27 красавiка 2024, Субота, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сакрэтная зброя беларусаў

8
Сакрэтная зброя беларусаў

Камбайны супраць аўтазакаў.

У мінулым месяцы скончылася жніво збожжавых культур. Як прынята ў кожнай антыўтопіі, уяўная прадукцыйнасць становіцца адной з галоўных тэм выпускаў вечаровых навін, дзе кіраўнікі з гонарам называюць завоблачныя лічбы, якія ніхто і ніколі не запамінае. Танаж гэтага года, мінулага, пяць гадоў таму - усё адно. Лічбы лёгка мяняюцца і называюцца тыя, якія зручна агучыць цяпер.

Не забываюць у навінах распавесці і пра самыя «высокія» заробкі, якія нібыта атрымліваюць камбайнеры, але, калі справа даходзіць да гутарак з працоўнымі, прыходзіць усведамленне, што пякельная праца ў полі павінна шанавацца значна вышэй.

У сярэднім, беларускі камбайнер у перыяд жніва атрымлівае больш за 2 000 рублёў - як і ўсюды выплаты залежаць ад стажу і сярэдняга намолу за дзень. Пачуўшы такую навіну з прапагандысцкага канала, можа стварыцца ўражанне, што ў сельскай гаспадарцы добрыя заробкі і нібыта, узровень жыцця павінен быць лепшы, але на выхадзе мы маем 15-гадзінны працоўны дзень і месячную перапрацоўку амаль удвая. Дадаткам да гэтага становіцца невыносная спякота, якая з'яўляецца непазбежнай умовай працы.

Забываецца таксама той факт, што такі заробак у працоўных толькі падчас жніва. Гэта значыць, за гэты час працы ў інтарэсах працоўных зарабіць ледзь не на ўвесь астатні год, бо заробак па-за жнівом складае ўсяго толькі 400 рублёў да выліку падатку.

У гэтым годзе працоўныя сутыкнуліся таксама з наступствамі санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Рэч у тым, што «беларускія» камбайны найноўшых мадэляў складаюцца ў асноўным з заходніх дэталяў. Да прыкладу: у самых папулярных мадэлях GS12, GS10 і навейшых на беларускіх палях усталяваныя амерыканскія рухавікі Cummins і, адпаведна, усе заходнія сістэмы кіравання, пачынаючы ад бартавога кампутара і заканчваючы джойсцікамі кіравання. Нават змазачныя сістэмы ў лінейцы камбайнаў належаць нямецкай кампаніі ALS Schmiertechnik GmbH & Co.KG. У выпадку паломкі зараз гэтыя запчасткі немагчыма замяніць, а знос абсталявання проста непазбежны пры перапрацоўках і машын, і чалавека-гадзін. Таму бераглі камбайны, як зрэнку вока, і часта звярталіся нават да выкарыстання больш старых мадэляў, каб не ламаць новыя.

Беларускае жніво - гэта беспрэцэдэнтнае парушэнне нормаў працоўнага часу, умоў працы і яго аплаты. Камбайнеры, якія атрымліваюць годны заробак толькі раз на год, а ў астатні час вымушаныя бадзяцца ў пошуках падпрацоўкі, могуць апынуцца ў першых шэрагах будучых пратэстаў у Беларусі, якія абавязкова пачнуцца. Беларускі пратэст можа папоўніцца чарговым выдатным выпадкам: камбайн супраць аўтазака. І тут смела можна ставіць на магутную машыну, якой кіруе сапраўдны смелы беларус.

Арцём Чэрнікаў, адмыслова для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках