26 красавiка 2024, Пятніца, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку чакае лёс ваенных злачынцаў

9
Лукашэнку чакае лёс ваенных злачынцаў
ФОТА: GETTY IMAGES

Польскі адвакат расказаў, як будуць судзіць паслугачоў дыктатара.

У Польшчы адным з адвакатаў пацярпелых выступае Томаш Віліньскі. «Салідарнасць» паразмаўляла з ім пра гэтыя справы і ягонае стаўленне да Беларусі і беларусаў.

- Адзін з маіх кліентаў - польскі журналіст Кацпер Сініцкі. У Фрунзенскім РУУС Менска яго моцна збілі толькі за тое, што ён паляк: «Вы, палякі, прыехалі нам тут краіну разбураць. Чаго вы сюды прыпёрліся?» - казалі яму. З затрыманымі ў гэтым РУУС абыходзіліся горш, чым з жывёламі. Іх катавалі некалькі гадзін запар, - дзеліцца Томаш Віліньскі.

У некалькіх краінах у рамках механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да беларускіх уладаў і сілавікоў, якія парушылі законы пасля падзей 2020 года.

- Я вяду некалькі крымінальных расследаванняў злачынстваў, учыненых адміністрацыяй Лукашэнкі, - кажа Віліньскі. - У рамках універсальнай юрысдыкцыі могуць разглядацца справы, калі гаворка ідзе пра злачынствы супраць чалавечнасці: генацыд, масавае збіццё, катаванні, міжнародным тэрарызм.

Цяпер я ўдзельнічаю ў дзясятцы такіх працэсаў у Польшчы і двух за мяжой. Агулам =, толькі ў нас распачата некалькі дзясяткаў такіх спраў, яшчэ большая колькасць знаходзіцца ў стадыі распачынання. Цяпер у Літве таксама вядзецца некалькі разбіральніцтваў, пра якія мне вядома. Зразумела, што гэтыя судовыя разборы пакрыты таямніцай следства.

Перад Новым годам я падаў у пракуратуру яшчэ адзін запыт аб выдачы доказаў і працэсуальную заяву з указаннем дакладных звестак і выяў яшчэ каля дзясятка асоб, якія катавалі людзей, збівалі, гвалтаванні і г.д.

Гэтыя працэсы, вядома, зоймуць шмат часу, але я ўпэўнены, што вінаватыя будуць пакараныя, усё, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, які ўзначальвае арганізаваную ўзброеную злачынную групоўку.

- У працэсе следства вам даводзіцца неяк узаемадзейнічаць з беларускай стараной?

- Так, беларуская старана не адказвае на нашы запыты, спасылаючыся на тое, што яна не выдае дакументы ў гэтых справах. Следчыя органы не хочуць супрацоўнічаць, але гэта нас не здзіўляе.

- Хто вашыя кліенты?

- Маімі кліентамі з'яўляюцца ў асноўным грамадзяне Беларусі, але, вядома, я таксама прадстаўляю палякаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Адзін з маіх кліентаў - журналіст Кацпер Сініцкі, які прайшоў усе колы пекла ў першыя дні пратэстаў.

Некаторыя мае кліенты былі параненыя, атрымалі калецтвы і нават засталіся інвалідамі.

Таксама я прадстаўляю інтарэсы шэрагу беларускіх апазіцыянераў, якія актыўна змагаюцца з рэжымам.

- Вы сказалі, што напярэдадні падалі ў пракуратуру яшчэ адзін запыт аб выдачы доказаў і працэсуальную заяву з указаннем дакладных звестак і выяў блізу дзясяці асоб, якія катавалі людзей.

Як удаецца ўстанаўліваць тых, хто мае дачыненне да злачынстваў? Бо яны не прадстаўляюцца ахвярам і часта нават хаваюць твары.

- Я не магу казаць пра дэталі таго, як збіраюцца доказы. Але ёсць вельмі шмат людзей, здольных апазнаць злачынцаў. Можна атрымаць афіцыйную інфармацыю аб выдадзеных загадах, складзе падраздзяленняў, удзеле канкрэтных афіцэраў у аперацыях.

Таксама на беларускім баку ёсць людзі, якія дапамагаюць выяўляць асоб, якія ўчынілі злачынствы. Сярод такіх у тым ліку ёсць нават тыя, хто працуюць з імі! Але яны таксама хочуць змен палітычнай сістэмы ў Беларусі і асуджэння злачынцаў.

- Вы сачылі за падзеямі ў Беларусі ў 2020 годзе? Што вас злучае з нашай краінай? І чаму вы ўзяліся прадстаўляць ахвяр беларускага рэжыму?

- Я сачыў за падзеямі жніўня 2020 года і практычна адразу заняўся справамі аб затрыманні. Ужо 14 жніўня 2020-га падаў першую заяву аб учыненых злачынствах. Я з'яўляюся барыстэрам, магу займацца пытаннямі міжнароднага публічнага і крымінальнага права, таму займаюся справамі ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэта натуральна для маёй кваліфікацыі.

Акрамя таго, з беларусамі мяне звязваюць асабістыя стасункі, у мяне шмат сяброў і калег у Беларусі. Я ведаю шмат вашых спартоўцаў, мы нават разам ездзілі на чэмпіянаты.

- Якім вы бачыце далейшае развіццё падзей у нашай краіне, у тым ліку ў сувязі з вайной ва Украіне? Як будзе працягвацца следства ў распачатых справах?

- Вайна ва Украіне замарудзіла ход разбораў, але гэта не азначае, што справы не разглядаюцца. Наадварот, выдача беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну з'яўляецца, сама меней, дапамогаю, не кажучы ўжо пра суўдзел у злачынствах.

Я думаю, што вайсковых камандзіраў павінен судзіць міжнародны трыбунал дзе-небудзь у Ялце, Адэсе ці Кіеве. Аляксандра Лукашэнку чакае такая ж будучыня, як і астатніх злачынцаў. Ёсць толькі адна прычына, якая можа пазбавіць яго ад суда ці трыбунала - смерць.

Але судзіць будуць не толькі правадыра Беларусі. Таксама і, перш за ўсё, усю яго адміністрацыю, у тым ліку вышэйшых чыноўнікаў, міністраў, сілавікоў і, як я ўжо казаў, вайскоўцаў-камандзіраў.

Зразумела, што яны будуць спрабаваць хавацца, неяк пазбегнуць пакарання. Але Радаван Караджыч, Ёвіч Станішыч, Франка Сіматовіч, Слабадан Мілошавіч — яны таксама хацелі пазбегнуць трыбунала.

- Шмат беларусаў сёння стаміліся ад барацьбы, расчараваліся, замкнуліся ў сабе. Што б вы ім сказалі?

- Расчаравацца і супакоіцца - самая найгоршая сітуацыя. Але здавацца нельга. Сітуацыя ў Беларусі нагадвае Польшчу пачатку 1980-х гадоў і дзейнасць руху «Салідарнасць».

Беларусь - жаночага роду, і, мне здаецца, менавіта жанчыны зменяць Беларусь. Я веру ў свабодную Беларусь і ў тое, што вінаватыя ў злачынствах будуць асуджаныя ў міжнародных судах.

- Хто з беларускіх жанчын вас уразіў?

- Лідары вашай апазіцыі, а таксама ўсе жанчыны, якія не баяліся і не баяцца пратэставаць і змагацца супраць рэжыму Лукашэнкі.

Польшча, Літва, Беларусь і Украіна маюць агульную гісторыю. Мы - адна сям'я, за якую павінны змагацца разам.

У вас ёсць моцная апазіцыя на Захадзе. Яны здольныя ажыццявіць змену ўлады ў Беларусі і вярнуць краіну беларускаму народу. Іх трэба падтрымаць, трэба сабраць доказы ўсіх злачынстваў, учыненых рэжымам, і паказаць усяму свету, што Беларусь — краіна надзеі і перамен.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках