26 красавiка 2024, Пятніца, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Дылеўскі: Польшча закрыла для Лукашэнкі канал абыходу санкцый

10
Сяргей Дылеўскі: Польшча закрыла для Лукашэнкі канал абыходу санкцый
СЯРГЕЙ ДЫЛЕЎСКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Дзейсны крок ад Варшавы.

Польшча адрэагавала на незаконны прысуд Анджэю Пачобуту закрыццём пункта пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю. Наколькі гэта дзейсны крок? На гэтае і іншыя пытанні сайта Charter97.org адказаў лідар Беларускага аб'яднання працоўных Сяргей Дылеўскі:

- Гэта максімальна дзейсны крок з эканамічнага пункту гледжання. Перакрываецца яшчэ адзін канал спроб гандлю Еўропы з Беларуссю ў абыход санкцый. Як гэта адаб'ецца на простых грамадзянах, час пакажа, але ў плане эканамічнага ціску на рэжым - гэта досыць дзейсны крок.

- Рэжым кажа, што санкцыі не працуюць, але міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў паскардзіўся, што 25% эканомікі Беларусі патрапілі пад абмежаванні. Ці ёсць эфект ад санкцый?

— Калі лукашысты пра нешта гавораць, іх словы трэба прымаць з дакладнасцю да наадварот. Таму эфект, вядома, ёсць. Невялікая доля еўрапейскага рынку, на які збывалася беларуская прадукцыя, давала вялікі прыбытак. Гэта без уліку такіх глабальных момантаў, як экспарт калійных угнаенняў, азотных кіслот і іншага. Таму эфект ад санкцый ёсць, а тое, што лукашысты так часта пра гэта гавораць, паўтараючы як мантру, што ім усё адно, гэта варта ўспрымаць зусім інакш.

- Які запас трываласці ў беларускай прамысловасці, калі санкцыі будуць узмацняцца, а новыя рынкі не будуць з’яўляцца?

- Калі сапраўды, я не вазьму на сябе адказнасць рабіць нейкія прагнозы. З майго пункту гледжання, засталося нядоўга. Плюс, наколькі мы ўсе ведаем, Пуцін працягвае ціснуць на Лукашэнку з уступленнем у вайну. Кошты ўвесь час растуць, прадпрыемствы стала змушаныя паднімаць кошты спажывецкіх тавараў, харчовай прадукцыі. Гэта адбіваецца на простых беларусах. Нават сабекошт выпуску прадукцыі перакрывае ўжо пакупніцкую здольнасць простых грамадзян. Таму ў прадпрыемстваў запасу трываласці застаецца ненадоўга.

- Вы закранулі тэму вайны ва Украіне. У вас ёсць нейкая інфармацыя аб рабоце беларускіх прадпрыемстваў на забеспячэнне патрэб расейскага войска?

- Цяпер, на жаль, уся гэтая інфармацыя закрытая. Цэхі, якія працавалі на вайсковую прамысловасць і былі на прадпрыемствах, цяпер працуюць у рэжыме строгай сакрэтнасці. Нават аператары нейкіх станкоў, якія на тым жа Менскім трактарным заводзе працуюць у вайсковых цэхах, самі не ведаюць, для чаго і для каго яны вырабляюць гэтыя дэталі. Гэта, хутчэй за ўсё, сведчыць аб тым, што цяпер уся абаронная прамысловасць Беларусі працуе на Расею.

- Нядаўна з'явілася інфармацыя аб масавых звальненнях на «Беларуськаліі» і заводзе «Атлант». У якіх сферах яшчэ ідуць скарачэнні?

- Ды практычна ва ўсіх - і ў машынабудаванні, і ў харчовай прамысловасці, і нават у сістэме грамадскага харчавання. Таму што, яшчэ раз паўтаруся, санкцыі працуюць, рынкаў збыту становіцца менш, такім чынам - вытворчасць памяншаецца. Прадпрыемствы змушаныя скарачаць людзей, а пад гэтыя скарачэнні, як правіла, пападаюць непажаданыя рэжыму людзі. Тыя, хто хоць неяк у свой час праявіў сябе на пратэстах у 20-м годзе.

- Якая сітуацыя на вашым родным Менскім трактарным заводзе?

- На маім родным МТЗ сітуацыя вельмі сумная. Людзей працягваюць запалохваць, ідуць, зноў жа, масавыя скарачэнні. Цяпер падыходзіць час падаўжэння кантрактаў. Нават тых, хто неяк яшчэ заставаўся на плыву з працаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, скарачаюць. Зноў жа, з той простай прычыны, што няма чым плаціць людзям заробкі. Цяпер прафіцыт працоўнай сілы на прадпрыемствах, таму непажаданым рэжыму не падаўжаюць кантракты, людзі трапляюць пад скарачэнне.

- У што гэта ўсё можа ператварыцца?

- Зыходзячы з досведу з 20-га да 23-га года, як мянялася тэндэнцыя настрояў на прадпрыемствах, людзі пакуль што баяцца, маўчаць, спрабуюць не бачыць праблему, пакуль яна іх саміх не закране. Але ў больш доўгатэрміновай перспектыве гэта ўсё прывядзе альбо да прыпынення прадпрыемстваў, альбо да галодных бунтаў. Тут, у прынцыпе, што адно, што другое, яно ўзаемазвязанае.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках