыгожыным і яго хуткім узлётам, яны спрабуюць мінімізаваць пагрозу, якую ПВК «Вагнера» ўяўляе для самой Расеі.

Звычайна расейцы вельмі добрае каардынуюць прапаганду, але нават іх прапаганда распадаецца: па большай частцы, кожны адказвае сам за сябе. Унутры краіны бесперапынны хаос.

- Па якой траекторыі рухаецца Украіна?

- Кожны ўкраінец так ці інакш быў закрануты: ці то сямейнік памёр, ці то суседзі загінулі, ці то іх перасялілі. З апошніх апытанняў бачна, што яны больш адзіныя, чым калі-небудзь.

Кожны, хто думае, што будуць перамовы, абсалютна вар'ят, калі вы спытаеце маё меркаванне. Таму што пасля гэтай кампаніі генацыду ніхто не збіраецца садзіцца за стол і весці перамовы з Расеяй аб чым бы там ні было.

Украінцы ўстойлівыя, яны будуць працягваць быць устойлівымі, дамагаючыся поўнай паразы Расеі, бо гэта будзе адзіны спосаб забяспечыць будучыню Украіны і, калі ўжо на тое пайшло, усёй Усходняй Еўропы, уключаючы Беларусь.

- Што на практыцы азначае поўнае паражэнне Расеі?

- Украіне трэба цалкам перамагчы Расею ўнутры Украіны, а ўнутры самой РФ усё стане на свае месцы. Украіне не трэба захопліваць Крэмль - калапс адбудзецца сам па сабе.

Пуцін цяпер слабейшы, чым калі-небудзь. Відаць, як ён страчвае кантроль. Ён не ведае, што робіць, а толькі кідае ўсё больш грамадзян на перадавую, выкарыстоўваючы той жа самы ядзерны шантаж, які выкарыстоўвалі Саветы.

Мяркуючы па прыкметах, якія я назірала ў апошнія некалькі тыдняў, відаць, Расея патэнцыйна можа рыхтаваць тэракт унутры Расеі, каб паспрабаваць дабіцца адзінства ўнутры краіны, што таксама не спрацуе, бо многія людзі не зацікаўленыя ў тым, каб ісці на перадавую.

- Калі б Пуцін зладзіў тэракт на тэрыторыі Расеі, то вы не чакаеце, што гэта спрацуе?

- Я не чакаю, што гэта спрацуе ўнутры краіны, бо расейцы не бягуць бегам, каб стаць добраахвотнікамі для адпраўкі на фронт ва Украіне. Расейцаў не турбуе тое, што іх вайскоўцы забіваюць украінцаў, але яны таксама не зацікаўленыя ў тым, каб ахвяраваць сваімі сем'ямі - вось чаму мы бачылі, як 700 000 чалавек уцяклі з Расеі пасля частковай мабілізацыі.

Пуцін дамагаўся поспеху цягам апошніх 20 гадоў толькі дзякуючы сваім памочнікам на Захадзе і дзякуючы сваім шкадлівым аперацыям уплыву. Можна паглядзець на нямецкі скандал, дзе ў іх быў расейскі «крот» унутры спецслужбаў. Мы бачылі, як летась еўрапейцы выкрывалі расейскія шпіёнскія сеткі ў Нарвегіі, Італіі ці Балгарыі.

Цягам дзесяцігоддзяў Пуцін выкарыстаў «сваіх» палітыкаў для прасоўвання замежнай палітыкі Расеі - цяпер гэта рабіць нашмат цяжэй, бо не так шмат палітыкаў выступяць унутры Нямеччыны, Францыі ці Італіі на абарону Расіі, а калі яны гэта зробяць, то стануць маргіналамі, іх ніхто не будзе слухаць.

Што да фактару шоку, увесь свет назірае за кожным рухам Пуціна, так што шоку не будзе. У лютым мінулага года Расея заспела некаторых знянацку, бо шмат хто думаў, што Расея спрабуе дамагчыся саступак і з гэтай мэтай цісне і назапашвае сілы на мяжы з Украінай. Але цяпер усе чакаюць ад Расеі ўсяго і ўся, рыхтуюцца да ўсякага магчымага сцэнару, а таксама адсочваюць кожны іх крок. Так што яму будзе вельмі цяжка зладзіць які-небудзь нечаканы шок ва Украіне ці на ўсёй тэрыторыі Еўропы.

Як мне бачыцца, адзіная магчымасць для Расеі - гэта працягваць шкадлівыя аперацыі па дэстабілізацыі Малдовы, Грузіі, Казахстана і іншых краін, выклікаючы там хаос.

- Што перашкодзіла Пуціну ўжыць ядзерную бомбу за апошнія 12 месяцаў?

- Перад эскалацыяй да ўзроўню выкарыстання ядзернай бомбы Пуцін мог бы папросту напасці на краіну NATO летась: альбо на краіны Балтыі, альбо на Польшчу, але Расея не можа ўзяць нават Бахмут; паводле ацэнак амерыканцаў, яны страцілі 200 000 чалавек забітымі ці параненымі. Яны нават не могуць прасунуцца ўнутр тэрыторыі Усходняй Украіны - забудзьцеся аб супрацьстаянні з NATO, якое мае сучасную вайсковую тэхніку і аб'ядналася: у NATO разумеюць, што ёсць пагроза не толькі Украіне. Калі Украіна не выстаіць, то Расея не спыніцца на дасягнутым: наступнай будзе Малдова. Таксама расейцы гадамі агучвалі ідэі аб тым, што яны жадаюць захапіць Сувалцкі калідор, што яны могуць за 48 гадзін падмяць пад сябе краіны Балтыі.

Такім чынам, у NATO ёсць мэта. Яны разумеюць пагрозу, у іх ёсць адзінства, а Расея, нават грамадзяне, якіх яны кідаюць на перадавую, не разумеюць мэты: яны не жадаюць быць там, не жадаюць туды ісці. Выбар - гэта або арышт, або самагубства, або адпраўка на перадавую. Расея цяпер не можа кінуць выклік NATO, калі б яны выкарыстоўвалі тактычную ядзерную зброю, ім давялося б мець справу з NATO ў ваенных дачыненнях.

Я не думаю, што NATO адкажа ядзерным ударам, але яны патэнцыйна адкажуць канвенцыйнай зброяй - Расея да гэтага не гатовая. Яны яшчэ могуць ужыць тактычную ядзерную зброю ўнутры Украіны, але гэта нічога не зменіць у вайсковым плане і не зломіць рашучасць украінцаў. Калі ўжо на тое пайшло, гэта зробіць іх больш устойлівымі і красамоўнымі: «Гэта пагроза, якая стаіць перад светам, таму Расея павінна быць пераможаная. Нам трэба больш зброі».

- Перад вайной вы правільна меркавалі, што Пуцін пачне шырокамаштабную агрэсію супраць Украіны, што яго галоўная стратэгічная мэта - заваяваць Украіну ў той ці іншай форме. На што разлічвае Пуцін цяпер?

- Адным з фактараў, якія заахвоцілі Расею пачаць поўнамаштабнае ўварванне ў лютым мінулага года, было тое, што яны збіраліся захапіць Украіну знутры. Яны праводзілі аперацыі ўплыву - такія ж, як у Беларусі - унутры Украіны. Яны думалі, што людзі, якіх расейскія спецслужбы культывавалі цягам апошніх дзесяцігоддзяў, захопяць будынкі мэрый і адміністрацый і паўтораць тое, што адбылося ў Крыме і на Усходзе Украіны.

Другі фактар у тым, што Захад ніколі не адказваў на ўварванне Расеі ў Грузію, на забойствы ва ўсёй Еўропе, на жорсткія злачынствы ў Сірыі і Чачэніі. Нават пасля анэксіі Крыма і ўварвання на Усход Украіны была вельмі слабая рэакцыя. Былі слабыя санкцыі, але гэта не паслужыла фактарам стрымлівання для Расеі. Пуцін разлічваў на тое, што Захад не будзе адказваць, а проста выкажа глыбокую заклапочанасць і ўвядзе санкцыі.

У Расеі так шмат заходніх памагатых, якіх яны культывавалі цягам апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў, што кожны раз, калі заходнія ўрады толькі пачынаюць працаваць над санкцыямі, лабісты іх змякчаюць так, як толькі магчыма. Менавіта на гэта разлічваў Пуцін, і гэта відавочна пайшло не так.

Цяпер, думаю, Пуцін разумее, што яму не ўдасца ўзнавіць Савецкі Саюз. У найлепшым выпадку, думаю, ён будзе задаволены, калі зможа паспрабаваць захапіць Данбас, чаго, як мне падаецца, таксама не адбудзецца.

Аднак нават з улікам сказанага вышэй, думаю, ён працягне чыніць у адплату жудасныя акты тэрору супраць мірных жыхароў Украіны, якія не жадаюць, каб там была Расея і расейскі ўплыў.

Думаю, мэты Пуціна зведзеныя да мінімуму, а яго адзіны выбар - спроба зацягнуць вайну і выматаць Захад, каб падтрымка Украіны аслабла або ў Злучаных Штатах адбылася змена адміністрацыі на такую, якая можа быць менш зацікаўленая ў дапамозе Украіне. У Пуціна не так шмат варыянтаў, мяркую, гэта адзіны.

- Будзем спадзявацца, што настане дзень, калі Расея сыдзе з Украіны, у тым ліку і з Крыма. Які магчымы ланцужок развіцця падзей у Беларусі?

- Калі Расея аслабне, мы ўбачым яе калапс знутры. Эліты стаміліся і бачаць, хто завёў іх у тупік, спецслужбы гэта таксама бачаць. Яны разумеюць, што Расея не пераможа ў гэтай вайне. Я ніколі не бачыла нічога такога. У Савецкім Саюзе такі маразм, раскол паміж рознымі ведамствамі і сіламі немагчыма было ўявіць. Мы ўбачым, як унутры Расеі пачнецца поўны хаос, як яны паспрабуюць змагацца за ўладу.

У гэты час, нават калі іх рэжымы і не абрынуцца, усе марыянеткі Расеі неадкладна аслабнуць. У Лукашэнкі ці Асада, ці ўсякай іншай марыянеткі, якую кантралюе Расея, застанецца не так шмат магчымасцяў, каб выжыць. Тады беларусы будуць нарэшце свабоднымі і змогуць паспрабаваць выбраць сабе нармальнага лідара, які пойдзе шляхам дэмакратыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках