Аляксей Трубкін: Слуцкі збройны чын можна назваць беларуска-савецкай вайной
1- 24.11.2023, 14:55
- 2,574
Набліжаюцца чарговыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.
У лістападзе і снежні 1920 года паўстанцы са зброяй у руках ажыццявілі спробу абароны незалежнасці Беларусі. Прыкладна на працягу месяца беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, чынілі супраціў савецкім войскам і трымалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пра значнасць гэтай падзеі «Радыё Рацыя» паразмаўляла з краязнаўцам Аляксеем Трубкіным:
- Наколькі для цябе асабіста 27 лістапада сапраўды важная дата?
– Для мяне канешне яна важная, я мяркую яна важная для ўсіх беларусаў. У кантэксце таго, што мы ўсё ж такі знаходзімся ў Беластоку, варта прыгадаць, што хоць Слуцк падаецца і далёка, далёка ад Беластока, тым не менш непасрэдна звязаны з лёсам случчакоў. Менавіта ў Беластоку месціўся лагер, у якім нядоўгі час польскія ўлады ўтрымлівалі інтэрнаваных случчакоў, якія перайшлі на польскі бок і здаліся, а пасля ўтрымліваліся ў гэтым лагеры ў Беластоку. Мала хто ведае, што гісторыя случчакоў таксама звязаная з Беластокам.
- Што мы маем на ўвазе, калі гаворым Слуцкі збройны чын?
– Гэта вельмі складанае, няпростае пытанне, на жаль мала вывучанае. Кажуць Слуцкі збройны чын – гэта перадусім на эміграцыі, кажуць Слуцкае паўстанне – гэта тэрмін хутчэй унутрыбеларускі. Я падтрымліваю меркаванне, што гэтую з’яву, гэты Слуцкі збройны чын можна назваць беларуска-савецкай вайной.
Гэта была частка ўзброенай барацьбы Беларускай Народнай Рэспублікі, на жаль даволі непрацяглая, але гэта тое, што заслугоўвае ўвагі і павагі. Насамрэч мы мала пра гэта ведаем. Зроблена вельмі шмат, каб прынізіць гэты чын, подзвіг беларусаў, які быў здзейснены. Насамрэч гэта вельмі важная падзея пра якую, я думаю, нам давядзецца яшчэ шмат даведацца. Я лічу, што гэта адна з найбольш значных падзей у гісторыі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
- Ты прыйшоў у студыю з паштоўкай. Распавядзі, што на гэтым здымку?
– Цікавы, легендарны здымак. Напэўна найбольш распазнавальны. Самае цікавае, што здымак, якім ілюструюць падзеі звязаныя са Слуцкім збройным чынам, насамрэч мае вельмі адноснае дачыненне менавіта да Слуцкага збройнага чыну. На здымку выяўлены беларускі паўстанцкі антыбальшавіцкі аддзел Лукаша Сяменіка.
Фотаздымак 1919 года, то бок яшчэ да падзей на Случчыне. Атрад быў сфармаваны на Барысаўшчыне, дзе і дзейнічаў. У яго складзе былі сяляне, а таксама прадстаўнікі іншых сацыяльных слаёў. Ён быў адным з найбольш баяздольных аддзелаў Беларускай вайсковай камісіі. Атрад удзельнічаў разам з польскім войскам у антыбальшавіцкай барацьбе на Барысаўшчыне.
- Так, толькі пазней Лукаш Семянюк далучыўся да Случчакоў.
– Так, таксама. З Сяменікам таксама не ўсё проста, меркаванні даследчыкаў падзеленыя. Ці той гэта Сяменік. Ёсць версія, што гэта насамрэч іншы Сяменік. Калі казаць менавіта пра Лукаша Сяменіка, то з прозвішчам там цэлая гісторыя, ён і Сяменік і Семянюк і г.д. Прычым на гэта звярталася ўвага ў прэсе яшчэ на той час, калі толькі гэты фотаздымак быў апублікаваны ў газеце «Беларускае жыццё». З гэтым фотаздымкам быў апублікаваны цэлы артыкул прысвечаны гэтаму атраду. Ужо на той час блыталіся. Праз сто гадоў дык увогуле.
- Мы бачым гэты здымак у колеры. Гэта была акурат твая задума.
– Так, гэта ўсё рабілася пяць гадоў таму. Мы вырашылі з аднадумцамі штосьці зрабіць. У мяне ўжо была такая ідэя. Я выпадкова знайшоў, дзе знаходзіцца арыгінал фотаздымка. Дагэтуль ён быў у інтэрнэце, але ў вельмі дрэннай якасці. На ім амаль не было нічога бачна. Іх насамрэч некалькі. Гэты найбольш вядомы, ёсць таксама другі, дзе яны разам з польскімі вайскоўцамі, супольны фотаздымак. Высветлілася, што арыгінал гэтага фотаздымка знаходзіцца ў Музеі войска польскага ў Варшаве. Напісаў ім, атрымаў задарма сканы.
За рэтуш і каларызацыю заплаціў з асабістых сродкаў, таксама скінуліся сябры-аднадумцы. Спачатку мы зрабілі рэтуш, зрабілі больш якаснымі чорна-белыя версіі, а пасля вырашылі адну найбольш вядомую выяву зрабіць каляровай. Да 100 угодкаў БНР вырашылі зрабіць такую паштоўку, адначосова змясціўшы выяву ў вольным доступе на Вікіпедыі.
Нагадаем, што ў Варшаве пройдзе марш на Дзень беларускіх Герояў. Пачатак — 26 лістапада а 13:30.