4 траўня 2024, Субота, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Расейцы яшчэ папросяць Захад: «Аплаціце нашу таксоўку»

22
«Расейцы яшчэ папросяць Захад: «Аплаціце нашу таксоўку»
Зміцер Бандарэнка

Беларусам пара зрабіць свой геапалітычны выбар.

У суботу 7 кастрычніка ў Варшаве каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка прачытаў лекцыю на тэму «Геапалітыка Беларусі ў сучасных варунках». Апазіцыйны палітык выступіў у рамках пасяджэння адкрытага замежнага Сойма Руху салідарнасці «Разам».

Сайт Charter97.org падае стэнаграму выступу.

«Што такое Гартланд і як ідэі Макіндэра ўплываюць на Беларусь»

У 70-я гады ў СССР на першым месцы ў колькасці насельніцтва была Расея, на другім — Украіна, на трэцім — Казахстан, на чацвёртым — Узбекістан, а на пятым — Беларусь. І розніца паміж Беларуссю і Узбекістанам была невялікая: 9 з лішкам мільёнаў у нас і крыху больш ва Узбекістане.

Цяпер ва Узбекістане жыве 36 мільёнаў чалавек. Кажуць, што ў Беларусі – 9, але я думаю, што рэальна ўжо бліжэй да 8.

Геапалітыка — навука або метад спазнання, такое папулярнае слова, даволі часта яго выкарыстоўваюць палітыкі, у тым ліку — беларускія, але далёка не ўсе ведаюць яго сэнс. І я таксама ўжываў гэтае слова шмат гадоў, не ведаючы, пра што ідзе гаворка.

Дзякуючы, дарэчы, нашаму ворагу Аляксандру Дугіну я даведаўся пра геапалітыку больш, бо ён выдаў кнігу, якую сёй-той называе "Mein Kampf кіраўніцтва Расеі". Гэтая кніга — "Асновы геапалітыкі і геапалітычная будучыня Расеі". Але чым была яна цікавая? У гэтай кнізе было шмат першакрыніц, сусветных геапалітыкаў — брытанскіх, швэдскіх, нямецкіх, амэрыканскіх і гэтак далей. Можна было пра нешта даведацца. Пасля гэтага я прачытаў дзясяткі кніг аб геапалітыцы, мне спадабаўся такі аўтар, як Гэлфард Джон Макіндэр.

Гэта брытанец, якога ўважаюць за галоўны слуп геапалітыкі як навукі. Шмат аўтараў потым з ім палемізавалі, згаджаліся, не згаджаліся, але ягоны ўплыў быў каласальным не толькі на развіццё гэтай навукі, а наўпрост на падзеі. Бо Макіндэр быў прадстаўніком Антанты пры штабе Дзянікіна і меў вялікі ўплыў на падзел чатырох імперый, якія абрынуліся ў выніку Першай сусветнай вайны. Гэта вельмі незвычайная асоба. І мы, беларусы, жыхары Усходняй Еўропы, ведаем цытату менавіта Макіндэра, які казаў: «Хто дамінуе ва Усходняй Еўропе — той дамінуе ў Гартландзе. Хто дамінуе ў Гартландзе — той дамінуе над сусветнай выспай (гэта Еўразія і Афрыка), а значыць, дамінуе ва ўсім свеце».

І вось, бачыце, знаёмая нам карта, Беларусь знаходзіцца якраз у Міжмор'і. І Першая сусветная вайна ішла фактычна за гэтыя тэрыторыі.

КРЫНІЦА: LESZKEK MOCZULSKI, GEOPOLITYKA. POTĘGA W CZASIE I PRZESTRZENI, WARSZAWA, 2010 S.116

І мы бачым, што сёння хто-ніхто гаворыць пра Трэцюю сусветную вайну, і яна таксама ідзе за гэтыя тэрыторыі.

Ідэя Макіндэра, Гартланд, "сэрцавая зямля", "асяродкавая зямля", была ў тым, што ёсць тэрыторыі ў Еўразіі, якія не мелі выхаду да Атлантычнага акіяна, да Індыйскага акіяна і да Ціхага акіяна. І гэтыя тэрыторыі — гэта басейны рэк, якія або заканчваліся ва ўнутраных азёрах (як Каспійскае мора), або мелі выхад да Паўночнага акіяна.

Вось прыкладна гэтая тэрыторыя называецца Гартландам.

КРЫНІЦА: POLSKA. POCZET WŁADCÓW POLSKI, REDAKCJA MACIEJ KUS, WYDAWNICTWO KLUCZYŃSKI, 2010 S.70

Макіндер казаў, што гэта вельмі зручная тэрыторыя, з яе лёгка атакаваць ва ўсе астатнія куты Еўразіі, яе вельмі цяжка дастаць марскім дзяржавам. Ключавой марской дзяржавай шмат гадоў была Англія, затым Брытанія. І ён казаў, што народы, якія жывуць у Гартландзе, першапачаткова маюць перавагу перад усімі астатнімі. Макіндэр меркаваў, што гістарычна заўсёды так было, што калі ў Гартландзе (гэта зона стэпаў, паўпустэльняў у значнай ступені) не ставала ежы, бракавала корму для коней і вярблюдаў, для жывёлы, клімат мяняўся, была суша, людзі дастаткова хутка сядалі на вярблюдаў і коней і з пустэльні Гобі маглі лёгка патрапіць на тэрыторыю сучаснай Вугоршчыны, дзе таксама ёсць стэпы.

Макіндэр пісаў, што гэта закон прыроды. З Гартланда зазвычай ішлі напады на Кітай, дзе знаходзіцца зона мусонных дажджоў, ставала вільготнасці і была моцная цывілізацыя. На Індыю, нягледзячы на тое, што Гімалаі засланялі, але з боку Ірана можна было прасякнуць, а таксама на Блізкі Усход, дзе было мала вады і людзі навучыліся жыць з гэтым. Хаця там было Міжрэчча, самыя старажытныя цывілізацыі. Вядома, атакі ішлі і на Еўропу. Што да Еўропы, то гэта былі гуны, авары, цюркі, балгары, манголы. І потым Макіндэр кажа, што галоўным бэнэфіцыярам Гартланда стала Масковія, а затым Расейская імперыя. Мяне, як савецкага хлопчыка заўсёды вучылі, што мы, савецкія людзі (расейскія людзі), знаходзіліся шмат гадоў пад ярмом мангола-татараў, як гэта было дрэнна.

Але перыядычна праскоквалі ў школьнай праграме такія вершы, як у Аляксандра Блока, які казаў:

«Да, скифы — мы! Да, азиаты — мы! С раскосыми и жадными очами».

Пасля «перабудовы» з'явіліся кнігі такога папулярнага аўтара, як Леў Гумілёў, якога ўважаюць за аднаго з нэаеўразійцаў, і ён шчыра казаў: «А мы і ёсць Арда! Мы, Расея, і ёсць Арда». Ён сапраўды пра гэта заявіў.

КРЫНІЦА: LESZKEK MOCZULSKI, GEOPOLITYKA. POTĘGA W CZASIE I PRZESTRZENI, WARSZAWA, 2010 S.11

Выяўляецца, Маккіндэр яшчэ ў 1904 годзе ў сваёй працы "Геаграфічная вось гісторыі" сказаў, што Расея — пераемніца Мангольскай імперыі, у Расеі і знаходзіцца гэты Гартланд.

Давайце мы паглядзім на сённяшнюю сітуацыю. Я прааналізаваў рост і падзенне насельніцтва ў краінах Гартланда (а гэта 12 краін), а таксама ў Еўропе, Беларусі, Украіне з 1960 да сёння. Выявілася, што насельніцтва Беларусі вырасла ў 1,1 раза, а цяпер падае. У Расеі вырасла на 20 мільёнаў, збольшага — за кошт каўказскіх рэспублік і міграцыі. Насельніцтва Украіны практычна не вырасла. Насельніцтва балтыйскіх краін скарацілася. А вось насельніцтва Узбекістана вырасла ў 4 разы. Насельніцтва Таджыкістана вырасла ў 4 разы. Насельніцтва Ірана, які таксама з'яўляецца часткай Гартланда, вырасла ў 4 разы. Насельніцтва Казахстана — больш чым у 2 разы, але мы ведаем, што палова з іх— не мусульмане. Адбыўся вельмі вялікі рост насельніцтва ў Азербайджане, прыкладна ў 3 разы. У Кіргізстане — у 4 разы. Ці дзейнічае закон Макіндэра?

І калі мы паглядзім, то з 2010 да 2020 года якраз «нізкі шлях» быў уведзены ў дзеянне, з боку Ірана ішоў ціск на Ірак, пачаўся міграцыйны крызіс у Еўропе. Людзі старымі шляхамі праз Балканы памкнуліся ў Еўропу, у Нямеччыну.

Цяпер вайна ва Украіне. Глядзіце, прычарнаморскія стэпы заўсёды былі шляхам экспансіі для гэтых народаў. Можа быць, гэта ўжо трэці шлях, мы бачым, што пайшлі мігранты. Іх самалётамі завозілі, але кажуць, што апошнія мігранты, якія прарываюцца ў Польшчу і Літву, ужо ідуць з Расеі.

Гэта не значыць, што гэтыя людзі дрэнныя або нечым адрозніваюцца ад нас; мы таксама мігранты сёння ў Польшчы. Але гэта людзі іншай цывілізацыі, мы проста фіксуем факт. Мы памятаем, што калі гуны ішлі на Рым, то пачаўся рух народаў. Там былі готы, там былі вандалы, пад ціскам гунаў яны пайшлі на Рым, пайшлі ў Галію. Сёння сотні тысяч беларусаў з'ехалі са сваёй краіны, і гэта вынік ціску з Гартланда. Закон Макіндэра дзейнічае. Бо ў трох выпадках — гэта сапраўды ёсць, і мы не ведаем, можа, Швэцыя і Фінляндыя папрасіліся хутчэй у NATO, бо яны разумеюць, што могуць быць у іх праблемы.

Глядзіце, мы ведаем, што высахла Аральскае мора, што ў Таджыкістана з Кыргызстанам ды іншымі суседзямі вялізныя спрэчкі праз ваду, бо Таджыкістан будуе гідраэлектрастанцыі, вада не цячэ ўніз. І ёсць такая думка, што раскіданне Савецкага саюза адбылося менавіта праз дэмаграфічны выбух у Гартландзе. Масква ўжо не магла забяспечыць працай і ежай дзясяткі мільёнаў савецкіх мусульман. А праект перакідвання паўночных рэк з Арктычнага акіяна менавіта ў Сярэднюю Азію выявіўся вельмі дарагім і не спраўдзіўся. Тады казалі, што гэта лухта і навошта гэта рабіць, але гэта была спроба забяспечыць вадой рэгіён, дзе адбываецца найбольшы рост насельніцтва.

«Пытанне бяспекі нацыі Лукашэнка проста занядбаў»

Я казаў, што неўнікнёным будзе ўваход Беларусі ў Еўрапейскі звяз і NATO. Бо, глядзіце, сёння ў Расеі знаходзіцца паводле розных звестак ад 2 да 4 мільёнаў толькі грамадзян Узбекістана (агулам больш за 12 мільёнаў замежнікаў). Яны там знаходзяцца на працы, шмат хто ўжо стварыў сям'ю, перасяліўся. Уяўляеце, той Узбекістан, які быў на аднолькавым узроўні з намі… сёння значная частка насельніцтва ўжо знаходзіцца ў Расеі. Калі адбудзецца нейкі ўзброены канфлікт у Цэнтральнай Азіі, то мы атрымаем гэтую міграцыйную плынь, у тым ліку — праз беларускую тэрыторыю. Гэта будуць мільёны людзей. Мы не маем закона аб рэадмісіі з Расеяй, а жыхары Кіргізстана, Узбекістана, Таджыкістана не настолькі патрабавальныя, як жыхары краін Афрыкі і арабскіх краін, якія імкнуцца менавіта ў Нямеччыну. Калі гэтыя людзі прыедуць у Беларусь, то яны ўбачаць, што тамака можна жыць і працаваць. Магчыма, нам будзе патрэбная працоўная сіла, але калі гэта будуць 3-4 мільёны людзей іншай культуры, іншага веравызнання, то што з гэтым рабіць? Пытанне бяспекі нацыі, бяспекі краіны, Лукашэнка проста занядбаў.

Сёння краіна, якая з'яўляецца часткай Усходняй Еўропы, знаходзіцца ў Еўразійскім саюзе, фактычна — у Еўразійскім вайсковым звязе. Нам трэба будзе ад гэтага адыходзіць. У гэтым сэнсе Лукашэнка парушыў беларускую Канстытуцыю, у якой гаворыцца, што Беларусь імкнецца да статусу нэйтральнай дзяржавы. Але калі ён парушыў, то думаю, што становіцца нэйтральнай дзяржавай Беларусі ўжо няма сэнсу. Бо ўвесь час нам казалі: "фінляндызацыя Беларусі", "фінляндызацыя Украіны", калі Фінляндыя была партнёрам спачатку Савецкага саюза, потым Расеі, але Фінляндыя спакойна ўступіла ў Еўразвяз, а цяпер ужо выперадзіла Швэцыю і з'яўляецца часткай Еўраатлантычнага альянсу.

Вулічныя пратэсты ў Беларусі як чыннік геапалітыкі

Яшчэ хацеў закрануць пытанне: а што нам, беларусам, рабіць. Тым, хто знаходзіцца фактычна ў акупацыі ўнутры краіны і за яе межамі. У геапалітыцы існуе базавы канфлікт — паміж краінамі Сухазем’я і краінамі Мора. Мяркуецца, што краіны Мора (а гэта Злучаныя Штаты Амэрыкі, Вялікая Брытанія) — дэмакратычныя краіны, якія жывуць за кошт марскога гандлю. І ёсць кантынентальныя краіны, пра якія гавораць расейцы: «нэаеўразійцы». Той жа Дугін кажа, што іхня шлях — гэта не дэмакратыя, а ідэакратыя, гэта значыць фактычна таталітарная дзяржава, магчыма — азіяцкая дэспатыя. І вось гэты канфлікт існуе. Ішлі войны і заўсёды выкарыстоўвалася ўзбраенне для барацьбы на доле і для барацьбы ў моры. А потым з'явіліся самалёты, вайна перайшла ў паветра, потым ракеты, космас. І сёння кажуць, што геапалітычнае супрацьстаянне адбываецца ва ўсіх сфэрах. У інфармацыйнай сфэры, у тэлевізійнай, у радыйнай, у інтэрнэце, у галіне культуры.

І Беларусь, магчыма, захавала незалежнасць ды ідэнтычнасць менавіта дзякуючы журналістам і мэдыям, бо ў сфэры мэдый беларусы ўсё адно, асабліва са з'яўленнем інтэрнэту, чыталі незалежныя беларускія выданні, апошні час глядзяць відэа ў YouTube і там, на маю думку, мы маем перавагу перад рэжымнымі мэдыямі ды расейскімі. Сёння, знаходзячыся за мяжой, ніхто амаль не перашкаджае беларускім мэдыям працягваць сваю работу і ўплываць на свядомасць беларускага народа, а беларусам мець магчымасць чытаць іншыя крыніцы інфармацыі, чым расейскія мэдыі або лукашэнкавы. І гэтая барацьба адбываецца і сёння, можа адбывацца і заўтра.

Яшчэ хацелася б сказаць, што, як ні дзіўна, у Беларусі чыннікам геапалітыкі з'яўляюцца вулічныя пратэсты. Я належу да плыні тых людзей, якія разумелі важнасць вулічных акцый. У палітыцы і ў геапалітыцы лічыцца толькі сіла. Або ўзброеная сіла, або проксі-сіла. Калі ў Беларусі праходзілі Маршы Свабоды, адбываліся бойкі з міліцыяй, а ўжо ўсё ішло да паглынання нас Расеяй, то расейцы задумваліся, ці варта ім уваходзіць у Беларусь, бо яны вялі яшчэ вайну ў Чачэніі. І часта бэнэфіцыярам вулічных пратэстаў у геапалітычным сэнсе станавіліся людзі, якія гэтыя пратэсты не рыхтавалі, баяліся, абыходзілі. Напрыклад – Аляксандр Мілінкевіч. Я проста ведаю, як рыхтавалася Плошча-2006, ён, вядома, потым выявіў мужнасць, але спачатку ўсё рабіў, каб гэтай Плошчы не было. Потым пратэсты былі задушаныя, але Аляксандр Мілінкевіч атрымаў палітычную легітымнасць на Захадзе. Ён меў вельмі добрыя французскую і польскую мовы. Ён сустракаўся з прэзідэнтамі шэрагу краін, і адрозна ад сённяшняй лідэркі быў чалавекам дасведчаным, быў выкладчыкам, меў вельмі добрыя выступы ў мэдыях: інтэрв'ю BBC, Euronews і гэтак далей.

Аляксандр Мілінкевіч на Захадзе казаў, што гарантам незалежнасці Беларусі з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Я размаўляў з еўрапейскімі палітыкамі, яны пыталіся: “А што за дзіўнага лідэра вы маеце? Ездзіць па свеце і кажа, што трэба дапамагаць вашаму дыктатару». Гэта была праўда жыцця.

Пасля ў 2010 годзе былі пратэсты, але чалавек, які перамог на выбарах (я кажу пра Андрэя Саннікава, ён выходзіў у другі тур) ды іншыя кандыдаты апынуліся ў турмах, але была геапалітычная перамога Беларусі. З'явіліся новыя адукацыйныя праекты, вельмі шмат атрымаў рэсурсаў тады Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, потым была праграма, паводле якой тысяча беларускіх студэнтаў будзе атрымліваць падчас навукі стыпендыю сумай 1000 еўраў, пакуль яны вучацца. І я думаю, што гэтыя людзі некалі вернуцца ў Беларусь, і я сустракаўся з гэтымі людзьмі, якія вучыліся паводле гэтай праграме. Адначасова ў Польшчы шмат было зроблена і для «Белсату», была запрошаная «Хартыя-97» як сайт, іншыя мэдыі.

У 2020 годзе мы зноў сутыкнуліся з сітуацыяй, што чалавек, які казаў: «Я не буду заклікаць да пратэстаў, я гэтага баюся», у выніку стаў бэнэефіцыярам гэтых пратэстаў. Я мяркую, гэта не так дрэнна, што Святлана Ціханоўская сустракаецца з людзьмі ў свеце на вельмі высокім узроўні, падарожнічае, тэма Беларусі ёсць, проста вынікі маглі быць большымі. Але без пратэстаў нічога б не было.

Згадайце 2015 год, падстаўная Караткевіч, нібыта апазіцыянерка, людзі без выбару прагаласавалі, але пратэстаў не было, і яна не стала геапалітычным чыннікам.

«Аплаціце нашу таксоўку»: Расея паўтарае лёс СССР»

Калі падсумаваць, я хачу сказаць, што тэорыя вялікага Гэлфарда Макіндэра дзейнічае, на жаль. Нам трэба яе ўлічваць. Для таго, каб Беларусі захаваць сваю дзяржаву, захавацца як нацыі, трэба будзе выходзіць з Еўразійскай імперыі і станавіцца часткай Еўропы і часткай Еўраатлантычнай супольнасці. Беларусы, нават у сённяшніх не вельмі спрыяльных варунках, знаходзячыся ў Беларусі і асабліва за мяжой, могуць працягваць сваю дзейнасць дзеля таго, каб заставацца беларусамі і быць на нізкім старце, бо сітуацыя можа змяніцца ў кожны момант.

Я перажыў раскіданне Савецкага саюза, ніхто гэтага не чакаў, расейскія войскі былі значна далей: савецкія войскі ў Бэрліне, Манголіі, Кубе, Віетнаме, вайсковыя базы ў Сірыі. Але ўсё скончылася тым, што ўсё раскідалася, і яны звярнуліся да сваіх ворагаў, як казалі ў адным фільме: "Аплаціце нашу таксоўку".

Заплаціце нашым вайскоўцам, якія выйдуць з Нямеччыны, Польшчы, Чэхаславаччыны, Вугоршчыны. Дайце "кумпячкі Буша", бо няма чаго есці. Я думаю, што крыху ў іншым варыянце, але неўнікнёным будзе такі вынік для Расеі. Бо пачатак вайны быў выкліканы чым? Расея безнадзейна асталася ад сваіх геапалітычных канкурэнтаў. Калі яна была роўная калісьці з Кітаем у эканамічным сэнсе, сёння яна складае 1/10—1/12 эканомікі Кітая, 1/15 эканомікі Злучаных Штатаў, а калі параўнаць сумарна краіны NATO і Расею — то гэта 1/30 увогуле частка. Плюс сталы ціск з Цэнтральнай Азіі.

Сёння Расея спакваля з праваслаўнай дзяржавы становіцца мусульманска-праваслаўнай, што можа прычыніцца да канфлікту цывілізацый, пра які казаў іншы геапалітык Гангтынтан, і менавіта яшчэ таму, што большасць мігрантаў знаходзяцца ў сталічных гарадах і абласцях Расеі. Гэты ціск ідзе, адна з прычын нападу на Украіну была ў тым, што Расея хацела набраць новыя землі, атрымаць новых рабоў, новых грамадзян. Але сёння мы бачым, што Балтыйскае мора стала ўнутраным возерам NATO, а той жа расейскі вайсковы флот, які стаяў спакойна ў Севастопалі гадамі (нават падчас Майданаў), цяпер чамусьці скрануўся і невядома дзе знаходзіцца. Кажуць, часткова ў Новарасійску, часткова ў Феадосіі. Гэта ўжо геапалітычныя катастрафічныя вынікі вайны для Расеі.

"Спачатку — ЕЗ і NATO, затым — Балтыйска-Чарнаморскі звяз"

КРЫНІЦА: ІНТЭРНЭТ, HTTPS://CONT.WS/UPLOADS/PIC/2015/6/КАРТА%202%20(2).PNG

Балтыйска-Чарнаморскі звяз, Еўрапейская унія альбо NATO? Гэта карта дзяржаў, у якіх уладарыла дынастыя Ягайлавічаў у канцы XV-пачатку XVI стагоддзяў. Тады ў Вялікім княстве Літоўскім быў незалежны кіраўнік з дынастыі Ягайлавічаў, ягоны брат быў каралём Польшчы, яшчэ адзін брат быў каралём Чэхіі і Вугоршчыны, куды ўваходзіла Харватыя. І мы бачым дзяржавы, дзе кіравалі Ягайлавічы, а ў сярэднія вякі не было дзяржаў паводле нацыянальнай прыналежнасці, а менавіта дынастычныя. Вось прыкладна ад Мажайска да Дуброўніка былі дзяржавы, дзе кіравалі Ягайлавічы, большасць гэтых дзяржаў былі славянскія, хаця Вугоршчына не зусім, але ў яе складзе была таксама частка Харватыі. І гэта фактычна тое ж самае Трохмор'е, пра якое мы гаворым. Але потым гісторыя распарадзілася інакш, дамінантнай дынастыяй, на жаль, не сталі Ягайлавічы, а сталі Габсбургі. Хаця мы ведаем, што ў каралеўскіх дварах цэлай Еўропы і сёння ёсць кроў Ягайлавічаў. Гэта, вядома, можа цешыць наша самалюбства, што так заўсёды было, тры моры, вось яно — ABC (рэгіён, размешчаны паміж Адрыятычным, Балтыйскім і Чорным морамі — заўвага).

Але пытанне — хто будзе плаціць за Балтыйска-Чарнаморскі звяз. Бо Украіна імкнецца ў NATO і ЕЗ, астатнія краіны, якія мы хацелі б бачыць часткай Балтыйска-Чарнаморскага звязу, ужо там. І, напрыклад, я ведаю, што кіраўнікі Эстоніі, калі ім казалі, што Эстонія стане часткай Балтыйска-Чарнаморскага звязу (гэта ішло ад часткі ўкраінскіх палітыкаў), сказалі: «Не. Для нас прыярытэт Еўразвяз і NATO». Безумоўна, магчыма, гэтая ідэя будзе рэалізаваная, але калі Беларусь разам з Украінай стане часткай Еўразвязу і NATO, а там з’явіцца Балтыйска-Чарнаморская група, як сёння існуе Вышаградская група або ў палітыцы выяўляецца Ваймарская група.

Таму я кажу, што мы маем увайсці ў Еўразвяз і NATO, здагнаць нашых суседзяў, перайсці на вайсковыя стандарты. Бо нашы абаронныя прадпрыемствы паводле якіх стандартах зброю вырабляюць? Калі яны будуць выркбляць расейскую зброю, значыць, мы застанёмся часткай Еўразійскай імперыі.

"Сілы NATO могуць увайсці ў Беларусь"

Найбліжэйшым часам перспектывы Беларусі няважныя, бо ўсякі канфлікт на Каўказе або ў Цэнтральнай Азіі прычыніцца да плыні ўцекачоў. Я вам хачу сказаць: сапраўды, небяспека вельмі сур'ёзная. Напрыклад, вядомы амэрыканскі геапалітык, стратэг, палітык Збігнеў Бжэзінскі, ужо, на жаль, нябожчык, прадказваў, што перад ударам па Украіне першай будзе захопленая Беларусь, а Захад нічога не будзе рабіць. Гэта было ягонае прадказанне. Дзякуй Богу, першы ўдар прыняла Украіна, але што можа здарыцца з Беларуссю — пытанне вельмі вострае.

І тут я дыскутую з Андрэем Саннікавым, маім сябрам, і кажу: «У цэлым жа няблага, што Ціханоўская ездзіць па свеце, нехта з ёй сустракаецца». Ён кажа: “Але калі Пуцін захопіць Беларусь, ці будзе Захад нешта рабіць у гэтай сітуацыі? Ці зможа такая слабая лідэрка, якая не паказала сябе падчас рэвалюцыі, нешта зрабіць у іншай сітуацыі? Мы мелі вялікія спадзяванні на полк Каліноўскага, менавіта на палітычную частку палка Каліноўскага, што яны маглі стаць такім цэнтрам як у дэ Голя. Хлопцы ваююць, шмат людзей загінула, яны героі, але кіраўніцтва не змагло стаць вайскова-палітычным цэнтрам, што проста неабходна ў нашай сітуацыі. Але я спадзяюся, што ў самы дрэнны момант адбудзецца аб'яднанне ўсіх сіл, якія будуць ахвочыя дзейнічаць, а гэта значыць — абараняць Беларусь са зброяй у руках. Ёсць яшчэ такі момант, што, магчыма, нам у пэўных варунках давядзецца паводзіцца інакш. Я мяркую, што ў пэўны момант сілы NATO (падобныя да міратворчых сілаў KFOR) могуць увайсці ў Беларусь.

КРЫНІЦА: HTTPS://EL—MURID.LIVEJOURNAL.COM/5166549.HTML

Але гэтую работу трэба праводзіць. А сітуацыя вельмі і вельмі небяспечная сёння, не ведаю, што будзе праз 30-40 гадоў. Калі Беларусь стане нармальнай, мы ўвойдзем у Еўразвяз, NATO і паставім ракеты на мяжы, то, магчыма, будзе як у часы Стэфана Баторыя, які адбіў арду Івана Жахлівага і адкінуў іх за Смаленскую браму. 70 гадоў Расея ў наш бок не вельмі глядзела. Яна займалася Уралам, Сібірам і поўднем. Магчыма, нам выпадзе разам (як часткі Захаду, як часткі Еўропы) спыніць гэты наступ сёння, і будзе іншая сітуацыя. Але трывога за лёс краіны, безумоўна, існуе.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках