20 красавiка 2024, Субота, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Толькі жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі вызваляць палітвязняў

18
Толькі жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі вызваляць палітвязняў
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Трэба прадаўжаць ціск.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна выступіла на Польскім эканамічным форуме, які называюць усходнееўрапейскім Давосам, на панэлі «Расея і Беларусь перад абліччам санкцый». Падаем поўны тэкст выступу:

«Эканамічныя, сектаральныя санкцыі супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі неабходна прадаўжаць і ўзмацняць. Варта нагадаць, што ў дачыненні да Беларусі санкцыі ўведзеныя з дзвюх прычынаў. У першую чаргу міжнародныя абмежавальныя захады ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі сталі ўводзіцца за фактычны захоп улады ў 2020 годзе, жорсткі ўціск пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, забойствы мірных дэманстрантаў, развязаны супраць насельніцтва тэрор, тысячы палітвязняў, якія церпяць пакуты ў беларускіх турмах. І тут трэба адзначыць, што марудлівасць, з якой Захад уводзіў эканамічныя санкцыі, амаль год абмяжоўваючыся нязначнымі персанальнымі візавымі санкцыямі, прывяла да эскалацыі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і ўчынення Лукашэнкам фактычнага тэрарыстычнага акта з прымусовай пасадкай самалёта з блогерам на борце. Урэшце рэжым Лукашэнкі стаў суўдзельнікам вайны, даўшы беларускую тэрыторыю расейскім войскам для ўварвання ва Украіну.

Санкцыі супраць дыктатураў неабходна ўводзіць своечасова, не чакаючы пакуль яны пачнуць пагражаць бяспецы суседніх краінаў і ўсяму рэгіёну.

Сёння таксама важна ўзмацняць санкцыі як у дачыненні да Беларусі, так і ў дачыненні да Расеі. Важная сінхранізацыя пакетаў санкцыяў, уведзеных супраць гэтых рэжымаў. Пакуль, на жаль, абмежаванні ў дачыненні да Беларусі слабейшыя, што дазваляе рэжыму Пуціна абыходзіць іх праз тэрыторыю Беларусі. Важна таксама ўважліва сачыць за выкананнем санкцыйнага рэжыму, а таксама ўводзіць другасныя санкцыі ў дачыненні да краінаў, праз тэрыторыю якіх ідуць пастаўкі забароненых тавараў у Расею і Беларусь. Грузія, Сербія, Казахстан і іншыя дзяржавы павінны несці адказнасць, калі дапамагаюць дыктатурам Пуціна і Лукашэнку абыходзіць санкцыі ЕЗ і ЗША.

Уплыў санкцый на сітуацыю ў Беларусі велізарны і, я ўпэўнена, яны здольныя істотна змяніць сітуацыю ў краіне. Самыя маштабныя за ўсю гісторыю Беларусі санкцыі ўдарылі па ўсіх галінах эканомікі. Флагманы беларускай прамысловасці – прадпрыемствы «Беларуськалій», «Гродна Азот», Менскі трактарны завод, нафтаперапрацоўчыя заводы ў Наваполацку і Мазыры – адчуваюць вялікія цяжкасці, вымушаныя скарачаць вытворчасць, не могуць рэалізоўваць прадукцыю. Ідуць масавыя скарачэнні персаналу, заробкі падаюць і затрымліваюцца. Незадаволенасць людзей расце і віну за развал эканомікі людзі ўскладаюць выключна на рэжым Лукашэнкі, які ўважаюць у сутнасці за акупацыйны. Нянавісць да нелегітымнай улады, за якую не галасавала пераважная большасць насельніцтва, толькі расце на фоне тэрору, што адбываецца ў краіне, блізкага да генацыду.

Рэжым таксама разумее сілу санкцыяў і сёння спрабуе ўвесці Захад у зман паказальнымі акцыямі. Раптам Лукашэнка загаварыў пра «амністыю», але колькі будзе вызвалена палітвязняў? Ні ў якім разе нельга зноўку дапусціць гандаль людзьмі, нельга аслабляць санкцыі пакуль не будуць вызваленыя ўсе вязні сумлення. Калі будуць вызваленыя не дзесяць, не сто, а ўсе палітвязні – а іх сёння Беларусі ў рэальнасці ад трох да пяці тысячаў чалавек – толькі тады магчымае частковае зняцце санкцый. Адначасова з вызваленнем вязняў сумлення павінен быць спынены палітычны тэрор і разблакаваныя ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Сёння ўсе задаюцца пытаннем, як спыніць Пуціна. Я ўпэўненая, што падзенне рэжыму Лукашэнкі можа прывесці да падзення рэжыму Пуціна. Давайце паглядзім на мапу, усвядомім стратэгічнае значэнне Беларусі і пачнем сур'ёзна працаваць. Калі знікне прарасейскі марыянетачны дыктатарскі рэжым Лукашэнкі – знікне і пагроза бяспецы не толькі Украіны, але і Польшчы і краінаў Балтыі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках