4 траўня 2024, Субота, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мудрасць за кратамі і ў выгнанні

4
Мудрасць за кратамі і ў выгнанні
Ірына Халіп
Фота: «Наша Ніва»

Тры гады таму ў Менску ўпершыню прайшоў марш пенсіянераў.

А вы памятаеце 5 кастрычніка? Напэўна памятаеце. Я таксама памятаю. Дзіўны быў дзень. Дзіўныя былі людзі. Зрэшты, людзі нікуды не падзеліся — хіба што геаграфічна. Хтосьці на эміграцыі, хтосьці ў турме, як і належыць беларусам.

Дык вось, той самы дзень, 5 кастрычніка 2020 гады. Напярэдадні прайшоў «Марш вызвалення палітычных вязняў»: перацятыя вуліцы, вымкнуты інтэрнэт, бубначы ў масках, фатаграфіі загінулых беларусаў на мурах турмы на Акрэсціна, вадзяныя гаррматы, затрыманні. У панядзелак — усе не адрываюцца ад спісаў затрыманых, шукаюць знаёмых. Ніякіх неспадзяванак. І раптам — што гэта? Пенсіянеры выйшлі на вуліцы Менска. Марш мудрасці. Паджылыя людзі нясуць нацыянальныя сцягі і плакаты "Волю нашым унукам!". Адкуль яны ўзяліся ля Чырвонага касцёла?

Усе нядзельныя акцыі анансаваліся ў тэлеграм-каналах з пазначэннем месца і часу агульнага збору. Аб маршы пенсіянераў ніхто нічога не гаварыў і не папярэджваў. Тым не менш яны ўзніклі нібыта з ніадкуль з усімі сцягамі і плакатамі. І ўпэўнена рушылі па праспекце. Дайшлі да Плошчы Перамогі, збочылі да лінгвістычнага ўніверсітэта (яны яго звыкла ін’язам называлі) і пачалі скандаваць: "Студэнты - наш гонар!" А з вокнаў студэнцкіх аўдыторый пачалі вывешваць сцягі.

Пасля яны выходзілі кожны панядзелак. І ўжо ніхто не казаў "марш пенсіянераў", бо гэта былі сапраўды Маршы мудрасці. І ўдзельнічалі ў іх не толькі пенсіянеры — кожны панядзелак да Чырвонага касцёла прыходзілі беларусы кожнага веку, каб падтрымаць сваіх суайчыннікаў. Ніну Багінскую абступалі юныя дзяўчаты, каб ніякі амонавец не змог наблізіцца да ейнага знакамітага сцяга. Тыя, хто не выходзіў, прыязджалі на аўтамабілях, каб развезці цудоўных пань — удзельніц маршу — дадому. Ці прапаноўвалі дапамогу, ці проста пісалі ім словы захаплення і падтрымкі.

Сёння за кратамі 42 палітычныя зняволеныя пенсійнага векц. Не ўсе яны ўдзельнічалі ў тым першым маршы, але ўсе казалі адно і тое ж: «Нас шмат. Жыве Беларусь!» У адных, як, напрыклад, у Алены Гнаўк<>/b — ужо трэці прысуд. Другія, як Наталля Пятровіч, селі на шэсць гадоў паводле пяці артыкулаў КК за адзін каментар. Трэція, як Галіна Дзербыш, у спісе тэрарыстаў за сяброўства з Мікалаем Аўтуховічам.

І не дзівуйцеся, што перш за ўсё на думку прыходзяць імёны і гісторыі жанчын. Іх і на Маршах мудрасці было больш. Днямі адна з яго удзельніц напісала мне: «Так, нашмат больш жанчын, чым мужчын. Чаму? Мужчыны маюць пенсійны век вышэйшы, яны працуюць? Ці рэпрэсіі супраць жанчын крыху мякчэйшыя? Ці мужчыны жывуць менш? Ці жанчыны — рухальная сіла прагрэсу? Гэта наша пакаленне і пакаленне нашых бацькоў дапусціла гэтае сваволле. Нам сорамна. Але мы хочам усё выправіць. Ідзём не вельмі хутка. Нас публічна здымаюць “слабавікі” на камеры. Але мы ідзём і скандуем звычайныя для маршаў лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Пратэст заглухне, калі дыктатар здохне!» І той, які і цяперз выклікае слёзы: «Нашы дзеці найлепшыя!»

Іншая ўдзельніца першага Марша мудрасці не памятае, як яна пра яго даведалася, затое ўсё астатняе — у драбніцах. «Не памятаю, як я даведалася аб маршы пенсіянераў, — кажа яна. — Але гэта падалося цалкам лагічным. Субота —- жаночыя маршы. Нядзеля — агульныя маршы. А ў панядзелак — марш пенсіянераў, Марш мудрасці. Чамусьці не было ніякага хвалявання. Была ўпэўненасць: вядома, мы збяромся, і нас будзе багата. А нас было не багата — нас было вельмі-вельмі шмат! Самыя розныя, ад маладых пенсіянераў да людзей паважнага веку. Ад вытанчаных элегантных прыгажунь да зусім простых. Ад тых, хто старанна рыхтаваўся да гэтага Марша — у спецыяльна дабранай вопратцы, з дасціпнымі плакатамі, — да тых, хто прыйшоў быццам выпадкова. Розныя мы там былі, і нас было — мора людскае! З намі ішлі студэнты, падтрымлівалі, таксама дзівіліся і радаваліся. І на ўсё жыццё, да канца маіх дзён, са мной будзе гэты цёплы сонечны дзень. І немаладыя, але прыгожыя і радасныя людзі. Вольныя людзі».

Я не ведаю, хто шмат гадоў ствараў міты накшталт "схавай бабулін пашпарт". У тым і рэч, што Лукашэнку выбіралі не пенсіянеры. Пенсіянеры галасавалі за звыклага партыйна-наменклатурнага Кебіча. За Лукашэнку галасавалі якраз актыўныя грамадзяне, якія хацелі перамен. Аднагодкі тых, хто выходзіў на Маршы мудрасці ў 2020 годзе. Таму і адчувалі ўдзельнікі гэтых маршаў віну — за сваё пакаленне, якое дапусціла лукашызм трыццаць гадоў таму. Таму і выходзілі — нягледзячы на “аўтазакі”, амонаўскія ланцугі і пагражальныя тэрміны зняволення. Нашы сумленныя, мудрыя, сталыя беларусы.

Абедзве мае суразмоўцы цяпер у выгнанні. Яны прасілі мяне ўспомніць 5 кастрычніка і першы Марш мудрасці. Не, мае дарагія, я пра гэта не ўспамінаю. Я пра гэта памятаю.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках