«Няма табу»: Нідэрланды заявілі аб перадачы Украіне знішчальнікаў F-16
16- 20.01.2023, 14:04
- 15,712

Кіеву дастаткова папрасіць аб гэтым.
Кабінет міністраў Нідэрландаў разгледзіць магчымасць пастаўкі знішчальнікаў F-16 Украіне, калі пра гэта папросіць кіеўскі ўрад. Такую заяву агучыў падчас парламенцкіх дэбатаў міністр замежных спраў Вопку Хукстра.
З ягоных слоў, кабінет разгледзіць такі запыт «непрадузята», і на пастаўку абсталявання «няма табу», паведамляе NL Times.
Прадстаўнік партыі «Дэмакраты 66» Серд Сердсма звярнуўся да ўрада Нідэрландаў з просьбай паставіць F-16 і баявыя машыны пяхоты для УСУ.
Падчас парламенцкіх дэбатаў Хукстра сказаў, што Кабінет міністраў Нідэрландаў разгледзіць магчымасць пастаўкі знішчальнікаў F-16 ва Украіну, калі пра гэта папросіць украінскі ўрад.
З ягоных слоў, Нідэрланды адпраўляюць толькі тыя тавары, якія запытвае Украіна. Кіеву цяпер у першую чаргу трэба цяжкае ўзбраенне.
У Давосе міністр абароны Кайса Алангрэн таксама заявіла, што Нідэрланды гатовыя дапамагчы аплаціць сучасныя танкі Leopard 2, якія іншыя краіны адпраўляюць ва Украіну.
«Гэта, безумоўна, тое, што мы гатовыя зрабіць», – сказала яна Bloomberg.
Што такое F-16
General Dynamics F-16 Fighting Falcon (у перакладзе «баявы сокал», названы так у гонар талісмана Вайскова-паветранай акадэміі ЗША ў Каларада Спрынгс) - амерыканскі шматфункцыянальны лёгкі знішчальнік чацвёртага пакалення, піша Вікіпедыя.
Распрацаваны ў 1974 годзе кампаніяй General Dynamics. Перададзены ў эксплуатацыю ў 1978 годзе.
F-16, дзякуючы сваёй універсальнасці і адносна невысокаму кошту з'яўляецца самым масавым знішчальнікам чацвёртага пакалення і карыстаецца поспехам на міжнародным рынку ўзбраенняў.
Знішчальнік стаіць на ўзбраенні 25 краін, на 2019 год з'яўляўся самым распаўсюджаным баявым самалётам у свеце.
Мадэрнізаваны F-16 працягвае вырабляцца на экспарт.