4 траўня 2024, Субота, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры прычыны, чаму Кіеў не даруе Лукашэнку

36
Тры прычыны, чаму Кіеў не даруе Лукашэнку
МАКСІМ ПЛЕШКА

Нацыянальны інтарэс Украіны - умацаванне беларускай нацыі.

Кандыдат філасофскіх навук, кіраўнік Украінскага цэнтра беларускіх камунікацый Максім Плешка ў эксклюзіўным артыкуле для сайта Charter97.org выказаў меркаванне, што ў нацыянальных інтарэсах Украіны дапамагчы беларусам вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі:

- У беларускай апазіцыйнай медыяпрасторы існуе адзін з наратываў, ад якога вее страхам і недаверам: “А што, калі пасля вайны Украіна дамовіцца з Лукашэнкам аб бяспецы і пагодзіцца з існаваннем ягонага рэжыму”.

Апошнім часам гэты наратыў актыўна ўзмацняецца. Асабліва з улікам таго, што зараз мы знаходзімся ў перыядзе франтавога і ідэалагічнага міжсезоння. Рэжым шукае новыя формы ўплыву для гарантавання сваёй бяспекі і выжывання. І меркаванне аб тым, што Лукашэнка можа ўтрымаць сваю ўладу надоўга, падрывае веру беларусаў у магчымыя змены.

Прапануем прафесійна і без эмоцый разабрацца ў пытанні: ці можа Украіна пагадзіцца на існаванне рэжыму Лукашэнкі пасля вайны?

Пачнём з таго, што, акрамя Украіны, у дэмакратычнай Беларусі зацікаўлены Польшча, Балтыя і калектыўны Захад на чале з ЗША. Аднак адкрыццё акна магчымасцяў для ліквідацыі рэжыму беларусы звязваюць менавіта з Украінай.

І логіка ў гэтым прысутнічае. Бо Захад ужо 30 гадоў дэкларуе заклікі, а выніку - няма. Лукашэнка і далей апускаецца ў поўную залежнасць ад Пуціна, бетануе свой рэжым і растварае Беларусь у “саюзнай” з Расеяй дзяржаве.

З Украінай сітуацыя іншая. Разлік беларусаў зводзіцца да таго, што параза Расеі выкліча смуту на балотах і барацьбу за ўладу. У такой сітуацыі палітычная, фінансавая і сілавая падтрымка Лукашэнкі з боку Крамля будзе абмежаваная ці проста немагчымая. А без расейскай падтрымкі беларускі рэжым не ўтрымаецца.

Частка беларускай палітычнай апазіцыі разлічвае, што ў аслабленым стане, пад ціскам сусветнай супольнасці, вусаты ўзурпатар вымушаны будзе пайсці на транзіт улады. У той жа час беларускія добраахвотнікі ва Украіне ў транзіт не вераць. "Лука будзе трымацца да апошняга", – кажуць яны. І разлічваюць, што ў выпадку фіяска Расеі самі змогуць зайсці ў Беларусь і разам з народам зрынуць дыктатара.

Абазначыўшы існы стан, вернемся да пытання: ці можа Украіна пагадзіцца на захаванне рэжыму Лукашэнкі?

На мой погляд, адбудзецца дакладна наадварот: Украіна павінна заняць актыўную пазіцыю ў развязанні беларускага пытання. І тут ёсць тры прычыны: эмацыйная, палітычная і геапалітычная.

Палітычная ў тым, што Украіна дакладна вытрымлівае агульную лінію з ЕЗ і ЗША ў дачыненні да Беларусі. Кіеў не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам, не прызнае «выбары»-2020 года, асуджае жорсткае здушэнне пратэстаў і рэпрэсіі супраць уласнага народа.

Кіеў разглядае Лукашэнку і беларускі рэжым як суагрэсара. Разбураны, але няскораны Ірпень, практычна цалкам знішчаныя Барадзянка і Гастомель, расстраляная Буча, паўаблозе Кіева і Чарнігава, 721 ракета з тэрыторыі Беларусі… Гэта толькі кароткае апісанне таго зла, якое прыйшло ва Украіну пры пасрэдніцтве Лукашэнкі.

Тыя з беларусаў, хто думае, што гэта можна дараваць, каб і надалей гандляваць з Лукой, проста не разумеюць таго жаху і болю, якія мы перажылі ва Украіне. Гэта і аб жыхарах гарадоў, якія страцілі блізкіх і жыллё. Гэта і аб вайскоўцах, выведчыках, палітыках - таму што і яны жывуць пад Кіевам або ў сталіцы. Бо мноства з іх таксама страцілі родных і пабрацімаў падчас абароны Кіева. Гэта эмацыйная прычына: украінцы не прабачаць Лукашэнку.

96% украінцаў негатыўна ставяцца да беларускага дыктатара. Ніводзін з украінскіх палітыкаў не рызыкне нават мімаходзь згадваць аб якіх-небудзь дамоўленасцях з ім.

Другі блок: геапалітыка.

Выступаючы ў Каралеўскім замку Варшавы ў красавіку гэтага года, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сказаў, што "…свабода абавязкова прыйдзе ў Беларусь". Тым самым ён усяліў надзею ў сэрцы мільёнаў беларусаў.

Гэтая тэза гучыць ва ўнісон са словамі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, што “…беларускі народ працягвае змагацца за сваю дэмакратыю”, сказаныя тыднем раней у Варшаве.

“Злучаныя Штаты выступаюць за дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь больш за 30 гадоў. Гэтая адданасць застаецца непарушнай” - заявіў з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

А ў інтэрв'ю італьянскім СМІ Зяленскі чарговым разам пацвердзіў сваю палітычную пазіцыю аб тым, што “…Беларусь - гэта не Расея”.

Нядаўна падчас сустрэчы лідараў Еўропы-удзельнікаў Joint Expeditionary Force прэзідэнт Украіны пазначыў геапалітычны пояс бяспекі ў рэгіёне: "ад Скандынавіі праз Менск і Кіеў да Паўднёвага Каўказа". Такая вось дзяржаў гістарычна і лагічна дакладная. Гэта - база геапалітычнай навукі.

Мы будзем моцнымі паміж Усходам і Захадам толькі тады, калі аб'яднаемся з Поўначы на Поўдзень. Такая прырода Балта-Чарнаморскай прасторы. Сёння Расея рассякае гэтую прастору, дзякуючы фактычнаму паглынанню Беларусі. Вайна ва Украіне, пагрозы краінам Балтыі, выхад на Калінінград, міграцыйныя крызісы для Польшчы... Гэта выразныя наступствы кантролю Расеі над Беларуссю.

Варта дакладна зафіксаваць базавую геапалітычную аксіёму: бяспека ва Усходняй Еўропе магчымая толькі пры свабоднай, дэмакратычнай і прагназаванай Беларусі.

І для Украіны гэтае пытанне стаіць найбольш востра. Таму што ў нас другая паводле працягласці мяжа з гэтай дзяржавай - 1084 кіламетры. Ад Львоўскай да Чарнігаўскай абласцей: практычна гэта ўся поўнач Украіны. Захаванне рэжыму Лукашэнкі і крамлёўскага кантролю над Беларуссю пакідае Украіну ў расейскім паўколе.

Безумоўна, такі стан рэчаў не можа задавальняць дэмакратычную ўкраінскую ўладу. Нават з паразай Расеі ў вайне небяспека нікуды не знікне: ведаючы гісторыю, можам з упэўненасцю сцвярджаць, што расейска-беларускі рэжым (які дэ-факта з'яўляецца адным цэлым) выкарыстоўвае паўзу для падрыхтоўкі чарговага падступнага ўдару.

Пакуль улада ў Беларусі кантралюе дыктатура Лукашэнкі, Украіна не будзе пачувацца спакойна. Зрэшты, працэс паглынання краіны Расеяй можа прывесці да таго, што кожны наступны кіраўнік будзе нічым не лепшы за цяперашняга самаабвешчанага прэзідэнта.

Менавіта таму нацыянальнай цікавасцю Украіны з'яўляецца зацвярджэнне беларускай палітычнай нацыі, якая павінна стаць гаспадаром у сваёй дзяржаве - Рэспубліцы Беларусь.

Максім Плешка, Украінскі цэнтр беларускіх камунікацый, адмыслова для сайта Charter97.org

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках